2007-09-01 10:15:16

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус- - працяг


Паміж хрысьціянскім Усходам i Захадам у моўным пытаньні існавала вялікая розьніца. Тэарэтычна на Ўсходзе ўсе мовы маглі быць літургічнымі, г. зн. прыдатнымі для богаслужэньняў. Ha практыцы ўсходнія (і паўднёвыя) славяне традыцыйна карысталіся царкоўнаславянскай. Асабліва трымаліся гэтай мовы расейцы і, можна падазраваць, ня толькі з рэлігійных меркаваньняў: адна вонкавая моўная форма рабіла ўражаньне нутранога адзінства трох народаў – расейскага, украінскага i беларускага. Першымі выламаліся з гэтага “адзінства” ўкраінцы: пасьля Першай сусьветнай вайны яны абвясьцілі Ўкраінскую Аўтакефальную Праваслаўную Царкву i ўвялі богаслужэньні на ўкраінскай мове. Перад Другой сусьветнай вайной у Польшчы спрабавалі стварыць “праваслаўных палякаў” з польскай мовай у богаслужэньнях.
Такім чынам, як i ўсё іншае, моўнае пытаньне ў Царкве мае свой палітычны аспэкт, якім часам злоўжываюць. Гэта ня значыць, што няма важкіх меркаваньняў пастырскага i духоўнага парадку на карысьць увядзеньня народных моваў. Сьвяты Павал сказаў: “Буду маліцца духам, але буду маліцца i розумам; буду пяяць духам, але таксама буду пяяць розумам” (1 Kap 14:15). Многія ўжо даўно адчувалі праўду гэтых словаў. Адным зь ix быў аўтар гэтых радкоў, які, вярнуўшыся з Рыму ў 1959 годзе, узяўся за пераклад на беларускую мову Літургіі сьв. Яна Залатавуснага. У 1961 годзе ён паказаў свой пераклад біскупу Сіповічу і айцу Гарошку. Тыя адрэагавалі ня надта прыхільна. Давялося схаваць пераклады ў шуфляду i чакаць спрыяльнейшых часоў... У 1967 годзе айцец Гарошка выдаў на беларускай мове кнігу чытаньняў эвангельскіх i апостальскіх на нядзелі i сьвяты. Ад 1960 году беларуская мова часткова ўжывалася ў царкве Хрыста Спаса ў Чыкага.
Айцы Сабору на трэцяй сэсіі, якая скончыла сваю працу 21 лістапада 1964 году, прынялі надзвычай важныя дэкрэты: “Аб Царкве”, “Аб Усходніх Цэрквах” i “Аб Экумэнізьме”. Апошні зь іх запачаткаваў новыя дачыненьні між Каталіцкай Царквой ды іншымі хрысьціянскімі цэрквамі ў пошуках еднасьці. Ягонаму прыняцьцю папярэднічала пілігрымка Сьвятога Айца 4–6 студзеня 1964 году ў Сьвятую Зямлю i гістарычная сустрэча з Канстантынопальскім патрыярхам Атэнагорам I. Яны сустрэліся на зямлі, па якой некалі хадзіў сам Госпад Ісус Хрыстос.
Ha сэсіі не абышлося i без узрушальных падзеяў. Адна зь ix – патрыяршая Літургія сьв. Яна Залатавуснага ў дзень гэтага сьвятога, 13 лістапада, у базыліцы сьв. Пятра ў прысутнасьці Сьвятога Айца. Служыў патрыярх Антыяхійскі Максім IV у саслужэньні з многімі біскупамі. Сярод ix быў i біскуп Сіповіч, які пакінуў наступнае апісаньне ў сваім дзёньніку: «Пасьля сьв. Літургіі Папа прынёс тыяру (папская мітра ў форме патройнай кароны. – А.Н.) і паставіў яе на аўтары ля нашага эвангельля. Ахвяраваў яе бедным. Бачыў некаторых усхваляваных да сьлёз, іншыя пляскалі ў далоні. Лічу – гэта падзея перарастае сымболіку дапамогі бедным: гэта пачатак новай эры ў Царкве, эры беднасьці ў духу Хрыста».
У нядзелю 21 сакавіка 1965 году ў Лёндане біскуп Сіповіч пасьвяціў у чытальніка i іпадыякана Рабэрта Тамушанскага. Была трэцяя нядзеля Вялікага Посту, якая ў бізантыйскім абрадзе называецца Крыжапаклоннай. Пасьвячаньне ў іпадыякана – падзея ў сабе не асабліва вялікая, але для беларускай грэка-каталіцкай грамады яна мела асаблівае значэньне. Біскуп Сіповіч зрабіў такі запіс у дзёньніку: «Ад непамятных гадоў беларускі біскуп у беларускай сьвятыні высьвяціў беларускага кандыдата ў сьвятары! Сам кандыдат робіць на ўсіх як найлепшае ўражаньне. Pеr crucem ad lucem! (Праз крыж да сьвятла. – А.Н.) Наш народ ідзе праз мукі і цярпеньні да лепшай будучыні. Сяньня аддаем чэсьць сьв. Крыжу: каб з Хрыстом валадарыць, трэба наважыцца перш цярпець».
16 чэрвеня 1965 году споўнілася 25 гадоў сьвятарства біскупа Сіповіча. Гэты дзень ён сустрэў у Злучаных Штатах Амэрыкі, дзе як генэрал марыянаў праводзіў кананічную візытацыю іхных кляштараў. Ён прыляцеў 15 траўня i вылецеў 28 жніўня ў Партугалію на візытацыю марыянскага кляштара ў Бальсамао. Вярнуўся ў Рым (празь Лёндан) толькі 13 верасьня, за дзень да пачатку сэсіі Сабору. Перад гэтым ад 17 сакавіка да 25 красавіка біскуп праводзіў візытацыю марыянскіх кляштараў у Англіі. У 1965 годзе пяць месяцаў з васьмі перад сэсіяй Сабору біскуп Сіповіч займаўся марыянскімі справамі. Такім чынам, на іншыя абавязкі яму заставалася вельмі мала часу.
У Злучаных Штатах Амэрыкі біскуп Сіповіч пачаў сваю кананічную візытацыю ў Чыкага. Ён зрабіў гэта сьведама, бо беларуская парафія Хрыста Спаса ў гэтым горадзе сьвяткавала дзесяць гадоў свайго існаваньня. Біскуп знайшоў крыху часу, каб адарвацца ад марыянскіх справаў, адслужыць біскупскую Літургію для беларусаў i перадаць папскае блаславеньне.
У чэрвені біскуп адведаў беларусаў у Канадзе. У нядзелю 13 чэрвеня пасьля Літургіі ладзіўся прыём, на якім вітаў біскупа праваслаўны сьвятар, айцец Міхась Мацукевіч, у будучыні біскуп Мікалай Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. У наступную нядзелю, 20 чэрвеня, Каталіцкае Ўнівэрсытэцкае Аб’яднаньне “Рунь” наладзіла ў Нью-Ёрку прыём у гонар біскупа Сіповіча, каб адзначыць срэбны юбілей ягонага сьвятарства.
Біскуп Сіповіч стараўся як найлепш сумясьціць абавязкі апостальскага візытатара для беларусаў i генэрала марыянскага закону, але гэта не заўсёды яму лёгка давалася. Для прыкладу, палякі зьбіраліся адзначыць у 1966 годзе 1000-годзьдзе хросту Польшчы. У сувязі з гэтым старшыня Цэнтральнага камітэту сьвяткаваньня біскуп Уладыслаў Рубін напісаў 28 студзеня 1965 году біскупу Сіповічу наступны ліст: «Ад імя Цэнтральнага камітэту сьвяткаваньня Тысячагодзьдзя Хросту Польшчы... маю гонар прасіць Вашую Эксцэленцыю, як Генэральнага Старэйшага Айцоў Марыянаў, прыняць сяброўства ў Ганаровым Камітэце гэтага ж Тысячагодзьдзя»127.
Сіповіч адказаў 19 лютага: «У адказ на ліст за 28.1.1965... паведамляю, што прапанаваны мне гонар сяброўства ў Ганаровым Камітэце Сьвяткаваньня Тысячагодзьдзя Хросту Польшчы, на жаль, не магу прыняць. Ёсьць розныя прычыны маёй адмовы: найважнейшая – гэта тая, што ў выпадку, калі б я прыняў прапанаваны мне гонар, хоць бы чыста ганаровы, прадбачу цяжкасьці ў выкананьні маіх абавязкаў Візытатара для Беларусаў, якія спаўняю з волі Апостальскага Пасаду разам са становішчам Генэрала закону марыянаў»128.
У верасьні біскуп Сіповіч ляцеў зь Лісабону ў Рым празь Лёндан, бо хацеў узяць з сабою свайго старога настаўніка, айца Язэпа Германовіча, каб той змог пабачыць, як працуе Сабор. Айцец Язэп правёў у Рыме некалькі тыдняў; ён прысутнічаў на паседжаньнях Сабору як “сакратар” біскупа.








All the contents on this site are copyrighted ©.