2007-08-04 13:04:33

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус


Ад 3 да 7 жніўня 1962 году ў Рыме адбылася Сусьветная пілігрымка эмігрантаў i выгнаньнікаў, каб адзначыць дзесяць гадоў папскай энцыклікі Exul Familia (Сям’я выгнаньнікаў). Беларусы з Англіі, Францыі i Нямеччыны ўтварылі сваю асобную групу. У суботу 4 жніўня была Крыжовая Дарога ў Калізэі. На першай станцыі кіраваў айцец Татарыновіч, які вёў разважаньне i маліўся па-беларуску. Ha наступны дзень, у нядзелю 5 жніўня, у базыліцы сьвятога Пятра прайшла ўрачыстая Імша ў прысутнасьці Сьвятога Айца. Перад Імшой папа прымаў падарункі ад розных нацыянальных суполак. Найстарэйшыя сябры беларускай групы, Марыя Бербаш i Дамінік Аніська, паднесьлі Сьвятому Айцу кнігу Эвангельля ў беларускім перакладзе айца Татарыновіча. У панядзелак 6 жніўня адпраўлялася біскупская Імша ў базыліцы сьвятога Паўла, на якой розныя нацыянальныя суполкі сьпявалі свае рэлігійныя песьні. Беларусы засьпявалі “Магутны Божа”. Для беларусаў пілігрымка пад агульным кіраўніцтвам біскупа Сіповіча дзякуючы стараньням айца Татарыновіча прайшла вельмі пасьпяхова. Адначасова беларускія сьвятары скарысталі з нагоды, каб правесьці сваю гадавую зборку.
Агульную радасную атмасфэру пілігрымкі азмрочыла сумная вестка пра раптоўную сьмерць 29 ліпеня кардынала Акакія Кусы, першага “ўсходняга” кіраўніка Ўсходняй Кангрэгацыі. Ён стаў кардыналам толькі чатыры месяцы раней, 19 сакавіка. У ягонай асобе біскуп Сіповіч i ўсе беларусы страцілі яшчэ аднаго добрага i шчырага прыяцеля, які ix разумеў. Ягоным наступнікам папа прызначыў кардынала Густава Тэста. У Кангрэгацыі яго яшчэ ня бачылі. Біскуп Сіповіч наведаў Кангрэгацыю 8 жніўня i запісаў у сваім дзёньніку: «Новага сакратара кард. Тэста няма ў Рыме. Асэсар кажа, што ён знае ўсход, знае мовы... Быццам бароніцца ад той назойлівай думкі: Ці дамо рады?... Усе паўтараюць, што кардынал Куса “Vi voleva bene” (Вас любіў. – А.Н.). Мне здаецца, што ён у небе i надалей са сваёй усьмешкай дапамагае».
У сярэдзіне 1962 году адбылося афіцыйнае заснаваньне кляштару беларускіх марыянаў усходняга абраду ў Марыян Гаўз. Пасьля таго як 14 лютага архібіскуп Ўэстмінстэрскі кардынал Годфрэй згадзіўся, каб у ягонай дыяцэзіі месьціўся такі кляштар, генэрал марыянаў а. Станіслаў Шкутанс (латыш) зьвярнуўся да Сьвятога Пасаду з просьбай дазволіць кананічнае заснаваньне (erectio canonica). 24 сакавіка прыйшоў ліст ад Усходняй Кангрэгацыі, падпісаны кардыналам Кусам, у якім сярод іншага гаварылася: «Гэтая Сьвятая Кангрэгацыя ахвотна дае сваё Апостальскае Ўхваленьне гэтаму заслужанаму закону (г. зн. марыянам. – А.Н.) на заснаваньне рэлігійнага дому ў месьце Лёндане, што мае служыць законьнікам усходняга абраду для беларусаў»123. На аснове гэтага дакумэнту генэрал марыянаў 18 чэрвеня 1962 году выдаў акт “кананічнага заснаваньня”, у якім напісана: «Уладаю Сьвятога Пасаду... дэлегаванаю нам... засноўваем рэлігійны дом закону... марыянаў... для законьнікаў беларусаў усходняга абраду ў Лёндане ў архідыяцэзіі Ўэстмінстэрскай»124.
24–28 жніўня генэрал марыянскага закону айцец Шкутанс правёў першую кананічную візытацыю Марыян Гаўз як асобнай законнай адзінкі беларускіх марыянаў. У марыянскіх дакумэнтах ён значыцца як Domus Londinensis II (Лёнданскі дом II), каб адрозьніць яго ад летувіскага Domus Londіnensis I.
У сваёй справаздачы генэрал пералічвае ўсіх сяброў “дому”: 1. Біскуп Чэслаў Сіповіч, адказны за апостальства сярод беларусаў бізантыйскага абраду за межамі Беларусі; 2. Айцец Леў Гарошка, супэрыёр (кіраўнік) i аконам, а таксама рэктар Місіі; 3. Айцец Язэп Германовіч, радны, сакратар i духаўнік, а таксама кіраўнік дому сьв. Кірылы для хлапцоў; 5. Брат Станіслаў Баговіч, закрыстыян i кухар. Далей працягвае: «Апрача нашых сяброў (г. зн. марыянаў. – А.Н.) ёсьць пачэсны айцец Надсан Аляксандар, векам каля 36 гадоў, прызначаны для [працы ў] Беларускай Місіі (ad Missionem Alboruthenam addictus), заступнік рэктара Місіі i кіраўніка інтэрнату». Пра што гаварылі Шкутанс i беларускія марыяне, застаецца сакрэтам. Наступная кананічная візытацыя прайшла 18–27 сакавіка 1965 году, калі пасаду генэрала марыянаў ужо займаў біскуп Сіповіч. Вось што ён напісаў у сваёй справаздачы: «Сказанае маім папярэднікам, пачэсным С. Шкутансам, у часе ягонай кананічнай візытацыі, менавіта, што “здаецца, было б больш мэтазгодна, калі б марыяне абнялі кіраўніцтва інтэрнатам ня толькі намінальна, але на справе”, яшчэ павінна зьдзейсьніцца. Адно ёсьць пэўнае, што для разьвіцьця i росту гэтага дому патрэбныя іншыя марыянскія працаўнікі»125.
Біскупу Сіповічу не ўдалося папоўніць лік “марыянскіх працаўнікоў”, але не таму, што ён слаба стараўся. Можа й добра, што адзіны сьвятар не-марыянін Місіі – аўтар гэтых радкоў – нічога пра тое ня ведаў, інакш бы яго напэўна даўно не было ў Лёндане...
11 кастрычніка 1962 году адбылося доўгачаканае адкрыцьцё II Ватыканскага Паўсюднага Сабору. Наступныя тры гады, калі працаваў Сабор, сталі, без сумневу, найважнейшай рэлігійнай падзеяй XX стагодзьдзя, i ня толькі для Каталіцкай Царквы, але й для мільёнаў хрысьціян, ня злучаных у еднасьці з Пасадам сьвятога Пятра. Сярод 2000 айцоў Сабору быў таксама беларус – біскуп Сіповіч. Ён пакінуў наступнае апісаньне ўрачыстасьці адкрыцьця: «Калі рухнула хваля біскупаў на плошчу сьв. Пятра... дык запраўды ў сэрцах адчулася хвіліна незвычайная. Ішлі па 6 біскупаў у радох. Я праз нейкі час ішоў з нейкім біскупам этыёпскім, кітайскім i з польскім Паўлоўскім, маім прафэсарам з Вільні. Такжа блізка ішлі Я. Э. Слоскан, Урбш i Ранцанс. Хацеў маліцца, але было цяжка. Думкі то рассыпаліся, то канцэнтраваліся на рэальна перажытай тайне: “Дзе двох або трох зьбярэцца ў імя маё, там i я ёсьць з вамі”... Увайшоўшы ў базыліку, занялі месцы, прызначаныя для біскупаў (без розьніцы веку i становішча). Мы занялі недалёка ад уваходных дзьвярэй, але пасьля мне сказалі ісьці далей уперад да біскупаў усх(одняга) абраду... Я ўглядаўся ў Айца сьв., калі ён ішоў: спакойны, вельмі сканцэнтраваны, нязначна толькі адказваў на апладысмэнты. Базыліка выглядала быццам вісячыя тэрасы, на якіх растуць вялізныя белыя ліліі (біскупскія мітры). Час праходзіў хутка згодна з прадугледжаным парадкам першай сэсіі. Ад уваходу да выхаду з базылікі трывала каля 6 гадзінаў... Вечарам бачым тыя самыя ўрачыстасьці праз тэлевізію... Некалькі гадзін прайшло i ўжо вялікія непаўторныя хвіліны належаць да гісторыі!»
Біскуп Сіповіч прысутнічаў на ўсіх сэсіях Сабору i паседжаньнях камісіяў, у якія ўваходзіў. Дзёньнік таго часу поўны апісаньнямі дыскусій i сустрэчаў з рознымі цікавымі асобамі, а таксама ягонымі ўласнымі ўражаньнямі.
Першая сэсія Сабору скончылася 8 сьнежня. Хутка пасьля яе біскуп Сіповіч выехаў з Рыму ў Мюнхэн: 12 сьнежня тамтэйшыя беларусы ладзілі маленькую ўрачыстасьць, каб адзначыць атрыманьне айцом Салаўём годнасьці мітрафорнага протаерэя.








All the contents on this site are copyrighted ©.