2007-08-08 15:29:36

З нашага цыклу "Сьвет першых хрысьціянаў"- працяг


Існуе шмат сведчанняў, што ўжо раннія хрысціяне ахіналі сябе крыжом у выпадку нейкіх цяжкасцяў ці занепакоенасці. Прыклады гэтаму прыводзяцца ў жыццёпісах святых хрысціянскага храніста Паладзія Еленопальскага, які жыў з 368-га па 430-ы год. Ён пісаў, што калі сатана ў выглядзе індуса прыйшоў, каб напасці на Святога Антонія, то апошні перахрысціўся і перастаў дрыжэць. Сатана ж, убачыўшы знак крыжа, імгненна засмуціўся. А вось аквітанскі паэт ІV стагоддзя Эндэлехій узгадвае пра добрага хрысціянскага пастыра, які крыжом ахоўвае свой статак. Крыж, відавочна, у мэтах абароны, упершыню увянчаў карону Рымскага імператара Валенцініяна ІІІ (423-425) і яго жонкі.
На старажытных помніках грэцкай, этрускай і рымскай культураў, якія дайшлі да нашых часоў, можна ўбачыць, што язычнікі маліліся стоячы, або ўкленчыўшы, звярнуўшы погляд на ўсход і ўзняўшы рукі да неба. Аб гэтым ёсць і ў Бібліі: “Калі Саламон выказаў усё гэтае маленне і прашэнне да Госпада, тады ўстаў з каленаў ад ахвярніка Гасподняга, рукі ж яго былі ўзнятыя да неба” (3 Цар. 8, 54). Для хрысціянаў, якія выйшлі з язычнікаў, было зусім натуральна трымацца сваіх малітоўных традыцый. Пра гэта гаворыць і Апостал Павел: “І вось жадаю, каб на ўсякім месцы казалі малітвы мужчыны, узносячы чыстыя рукі бяз гневу і сумнення” (1 Цім. 2, 8). Мелі хрысціяне і свой малітоўны знак. Айцец Царквы з Карфагену, аўтар шматлікіх багаслоўскіх працаў ІІІ-га стагоддзя Тэртуліян пісаў: “Пры кожным поспеху і ўдачы, пры кожным уваходзе і выхадзе, пры адзяванні і абуванні, прыступаючы да трапезы, запальваючы свяцільнікі, ложачыся спаць, сядаючы за нейкую справу, мы агароджваем сваё чало крыжовым знаменнем!”
У нашыя дні знак крыжа робіцца правай рукой – спачатку на лоб, потым на грудзі, на адное плячо і на другое (католікі – спачатку на левае плячо, праваслаўныя – спачатку на правае). Такім чынам чалавек выяўляе на сябе крыж. Выраз “Ахінуць сябе крыжом”, азначае гатоўнасць прынесці ўсяго сябе ў ахвяру. Першыя хрысціяне хрысціліся так званымі малымі крыжамі, накладаючы іх на розныя часткі цела паасобна: на лоб, на грудзі, на вочы і так далей. Ускладаючы крыж на лоб, хрысціяне сведчылі сваю веру ў Хрыста, агароджваючы крыжом грудзі яны выказвалі сваю адданасць Хрысту. Заўсёды складаным было пытанне, як менавіта трэба хрысціцца? Згодна адным старажытным сведчанням, у першыя стагоддзі Хрысціянства хрысціліся ўсёй рукой. Святы Кірыл Ерусалімскі, які жыў у сярэдзіне ІV стагоддзя, у адным са сваіх навучанняў так пісаў: “Не будзем сароміцца спавядаць Укрыжаванне, з жаданнем будзем выяўляць пальцамі знаменне крыжа на ілбе і на ўсім целе”. Сучасныя католікі таксама не робяць ніякіх асаблівых складанняў пальцаў дзеля крыжовага знамення.
Аднак іншыя раннія крыніцы сведчаць, што ў першыя стагоддзі хрысціяне яшчэ хрысціліся адным пальцам. Патрыярх Канстанцінопальскі, Святы Ян Залатавусны, які жыў напрканцы ІV-га, пачатку V-га стагоддзя, пісаў: “Калі робіш крыжовае знаменне, то ўяўляй усю значнасць крыжа. Не проста пальцам трэба выяўляць яго, але яму папярэднічаць павінны сардэчная прыхільнасць і поўная вера”. Сучаснік Яна Залатавуснага, Святы Епіфаній Кіпрскі гаворыць аб нейкім Язэпе, якога ведаў асабіста, што ён “уласным сваім пальцам паклаўшы на посудзе пячатку крыжа і палікаўшы імя Ісусава, сказаў: імем Ісуса Назараніна няхай будзе ў гэтай вадзе сіла каб знічтожыць усялякае чарадзейства”.
На працягу некалькіх стагоддзяў звычай хрысціцца адным пальцам быў распаўсюджаны даволі шырока. Гэта было і зручна, калі рабілі малыя крыжы на розных месцах цела, і наглядна паказвала прынцып адзінабожыя язычнікам, якія пакланяліся многім багам. Магчыма, што адначасова існавалі, як хрышчэнне ўсёй рукой, так і адным пальцам, не выключаючы адзін адно.
У V-м стагоддзі ад Нараджэння Хрыстова, у сувязі з хрысталагічнымі спрэчкамі і дыспутамі, а менавіта з монафізіцтвам, пачалі хрысціцца дзвума пальцамі. Монафізіты сцвярджалі, што Хрыстос, хаця і народжаны з двух прыродаў, Боскай і чалавечай, аднак прыбывае не ў дзвух, бо ў акце ўцелаўлення цудоўным чынам з дзвух стала адно. Монафізіты пачалі глядзець на хрышчэнне адным пальцам, як на сімвалічны, наглядны выраз свайго навучання пра адзіную прыроду Хрыста. У працівес ім іншыя хрысціяне сталі здзяйсняць крыжовае знаменне дзвума пальцамі, спавядаючы тым самым дзве прыроды.
Трэба сказаць, што творы старажытнахрысціянскага мастацтва: жывапіс, скульптура, мазаіка, а таксама манеты дэманструюць вялікую разнастайнасць у выявах бласлаўляючай рукі. На манетах візантыйскага імператара Юстыніяна Вялікага, які правіў з 527-га па 565-ы год, Хрыстос прадстаўлены трымаючым правую руку ў бласлаўляючым жэсце, тры апошнія пальцы Яго сціснутыя і прыгнутыя да далоні, указальны палец выцягнуты ўверх, вялікага не бачна. А вось пад час праўлення імператара Васіля І-га Македаняніна, з 867-га па 886-ы год, на манетах бласлаўляючая рука Збавіцеля складзена па-рознаму. На адных манетах усе пальцы паасобна, на іншых – тры апошнія сціснутыя.
У сярэдзіне ІХ стагоддзя Папа Рымскі Святы Леў ІV (847-855) выдаў такую пастанову: “Чашу і хлеб знамянуйце правільным крыжом, гэта значыць не вакол і абы-як пальцамі, як робяць многія, але разагнуўшы два пальца і вялікі склаўшы ўнутры, праз якія азначаецца Тройца, старайцеся правільна выяўляць знаменне крыжа, бо інакш будзеце бласлаўляць нешта іншае”. Калі чалавек хрэсціцца, ён абараняе сябе ад знешніх негатыўных уздзеянняў і вылучае ўласную энэргію.







All the contents on this site are copyrighted ©.