Папа Бэнэдыкт 16 з візітам у італьянскім горадзе Лорэто
У суботу 1-га верасьня, каля гадзіны 16.10 Сьвяцейшы Айцец адправіўся на верталёле
ў Лорэто, каб сустрэцца з італьянскаю моладдзю. Аднак на гэту сустрэчу са Сьвятым
Айцом прыбыла моладзь з іншых краін, у тым таксама з Беларусі. У гэты момант,
калі ідзе ў эфір наша праграма, Папа мае малітоўную сустрэчу з моладдзю на лугах Монторсо,
ў часе якой будзе адказваць на пытаньні маладых людзей. Пасьля малітоўнае сустрэчы
з моладдзю Сьвяцейшы Айцец наведае Санктуарый Лаўрэтанскае Багародзіцы, ў якім засяродзіцца
на малітве. Нядзелю 2-га верасьня Бэнэдыкт 16 пачне Сьвятою Імшою для моладзі на
лугах Монторсо, якая пачнецца а гадзіне 10.30 паводле беларускага часу. У часе гэтага
набажэнства Папа будзе мець казаньне. Пасьля Літургіі адгаворыць таксама Багародзічную
малітву “Анёл Гасподні”. А гадзіне 17-й, паводле італьянскага часу, Сьвяцейшы Айцец
сустрэнецца з вернікамі Лорэто, перад Санткуарыям Лаўрэтанскае Багародзіцы, да якіх
зьвернецца з пастырскім словам. Пасьля гэтае сустрэчы Папа Бэнэдыкт 16 вернецца
да сваёй летняй рэзыдэнцыі ў Кастэльгандольфо блізка Рыму. Такім чынам закончыцца
візіт Папы у Лорэто. Больш вестак з гэтага паломніцтва Сьвяцейшага Айца мы будзем
перадаваць у нашай праграме ў панядзелак 3-га верасьня.