2007-07-27 14:29:33

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус"- працяг


Бадай, найбольшай цяжкасьцю ў арганізацыі пастырскай працы сярод беларусаў заставаўся недахоп сьвятароў. Выявілася, на жаль, што нават сярод ix ня ўсе вартыя свайго пакліканьня. Адзін зь ix, Янка Садоўскі, першы, каго айцец Сіповіч прыняў у 1948 годзе кандыдатам у марыянскі закон, у 1949 годзе паехаў у Рым, дзе пасьля навіцыяту распачаў навуку ў падрыхтоўцы да сьвятарства. У 1953 годзе Садоўскі выйшаў з марыянскага закону. Біскуп Слоскан прыняў яго клерыкам Менскай дыяцэзіі i знайшоў яму месца ў Францускай калегіі. У 1955 годзе Садоўскага высьвяцілі на сьвятара. Ён папрасіў Слоскана дазволіць яму працягваць навуку. Празь пяць гадоў, у 1960 годзе, ён усё яшчэ вучыўся... Ад ягонай навукі ніхто ня бачыў ніякіх вынікаў, таму біскуп Слоскан пачаў сумнявацца. Ён параіў біскупу Сіповічу паслаць Садоўскага на месячныя рэкалекцыі, а пасьля знайсьці яму месца вікарнага сьвятара ў якой-небудзь парафіі ў Нямеччыне. Біскуп Сіповіч, беручы пад увагу недахоп беларускіх сьвятароў, ня мог згадзіцца з такой прапановай i ў сакавіку 1961 году загадаў Садоўскаму ехаць у Лёндан дапамагаць у працы Беларускай Каталіцкай Місіі. Між тым айцец Германовіч выехаў у Амэрыку, нібыта каб пабачыць у Нью-Ёрку свайго дзядзьку, на чатыры гады малодшага за яго... Насамрэч ён мусіў ацаніць магчымасьці заснаваць беларускі марыянскі асяродак у Амэрыцы. Айцец Надсан выехаў у Нотынгам, каб заснаваць там пастырскі цэнтар для духоўнай абслугі беларусаў у сярэдняй i паўночнай Англіі. Айцу Садоўскаму даручылі кіраўніцтва інтэрнатам у Лёндане, які меў адкрыцца ўвосень. Два месяцы пасьля пачатку школьнага году, 4 лістапада 1961 году, Садоўскі, як піша біскуп Сіповіч у сваім дзёньніку, «заяўляе, што даўжэй ня можа быць кіраўніком інтэрнату: або знайсьці для яго мейсца ў кард. Годфрэй на капэляна, або пойдзе працаваць на падземку!.. Дае мне такое “ультыматум” лістоўна. Я пытаюся, ці ён усё добра перадумаў? Кажу, я не магу старацца капэляніі для сьвятара, які гатовы пакінуць сьвятарства! Пасьля даўжэйшай гутаркі а. Янка забірае ліст назад i супакойваецца». Празь месяц, у панядзелак 11 сьнежня: «На Багаслужбу – як было звычайна – а. Янка Садоўскі сяньня не прыйшоў. Крыху нас гэта зьдзівіла, але дакладнай прычыны мы ня зналі. Каля гадз. 11 перад абедам прыходзіць да мяне а. Янка нейкі страшэнна прыгноблены i кладзе свае паперы... са словамі: Гэта мае паперы, надалей я не магу быць сьвятаром! Пачынаю прамаўляць да яго розуму i сэрца, каб глупства не рабіў. Мала гэта памагае, але а. Янка забірае паперы назад, хаця заяўляе, што ён выяжджае да адной ангельскай сям’і, бо чуецца перамучаным. Адгаварваю яго ад гэтага, прапаную оддых у гарах, у Я. Даст. Бпа Слоскана, у Рыме. Не! Айцец Янка глухі як калода на ўсё, вочы патупіўшы глядзіць уніз. Пытаю, якая галоўная прычына яго крызісу: “Паслушэнства за цяжкое для мяне”, адказвае». У сапраўднасьці віною было не паслушэнства, a адна (ня першай маладосьці) ангелька, якая прыходзіла сьпяваць у хоры ў Марыян Гаўз. Біскуп Сіповіч падсумаваў той выпадак: «Гэтакі паступак Садоўскага ўсіх нас засмуціў. Гэта страшэнна цяжкі крыж для мяне асабіста. Прымаю яго, Божа, як пакуту за мае грахі. Дай сілы мне яго перанесьці з карысьцю для мяне i для няшчаснага a. Янкі».
Адыход Садоўскага змусіў усіх памяняць пляны. Айца Германовіча адклікалі з Амэрыкі i прызначылі кіраўніком інтэрнату. З увагі на ягоны век прызначэньне было часовае, пакуль айцец Надсан ня вернецца з Нотынгаму, дзе, побач з пастырскай працаю, ён выкладаў матэматыку ў тамтэйшым каталіцкім дыяцэзіяльным каледжы.
Айцец Кастусь Маскалік у Парыжы сваёй бязьдзейнасьцю давёў да поўнага заняпаду працу Місіі ў Францыі. Самі вернікі пачалі пісаць лісты з просьбамі, каб яго адтуль забралі. Увосень 1962 году біскуп Сіповіч узяў айца Маскаліка ў Рым, дзе той дапамагаў айцу Татарыновічу ў працы на Ватыканскім радыё, чытаючы перадачы. Рэктарам Місіі ў Францыі зноў стаў айцец Гарошка – ён рэгулярна езьдзіў туды зь Лёндану. Безумоўна, не найлепшая разьвязка, бо шмат часу i сілаў, якія можна было выкарыстаць для канкрэтнай працы, сыходзіла на дарогу.
Багата арганізацыяў, зь якімі біскуп Сіповіч супрацоўнічаў сьвятаром, жадалі цяпер ушанаваць яго. Адная зь ix – Цэнтральны Каардынацыйны Камітэт Дабрачынных Арганізацыяў Уцекачоў, дзе Сіповіч 12 гадоў прадстаўляў беларусаў. Другая – Таварыства сьвятога Яна Залатавуснага: у яго аднаўленьне ён некалі ўклаў шмат працы. Калі Сіповіч стаў біскупам, яго абралі ганаровым віцэ-прэзыдэнтам Таварыства. Ганаровым прэзыдэнтам быў архібіскуп Ўэстмінстэрскі кардынал Годфрэй. 2 ліпеня 1962 году біскуп Сіповіч i старшыня Таварыства мансіньёр Бартан мелі зь ім сустрэчу. Сярод розных пытаньняў закранулі і запрашэньне на зборкі Таварыства некаталіцкіх прамоўцаў. Кардыналу гэта ня вельмі падабалася, i ён імкнуўся пазьбегнуць простага адказу. Урэшце згадзіўся, калі біскуп Сіповіч запэўніў, што ў кожным прыватным выпадку ён будзе пытацца ягонай рады. Калі ж біскуп Сіповіч спытаўся, ці можа рабіць даклады ў англіканцаў, калі яго запросяць, кардынал хацеў ведаць, дзе будзе зборка: у царкве ці ў залі. Біскуп напісаў у сваім дзёньніку: «Кардынал быў крыху нэрвовы, нерашучы. Чагосьці ўсьцяж баіцца, а чаго, ня ведаю». Экумэнізм у Каталіцкай Царкве рабіў яшчэ толькі першыя крокі.
24 ліпеня 1962 году біскуп Сіповіч зьвярнуўся ва Ўсходнюю Кангрэгацыю з просьбаю даць дазвол слухаць споведзі i прычашчаць праваслаўных вучняў інтэрнату сьв. Кірылы, a таксама іхных бацькоў, калі яны гэтага жадаюць. Усходняя Кангрэгацыя пераслала просьбу ў Сьвяты Ўрад (Sanctum Officium), што займаецца такімі справамі. Праз больш як 3 месяцы, 5 лістапада, Усходняя Кангрэгацыя паведаміла біскупу Сіповічу, што Сьвяты Ўрад, «разгледзеўшы ўсе абставіны i параіўшыся зь мясцовым біскупам, палічыў немэтазгодным задаволіць такую просьбу»122. Мясцовы біскуп – гэта ня хто іншы, як кардынал Годфрэй. Камэнтар біскупа Сіповіча ў дзёньніку вельмі кароткі: «На жаль!»
На пачатку 1965 году біскуп Сіповіч паўтарыў сваю просьбу, але не асабіста, а праз генэральнага пракуратара марыянаў. 7 красавіка прыйшоў адказ, падпісаны кардыналам Атавіяні (Ottaviani): «Гэты Сьвяты Ўрад ня мае нічога супраць дапушчэньня вышэй памянёных (г. зн. праваслаўных. – A.H.) студэнтаў да сьвятых Тайнаў (сакрамэнтаў), бо гэта адпавядае дэкрэту “Пра Ўсходнія Цэрквы” Ватыканскага II Паўсюднага Сабору». Вось прыклад зьменаў у Каталіцкай Царкве ў выніку Ватыканскага Сабору.
Палякі таксама жадалі ўшанаваць біскупа Сіповіча. Ініцыятыва зыходзіла з боку арганізацыі былых студэнтаў і настаўнікаў Віленскага ўнівэрсытэту “Alma mater Vilnensis”. Далучыўся да ix i г. зв. Związek Ziem Wschodnich (Саюз усходніх земляў), які ўважаў Заходнюю Беларусь i Ўкраіну за ўсходнія правінцыі Польшчы. Біскуп Сіповіч адказаў, што ня можа прыняць запрашэньня, калі ў імпрэзе будзе браць удзел згаданая арганізацыя.
Між іншага, у Лёндане жыў Людвік Бацянскі, былы ваявода Віленскі – той самы, які загадаў выселіць беларускіх марыянаў з Друі. Біскуп Сіповіч хацеў зь ім сустрэцца, але той адказаў асобе, якая старалася наладзіць сустрэчу: «Ня маю адвагі сустрэцца зь біскупам Сіповічам». Бацянскі памёр 7 лютага 1970 году. Сіповіч напісаў у сваім дзёньніку: «Сяньня ён ужо асуджаны Богам справядліва. Жадаю яму вечнага супакою ў небе, але сумная гісторыя за ім астаецца, i яе ніхто ня зьменіць».








All the contents on this site are copyrighted ©.