2007-08-03 16:59:20

Сьвет першых хрысьціянаў


Расказваючы аб развіцці хрысціянства ў яго першыя стагоддзі, мы ўзгадвалі аб адным з буйнейшых тагачасных гарадоў Александрыі, дзе зарадзілася хрысціянская філасофія. Неаднаразова мы адвалі і аб горадзе Антыохія, які таксама быў адным з цэнтраў тагачаснага хрысціянскага свету. Але новая вера ў гэтых гарадах развівалася па рознаму. Калі александрыйскае хрысціянства адсякала волю, цалкам арыентуючыся на пасіўнае прыняццё Ласкі Божай, то ў Антыохіі было ўсё наадварот. Максімум праяўлення чалавечай волі, сталае выпрабаванне не ідыялізмам, а евангельскім рэалізмам было галоўным у антыахійскім багаслоўі і светаадчуванні. Калі ў Александрыі вельмі стрымана адносіліся да выяўленняў чалавечых эмоцыяў, волі, гераічнага духу і бязмежнага чалавечага подзвігу на шляхах выратавання, то ў Антыохіі ўсямерна ўзвялічываўся чалавек.
Антыохія была цэнтрам Сірыі, вакол яе месцілася Маля Азія, Палестына, Каппадокія. Тут жылі арамейскія народнасці. Суровы гэты свет быў супрацьлеглым не толькі пышнаму і бліскучаму Канстанцінопалю, але і больш блізкай Александрыі. Пранікненне грэцкай культуры для антыахійцаў было не дабром, як для жыхароў Александрыі, дзе амаль усе яны былі вольнымі грамадязнамі, а яшчэ большы прыгнётам. Гэта быў свет рабоў і свет горасных страхаў і гарачай надзеі. І гэта быў свет моцных і заўзятых людзей. Жорсткасць, прыхільнасць да дагматаў, пабожнасць і эмацыйная нагняцённасць заўсёды суправаджалі светаадчуванне арамейцаў. Тут ніколі не было кампраміса з антычнасцю, не было спробаў паяднаць хрысціянства з грэцкай культурай. Успрыняццё хрысціянскай навукі тут суправаджалі суровая аскеза і эмацыйны экстаз, а ўсё грэцкае ўспрымалася з вострай нянавісцю, як язычніцкае.
Літаратура, багаслоўе і мастацтва тут былі асаблівыя – абцяжарныя і напружаныя, але напоўненыя палымянай веры і душэўнага пафаса. Галоўным было слова а не вобраз. Асновай багаслоўя была славеснасць і ніколі не была філасофія, бо яна ўспрымалася як грэцкае, язычніцкае насланне. Сірыя стала месцам, дзе ўзнікла манаства, дзе заўсёды было месца і час хрысціянскаму подзвігу, а рэлігійным ідэалам заставалася магутнасць чалавечай волі ў аскетычных намаганнях, у пераўтварэнні чалавека.
Існуе паданне, што першую хрысціянскае вучылішча ў Александрыі заснаваў евангеліст Марк. Спачатку яно было звычайнай школай, якія былі пры біскупскіх катэдрах для першапачатковай адукацыі хрысціян. Пазней яно стала багаслоўска-навукова-адукацыйнай установай, вельмі важным у гэтым цэнтры сусветнай адукацыі і навукі. Такі выгляд ёй надаў адзін з настаўнікаў, або катэхетаў, Пантэн, які там выкладаў са 180 па 191 год.
Ён, а таксама іншыя настаўнікі ды вучні Александрыйскай вучэльні, і стварылі так званую Александрыйскую школу пісьменнікаў.
Навукова-багаслоўская школа ў Антыохіі была заснавана ў ІІІ-м стагоддзі. Заснавальнікамі яе былі мясцовыя прэзбітэры: Дарафей і Лукіян. Апошні быў вядомым тлумачальнікам Святога Пісьма Старога і Новага Завету. Лукіян – спавядальнік веры – у перыяд пераследванняў, пры імператары Дыаклетыяне быў арыштаваны і мучаніцкі памёр у вязніцы ў 311-м годзе.
Існавала яшчэ і Паўночнаафрыканская школа, прадстаўніком якой быў Тэртуліян, прэзбітэр Карфагенскай Царквы, адзін з выдатнейшых пісменнікаў Заходняй Царквы. Ён першым пачаў пісаць багаслоўскія сачыненні на лацінскай мове, паклаўшы пачатак лацінскай царкоўнай літаратуры. Сын рымскага сотніка, Тэртуліян нарадзіўся ў 150-м годзе ў Карфагене, на зямлі сучаснага Туніса. Ён атрымаў выдатную адукацыю і да прыняцця Хрысціянства быў адвакатам. Хрысціянінам ён стаў ужо ў сталым узросце. Маючы бліскучы розум, пылкую фантазію, цвёрдую волю, рашучы характар, ён быў энэргічны, але і раздражальны. Прыняўшы Хрысціянства Тэртуліян усё жыццё прысвяціў яму. Уражаны несправядлівымі нападкамі язычніцкага грамадзтва на хрысціян, ён стаў красамоўным хрысціянскім апалагетам – пісьмова абараняў веру.
Вядомым быў і біскуп Карфагенскі Святы Кіпрыян. Ён паходзіў з багатай язычніцкай сям’і ў Карфагене і славіўся як вучоны рытар. На 40-м годзе жыцця, у 246-м годзе Кіпрыян стаў хрысціянінам. У хуткім часе ён быў пастаўлены прэсбітэрам, а ў 248-м годзе біскупам. Яго сачыненні стаяць у цеснай сувязі з усёй яго дзейнасцю, як напісаныя па запатрабаванні тагачасных царкоўных абставінаў і выкліканыя барацьбой з ерытыкамі. З усіх яго твораў першае месца займае праца “Аб адзінстве Царквы”. Святы Кіпрыян там даказвае, што Царква Хрысціянская, негледзячы на мноства розных Цэркваў, ёсць адзіная, і што епіскапства (ці біскупства), якое служыць выразам адзінства Царквы, таксама ёсць адзіным, негледзячы на значную колькасць біскупаў. Абасноўвае ён гэта тым, што сам Ісус Хрыстос устанавіў так, пачаўшы са Святога Пятра. Адсюль выцякала прызнанне ім важнасці Рымскай Царквы. Ён аднак не лічыў біскупа Рымскай Царквы галавою над усімі біскупамі. На яго думку вярхоўная ўлада ажыццяўляецца сукупнасцю ўсіх біскупаў, як спадкаемцаў улады Апостала Пятра.
Існавала яшчэ і малаазійская багаслоўская школа, самым вядомым прадстаўніком якой быў біскуп Ліонскі Святы Ірэнэй. Ён атрымаў хрысціянскую адукацыю пад кіраўніцтвам Святога Палікарпа, біскупа Смірнскага, і быў адным з самых глыбокадумных багасловаў свайго часу, яго дзейнасць адносіцца да другой паловы ІІ-га стагоддзя. Праца Святога Ірэнэя “Супраць ерасяў” захавалася і да нашых часоў.







All the contents on this site are copyrighted ©.