2007-07-21 07:54:05

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус


Пытаньне месца жыхарства разьвязалася для біскупа Сіповіча так: частку году ён меў праводзіць у Рыме, а частку – у Лёндане. Усходняя Кангрэгацыя хацела б, каб ён увесь час жыў у Рыме, але нарэшце згадзілася на кампраміс – дарэчы, вельмі ўдалы. Архібіскуп Ўэстмінстэрскі кардынал Ўільям Годфрэй у 1947 годзе, калі Сіповіч прыехаў у Англію, займаў пасаду апостальскага дэлегата. Таму 21 кастрычніка 1960 году, калі Сіповіч прыйшоў яго адведаць, яны сустрэліся як старыя знаёмыя. Гэта вельмі аблягчала справу. Калі айцец Гарошка папрасіў у Ўэстмінстэрскай курыі дазвол аднавіць выдаваньне Божым шляхам, яму адказалі: трэба ўзгадніць зь біскупам Сіповічам. Другім важным пачынаньнем быў інтэрнат для хлапцоў. Якраз цераз дарогу ад Марыян Гаўз прадаваўся дом. Усе айцы аднагалосна прапанавалі купіць яго i заснаваць інтэрнат для хлапцоў зь беларускіх сем’яў. Тыя хадзілі б у мясцовую каталіцкую школу, a ў інтэрнаце атрымлівалі б беларускае i, безумоўна, рэлігійнае выхаваньне. Біскупу Сіповічу ідэя спадабалася. Праект падалі ў Ўэстмінстэрскую курыю, і тая яго ўхваліла. Усходняя Кангрэгацыя дала на куплю будынку 10 тысячаў ангельскіх фунтаў. Дом набылі на пачатку 1961 году, i ён стаў вядомы як Дом сьвятога Кірылы (Saint Cyril’s House) у гонар сьвятога Кірылы Тураўскага.
З увагі на свае новыя абавязкі біскуп Сіповіч ня мог заставацца рэктарам Беларускай Місіі ў Лёндане. На ягоную прапанову Ўсходняя Кангрэгацыя прызначыла замест яго айца Льва Гарошку.
Заставалася пытаньне тытулу біскупа Сіповіча. 16 верасьня 1960 году біскуп Слоскан зрокся тытулу апостальскага візытатара для беларусаў, бо тыя мелі цяпер свайго біскупа. Аднак Усходняя Кангрэгацыя не сьпяшалася прызначаць ягонага наступніка. 25 кастрычніка 1961 году архібіскуп Куса (ён стаў архібіскупам у лютым 1961 году) патлумачыў Сіповічу, што было б лягчэй прызначыць яго апостальскім візытатарам, калі б ён жыў у Рыме. Першы раз біскуп Сіповіч названы апостальскім візытатарам у дакумэнце Ватыканскага Дзяржаўнага Сакратарыяту за 9 лістапада 1963 году, якім ён прызначаўся кансультарам Усходняй Кангрэгацыі. Але тады Сіповіч, як генэрал закону марыянаў, жыў ужо ў Рыме. У афіцыйным выданьні Ўсходняй Кангрэгацыі Oriente Cattolico (Каталіцкі Ўсход) у Рыме ў 1974 г., на старонцы 180 біскуп Сіповіч названы “Visitatore delegato della Sacra Congregazione per le Chiese Orientali per l’assistenza dei fedeli Belorussi all’estero” (візытатар-дэлегат Сьвятой Усходняй Кангрэгацыі для патрэбаў беларускіх вернікаў за мяжою). Гэтаксама названыя румынскі біскуп Базыль Крыстэа i расейскі Андрэй Каткоў. Затое ў дакумэнтах Дзяржаўнага Сакратарыяту i паведамленьнях аб папскіх аўдыенцыях біскупа Сіповіча ўсюды называюць апостальскім візытатарам. Выглядае, што аўтарытэтнай павінна быць практыка Дзяржаўнага Сакратарыяту.
Незалежна ад тытулу біскуп Сіповіч сур’ёзна ставіўся да свайго абавязку рэгулярна адведваць беларускія асяродкі. Ён мусіў плянаваць свае візыты наперад, каб яны не перашкаджалі ягоным іншым абавязкам, напрыклад працы ў перадсаборнай падрыхтоўчай камісіі. Так, у 1961 годзе, 14–15 студзеня, ён быў у Нотынгаме, дзе наведаў мясцовага біскупа, адслужыў архіерэйскую Літургію i сустрэўся зь мясцовымі беларусамі. 28–29 студзеня прайшоў візыт у Манчэстар, a 17 лютага біскуп Сіповіч ужо вылецеў у Рым на сэсію падрыхтоўчай камісіі. У сакавіку ён знаходзіўся ў паўночнай Францыі i Бэльгіі, а 16 красавіка зноў вярнуўся ў Рым на другую сэсію камісіі. Тады – зноў у Лёндан, каб давесьці да канца справу куплі Дому сьв. Кірылы i разгледзець магчымасьць пастырскага цэнтру ў Нотынгаме. 2–5 чэрвеня біскуп Сіповіч узяў удзел у канфэрэнцыі, прысьвечанай праблемам Паўсюднага Сабору. Яна праходзіла ў Споўд Гаўз (Spode House) у цэнтральнай Англіі. Адтуль – кароткі візыт у Нотынгам, а 19 чэрвеня зноў у Рым на сэсію камісіі. 28 чэрвеня біскуп Сіповіч i айцец Татарыновіч вылецелі ў Чыкага на асьвячэньне беларускай грэка-каталіцкай царквы Хрыста Спаса. Як згадвалася вышэй, падмурак беларускай парафіі ў гэтым горадзе заклалі ў 1955 годзе сваімі намаганьнямі новыя беларускія эмігранты. Спачатку апекаваўся імі а. Ян Тарасэвіч з манастыра сьв. Пракопа ў Ляйлі. А ў верасьні 1958 году пасьля навукі ў Рыме вярнуўся айцец Уладзімер Тарасэвіч (пляменьнік а. Яна) i прыняў кіраўніцтва парафіяй. 15 сьнежня 1960 году набылі будынак на 3017 Фулертан Авэню (Fullerton Avenue). Там і разьмесьцілася беларуская грэка-каталіцкая царква Хрыста Спаса. Асьвячэньне першай беларускай грэка-каталіцкай царквы ў Новым Сьвеце першым беларускім грэка-каталіцкім біскупам адбылося 2 ліпеня 1961 году ў прысутнасьці архібіскупа Чыкага кардынала Мэера i вялікай колькасьці беларусаў з усіх куткоў Злучаных Штатаў i Канады. Пасьля Чыкага біскуп Сіповіч наведаў Нью-Ёрк ды іншыя гарады. 1 жніўня ён вылецеў зь Нью-Ёрку празь Лёндан у Франкфурт, каб узяць удзел у кангрэсе “Kirche in Not” (Царква ў патрэбе) у Кэнігштайне. Пад час кангрэсу прайшоў таксама зьезд беларускіх сьвятароў.
7 верасьня біскуп быў ужо ў Лёндане – з Польшчы прыехаў ягоны малодшы брат Пятрусь, зь якім яны ня бачыліся 23 гады. 27 верасьня – зноў у Рыме на паседжаньні падрыхтоўчай камісіі. Беларусы Нямеччыны запрасілі біскупа Сіповіча да сябе, каб адзначыць першыя ўгодкі ягоных біскупскіх сьвячаньняў. Пасьля кароткага візыту ў Мюнхэн 14–16 кастрычніка ён вярнуўся ў Рым. 1 лістапада – у Лёндане. 9–10 сьнежня біскуп Сіповіч наведаў беларусаў у Бірмінгаме, a 13–14 студзеня 1962 году – у Брадфардзе.
Між іншага, у чэрвені 1961 году, перад тым як ляцець зь біскупам Сіповічам у Чыкага, айцец Пётра Татарыновіч на 40-я ўгодкі свайго сьвятарства стаў “мансіньёрам” – яму надалі ганаровую годнасьць пралата Яго Сьвятасьці. Празь некалькі месяцаў яго прызначылі беларускім прадстаўніком у Папскай Камісіі для эмігрантаў, споўніўшы другую просьбу зьезду сьвятароў 1960 году.
У міжчасе ва Ўсходняй Кангрэгацыі адбыліся зьмены. Мансіньёр Джузэпэ Маёлі, адказны за беларускія справы, у верасьні 1960 году атрымаў біскупскія сьвячаньні з рук самога папы Яна XXIII i ў годнасьці архібіскупа быў прызначаны інтэрнунцыем у Этыёпіі. Біскуп Сіповіч, цешачыся зь ягонага павышэньня, ня мог не адчуць i суму, бо траціў добрага i вернага прыяцеля, які зрабіў шмат для беларусаў. У жніўні 1961 году кардынал Чыканьяні таксама сышоў з Усходняй Кангрэгацыі на пасаду Дзяржаўнага Сакратара. Ягонае месца заняў архібіскуп Акакі Куса, першы “ўсходнік” на чале Ўсходняй Кангрэгацыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.