2007-08-18 13:18:52

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус.
Год 1963 выдаўся багаты на падзеі. 22 студзеня памёр кардынал Годфрэй, архібіскуп Ўэстмінстэрскі. Кансэрватыўны ў сваіх поглядах i асьцярожны з натуры, вонкава стрыманы, гэта быў чалавек вялікай дабрыні i спагадлівасьці. Біскуп Сіповіч шмат у чым зь ім не пагаджаўся, але заўсёды з удзячнасьцю памятаў яго дапамогу i добрыя рады, калі яшчэ маладым сьвятаром прыехаў у 1947 годзе ў Англію. Ha пахаваньні кардынала 29 студзеня прысутнічалі таксама англіканскія біскупы – бачны знак новых часоў.


У сувязі з гэтым здарыўся даволі сьмешны выпадак. Нехта паказаў біскупу Сіповічу на старога каноніка Дж. Ванса (Vance) i сказаў, што гэта англіканскі біскуп. Вось як апісвае далей сам Сіповіч: «Пытаю, дзе ён ёсьць англіканскім біскупам? Гэты, абражаны, пытае, колькі мне гадоў? Кажу: 48. Ён на гэта: Калі вас яшчэ на сьвеце не было, я ўжо быў каталік!» 10 лютага ангельская нядзельная газэта The Observer надрукавала сэнсацыйную навіну, пасьля пацьверджаную іншымі газэтамі: вызвалены мітрапаліт Язэп Сьліпый, грэка-каталіцкі архібіскуп Львоўскі, цяпер ён адпачывае “недзе ў Італіі”. Сьліпый стаў архібіскупам Львоўскім у 1944 годзе, пасьля сьмерці мітрапаліта Шаптыцкага. У 1945 годзе Сьліпога арыштавалі камуністы, i ён правёў 18 гадоў у савецкіх турмах i лягерах. Ягонае вызваленьне i прыезд у Італію далі пачатак розным пагалоскам пра магчымую зьмену савецкай палітыкі ў дачыненьні да Каталіцкай Царквы, асабліва да Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, зьнішчанай у 1946 годзе i гвалтам далучанай да Расейскай Праваслаўнай Царквы. Насамрэч нічога падобнага ня здарылася: перасьлед грэка-каталікоў, дзе гэта толькі магчыма, яшчэ ўзмоцніўся. Архібіскуп Бучка сказаў біскупу Сіповічу 6 сакавіка, што савецкія ўлады хацелі выкарыстаць вызваленьне Сьліпога, каб усталяваць нейкую сувязь з Ватыканам.
21 лютага біскуп Сіповіч меў сустрэчу зь мітрапалітам Сьліпым, які жыў тады ў манастыры Гротафэррата каля Рыму. Сярод іншага, мітрапаліт сказаў, што пасьля арышту i сьмерці айца Неманцэвіча, калі не даходзіла ніякіх вестак ад айцоў Аношкі i Гарошкі, мітрапаліт Шаптыцкі прызначыў адміністратарам Беларускага Экзархату айца Велічкоўскага, законьніка рэдэмптарыста бізантыйскага абраду. Мітрапаліт Сьліпый ня мог сказаць, ці быў той біскупам.
Неўзабаве пасьля сустрэчы зь мітрапалітам Сьліпым біскупа Сіповіча прыняў новы сакратар Усходняй Кангрэгацыі кардынал Тэста. Сіповіч запісаў у дзёньніку 6 сакавіка: «Уражаньне маё з першай візыты ў кард. Тэста вельмі ад’емнае: ён ня знае нашых спраў i не цікавіцца імі». Архібіскуп Бучка трымаўся той самай думкі. Ён раіў біскупу Сіповічу застацца ў Рыме да 1 красавіка, каб сустрэцца з архібіскупам Маёлі i распавесьці пра справы ва Ўсходняй Кангрэгацыі, а той мог бы пераказаць гутарку Сьвятому Айцу. Але біскуп Сіповіч адмовіўся.
Вялікдзень, 14 красавіка, біскуп Сіповіч правёў у Лёндане. 24–28 красавіка ён зьезьдзіў у Манчэстар, дзе прыняў у Каталіцкую Царкву сям’ю аднаго праваслаўнага сьвятара. Тым часам айцец Гарошка ў Парыжы рыхтаваў доўгачаканы візыт біскупа Сіповіча, які зь вялікім посьпехам прайшоў 24–29 траўня. Найважнейшай яго падзеяй стала біскупская багаслужба ў нядзелю 26 траўня з удзелам беларускіх вернікаў з усіх куткоў Францыі. Сярод ix быў таксама школьны сябар біскупа з Друі Віктар Жаўняровіч, тады ўжо вядомы ў Францыі мастак.
Біскуп Сіповіч i айцец Гарошка вярнуліся ў Лёндан 30 траўня, калі ўвесь сьвет зь непакоем слухаў зьвесткі пра стан здароўя папы Яна XXIII, невылечна хворага на рак. На Сёмуху, 2 чэрвеня, пасьля Літургіі ў Марыян Гаўз прыйшла тэлеграма з Рыму з папскім блаславеньнем для айца Язэпа Германовіча з нагоды 50-годзьдзя ягонага сьвятарства. Гэта – адзін з апошніх актаў папы: наступнага дня, у панядзелак 3 чэрвеня, ён памёр.
Папа Ян XXIII пакінуў па сабе глыбокі сьлед ва ўсёй Царкве Хрыстовай. Трэба дзівіцца, як гэты немалады чалавек за кароткі час змог столькі зрабіць. Адказ напэўна будзе: “Немагчымае для людзей магчымае ў Бога”. А няма ніякага сумневу, што добры папа Ян быў чалавекам Божым.
19 чэрвеня ў Ватыкане пачалося паседжаньне кардыналаў “пад ключом” (conсlave). Праз два дні белы дым над Сыкстынскай капліцай абвясьціў усяму сьвету, што Царква мела новага папу. Ім стаў Джаваньні Батыста Мантыні, архібіскуп Мілянскі, які ўвайшоў у гісторыю як папа Павал VІ.
У марыянскім законе таксама насьпявалі зьмены. Набліжаўся час генэральнай капітулы, каб абраць генэральнага старэйшага (супэрыёра) на наступныя шэсьць гадоў. Выказваліся розныя меркаваньні, хто ім павінен стацца. Біскуп Сіповіч запісаў у дзёньніку 13 чэрвеня: «Гутарыў з айцамі Сельскім i Ясінскім (абодва палякі. – А.Н.) аб марыянскай капітуле. Айцец Ясінскі жадае, каб наступны генэрал быў або латыш, або беларус, бо ані літоўцы, ані палякі ня будуць нэўтральнымі».
У панядзелак 1 ліпеня айцец Шкутанс у тэлефоннай размове паведаміў біскупу Сіповічу, што генэральная капітула абрала яго генэралам марыянскага закону, i прасіў сказаць, ці ён згаджаецца. Час быў абедні, i біскуп адразу перадаў вестку айцом Германовічу i Надсану (айцец Гарошка знаходзіўся ў Рыме). Айцец Надсан выказаў свой пратэст: на ягоную думку, Сіповіч, як першы i адзіны беларускі біскуп, мусіў займацца беларускімі справамі. Аднак ляяльнасьць да марыянскага закону і тут перамагла. Біскуп згадзіўся з умоваю, што абедзьве Кангрэгацыі: Усходняя i для Законьнікаў – дадуць сваю згоду. Тыя не пярэчылі, хоць Усходняя Кангрэгацыя паставіла ўмову, каб біскупу Сіповічу далі добрага намесьніка, які б кіраваў законам, калі біскуп будзе выконваць свае абавязкі апостальскага візытатара для беларусаў.
У чацьвер 4 ліпеня біскуп прыляцеў у Рым. У аэрапорце яго сустрэла марыянская дэлегацыя. Хутка даехалі да марыянскай калегіі на вія Корсіка. Там чакалі ўсе іншыя марыяне, якія, зазначае ён у сваім дзёньніку, «вітаюць без вялікага энтузіязму, але шчыра».








All the contents on this site are copyrighted ©.