2007-07-12 16:56:24

З нашага цыклу: "Біскуп Чэслаў Сіповіч- Сьвятар і Беларус"


Раніцай наступнага дня, 7 ліпеня, Сіповіч пайшоў ва Ўсходнюю Кангрэгацыю: «Чакаю, пакуль выкліча мяне а. Куса i малюся. Каля гадз. 11-тай ён просіць у сваю асэсарскую залю. Калі селі, ён, разварачваючы канвэрты атрыманых лістоў, зусім абыякава пытае мяне пра місію ў Лёндане, як разьвіваецца i ці трэба ёй дапамогі? Я адказваю на ўсё спакойна. Тады ён: “А можа зрабіць цябе архімандрытам i дабавіць нейкі тытул?” Адказваю: “Ніколі аб гэтым ня думаў”. Тады ён ізноў: “А каб зрабіць цябе біскупам, памочнікам Біскупа Слоскана, i даць тытул Апостальскага Візытатара для беларусаў?” Я вельмі ўзрушаны. Адказваю, што я ёсьць законьнікам i зрабіў абяцаньне не старацца годнасьцяў ані ў законе марыянаў ані па-за ім. Ён махнуў рукою i кажа, i я законьнік, а вось сказалі, i раблю тое, што Айцец Сьв. хоча. Тады бярэ мяне за руку i вядзе ў залю, дзе нікога няма i кажа: “Памаліся i падумай! Я цераз паўгадзіны заклічу”. Думаў i маліўся... У маіх вушах словы а. Льва Гарошкі, сказаныя перад маім выездам зь Лёндану: “Калі дадуць табе біскупа, згаджайся! Бо калі адкажашся, могуць зусім ня даць!” Бяру паперу і, хаця рука дрыжыць, пішу некалькі сказаў: Пачуваю сябе нягодным быць біскупам. Заўсёды стараўся быць паслушным сваім старэйшым, асабліва Айцу Сьв. Прымаю годнасьць біскупа не дзеля якіхколечы маіх заслуг, але знак любові Айца Сьв. да майго мучанага беларускага народу. Гэтых пару сказаў, напісаных з памылкамі, я ня думаў нікому перадаваць. Тымчасам а. Куса ўзяў ix, прачытаў, сказаў: “Molto bene” (вельмі добра. – А.Н.) i затрымаў. Монс. Куса ды шмат іншых пачалі мяне гратуляваць, называць Eccellenza. Усё гэта было для мяне абыякавым. Мне здавалася, што паўсьвету ўзвалілася на мае плечы. Ідзём у той пакой, дзе працуе Монс. Моёлі. Ён задаволены... Яшчэ ня скончылі гутаркі, а Монс. Куса кліча мяне да Я. Эм. Кардынала Чыканьяні. Гэты прыняў па-бацькоўску. Кажа: “Вы будзеце добры біскуп. Вы шмат паможаце вашаму народу”... Пасьля аўдыенцыі... пайшоў да Сьв. Пятра».
Наступныя дні айцец Сіповіч правёў у падрыхтоўцы да вялікай падзеі. 9 ліпеня ён зьявіўся зь візытам да архібіскупа Івана Бучкі, які з радасьцю згадзіўся быць ягоным кансэкратарам. 15 ліпеня Сіповіч наведаў кардынала Тысэрана i меў зь ім даўжэйшую гутарку, якую апісаў у сваім дзёньніку: «Іду ў Ватыканскую бібліятэку да Я. Эм. Кардынала Тысэрана. Прыймае як заўсёды шчыра, проста. Віншуе мяне, багаслаўляе. Кажа, вельмі добра, што я назначаны біскупам: “Lei и stato buono sacerdote, sarа buono vescovo” (Вы былі добрым сьвятаром, будзеце добрым біскупам. – А.Н.). Дабавіў: “Вельмі важна, каб тыя народы, дзе прасьлед рэлігійны i дзе вынішчаецца духавенства, мелі сваіх біскупаў. Я надзеюся, што вестка аб вас падымець на духу ваш народ на бацькаўшчыне. Такжа вашая наміната важная з узгляду на экумэнічны сабор”. Першы раз пачуў сэнс таго, чаму мяне назначылі біскупам. Дагэтуль шмат мне гаварылі камплімэнтаў, але ніхто ня ўспомніў аб сутным».
Ад 17 да 23 ліпеня айцец Сіповіч адпраўляў рэкалекцыі ў Асыжы, горадзе сьв. Францішка. Кіраваў рэкалекцыямі айцец Джаваньні Росьсі. Сіповіч запісваў у сваім дзёньніку думкі зь ягоных канфэрэнцыяў, якія яго найбольш уразілі. Напрыклад, 19 ліпеня ёсьць такі запіс: «Ha адным размышляньні сказаў Don Giovanni: Non и pericoloso il communismo, ma и pericoloso il commodismo dei preti» (не камунізм небясьпечны, a прыстасаванства сьвятароў). Зноў 20 ліпеня: «Вельмі прыгожай была апошняя канфэрэнцыя Don Giovanni Rossi аб сьвятарскім апасталяце. Вера ў перамогу Хрыстовых ідэяў. Аптымізм. Палеміка непатрэбная. Перш дайсьці да сэрца, a пасьля дойдзеш i да розуму. Кажа, што ён памыляўся, калі імкнуўся з артыстамі гутарыць аб мастацтве. Ix душы спрагнёныя Бога, i ім трэба гаварыць аб Богу. Non difendere la fede, ma diffondere!» (не бараніць веру, а пашыраць. – А.Н.). 21 ліпеня: «Дон Карлё (напэўна, памылка: павінна было быць Джаваньні. – А.Н.) Росьсі паўтарыў сказ кардынала Фэррэры: калі жадаеце мець посьпех у апасталяце, дапамагайце дзецям, хворым i бедным! Гаварыў на тэму: Coadjutores Dei sumus! (Мы – памочнікі Бога. Гл. l Kap 3:9. – А.Н.). Глыбокі, сакавіты сказ сьв. Паўла! Вось лозунг, вось кліч майго біскупства! Божа, не глядзі на мае грахі i не адкажы мне Тваёй ласкі быць Тваім памочнікам!»
Айцец Сіповіч вярнуўся ў Рым 24 ліпеня. Hаступнага дня ва Ўсходняй Кангрэгацыі яму пацьвердзілі, што ягонае сьвячаньне будзе 4 жніўня ў царкве сьв. Ганны ў Мюнхэне пад час Міжнароднага Эўхарыстычнага Кангрэсу. Яно стане найважнейшай падзеяй (coronamento) “дня сьвятароў” на Кангрэсе. У той самы дзень прынесьлі папскую булю119 біскупскага прызначэньня. Сіповіч запісаў у сваім дзёньніку: «Гэты гістарычны акт, акт ласкі Божай для ўсяго беларускага народу я прымаю i цалую». Яму трэба было перакласьці булю на беларускую мову.
2 жніўня айцец Сіповіч разам з айцом Татарыновічам прыехаў у Мюнхэн, дзе на станцыі яго ўжо чакала вялікая група беларусаў на чале з айцом Уладзімерам Салаўём, ягоным сакратаром на час Кангрэсу. Прыехалі ў гатэль для сьвятароў, Pius Maria Heim, дзе Сіповіч меў жыць. I тут не абышлося без малога інцыдэнту. Вось што ён сам піша ў дзёньніку: «Ha маіх дзьвярах было напісана імя i прозьвішча i “Polen” (Польшча). Я папрасіў a. Салаўя, свайго сакратара на Кангрэс, каб гэта адразу было зьменена на “Weissruthene” (беларус), што было зроблена».
Нарэшце прыйшоў чацьвер 4 жніўня. На царкве сьв. Ганны звонку вісіць бел-чырвона-белы сьцяг. У царкве каля алтара стаіць харугва з выяваю Жыровіцкай іконы Божай Маці. Царква напоўнілася народам доўга перад 9-й гадзінай, калі мела пачацца ўрачыстая багаслужба. Літургію адпраўляе архібіскуп Іван Бучка, а зь ім біскупы Платон Карныляк, украінскі экзарх зь Мюнхэну, i Андрэй Каткоў з Рыму, а таксама пяць беларускіх сьвятароў. З правага боку алтара, на адмысловым месцы – біскуп Баляслаў Слоскан, апостальскі адміністратар Менскі i Магілеўскі, у мітры i “капе”. Таксама прысутнічаюць біскупы Букатка, Шмандзюк i Прашка (украінцы), Гаўліна (паляк), біскупы з Ганы i Мадагаскару ды інш. Айцец Сіповіч, у сьвятарскім адзеньні, стаіць зь левага боку алтара. Пасьля Малога ўваходу айцы Леў Гарошка i Міхась Маскалік вядуць айца Сіповіча да алтара. Мансіньёр Маёлі, прадстаўнік Усходняй Кангрэгацыі, чытае па-лаціне папскую булю: «Joannes Episcopus Servus Servorum Dei dilecto filio Ceslao Sipovich... salutem et apostolicam benedictionem... Ян Біскуп, Слуга слугаў Божых, нашаму дарагому сыну Чэславу Сіповічу... прывітаньне i апостальскае блаславеньне. Паколькі Сьвятая Рада, адказная за справы Ўсходняй Царквы, уважала карысным задаволіць патрэбы беларускіх вернікаў ўсходняга абраду, якія дзеля якой-колечы прычыны жывуць за межамі бацькаўшчыны, Мы, ахвотна згадзіўшыся з гэтым... палічылі цябе, дарагі сыне, чые выдатныя духоўныя i інтэлектуальныя цноты i выпрабаваная пабожнасьць да Бога ясна сьведчаць на тваю карысьць, годнай асобай, якой можна даручыць такі абавязак. I каб ты мог выконваць свае абавязкі з большай карысьцю... нашай апостальскай уладай прызначаем цябе Біскупам з тытулам пасаду Марыямітанскага...»120
Айцец Салавей чытае булю па-беларуску.
Затым пачаўся абрад біскупскага сьвячаньня. Сам Сіповіч так апісаў яго ў сваім дзёньніку: «Пачынаю вызнаньне веры. Пасьля другога вызнаньня веры мае ногі быццам не мае... Стараюся чытаць выразна i не сьпяшыць. Хутка (для мяне) надыходзіць найважнейшая хвіліна. Даюць мне жэзл. Я кленчу. Над галавой цяжкае Эвангельле. Здаецца, ніхто яго не падтрымлівае, бо яно цісьне мяне, i каб не апора аб жэзл, хіба ня вытрымаў бы цяжару. Малюся як магу i умею, каб Дух Сьв. даў мне сваю моц у стане архіерэйскім. Пасьля аблачэньне i тое незабываемае аксіос! (годны! – А.Н.) Вітаюся з усімі архіерэямі... Прыводзіць мяне а. Марусын да Я. Э. Букаткі, a той сьпявае ектэніі і многалецьце. Яго звонкі голас напаўняе ўвесь касьцёл, нейкая радасьць разьліваецца на тварах усіх прысутных. Я ўжо з ласкі Божай архіерэй...» Да гэтага апісаньня варта дадаць, што ва ўскладаньні рук бралі ўдзел усе прысутныя біскупы.
Пасьля Літургіі i блаславеньня новым біскупам усіх прысутных – урачысты прыём y Kolpinghaus з багата застаўленым сталом. Апісвае біскуп Сіповіч: «Згодна з воляй Я. Э. Бучкі першую прамову маю я сам. Гавару па-беларуску, па-лаціне i па-ангельску. Дзякую Хрысту за ласку паўнаты сьвятарства i Яго наступніку на зямлі Папу Яну XXIII, такжа ўсім тым, хто спрычыніўся да маёй хіратоніі... Наступным прамаўляе Я. Э. Бучка па-ўкраінску. Між іншым ён выказвае радасьць, што каталіцкая Царква Усх. абраду сярод беларусаў аднавілася. Ён такжа “пацяшае”, так як тая цыганка кагосьці пацяшала: “7 гадоў будзеш гараваць, а пасьля прывыкнеш”. Пасьля мае слова Монс. Моёлі. Гавора па-італьянску, з гумарам... Кажа, што ён вельмі рады, што беларусы пасьля гэтак доўгага перарыву, спрычыненага прасьледам i палітычнымі абставінамі, маюць цяпер свайго біскупа, які ад імя Беларусі будзе прыймаць удзел такжа ў экумэнічным саборы. Пасьля гаворыць сп. інж. М. Абрамчык, Старшыня Рады БНР. Ён такжа выказаў задавальненьне, што беларуская каталіцкая ўсходняя Царква ў асобе Ч. Сіповіча атрымала свайго біскупа... Ён выказвае ўдзячнасьць Ап. Пасаду ад імя ўсіх беларусаў».
Haступнага дня, 5 жніўня: «Вечарам у касьцеле Maria von gutem Rate мая біскупская служба для беларусаў... Гаварыў казаньне аб Хрысьце ў сьв. Эўхарыстыі i аб пасланстве біскупа, біскупа беларускага. Пасьля мне гаварылі, што ўважаць трэба гэта казаньне праграмовым i натхнёным, i прасілі яго зьместу, але я яго ня меў. Меў прыгатаваны толькі ў думцы». На гэтай “сямейнай” урачыстасьці беларусы першы раз маглі быць самі з сваім Уладыкам. Між іншым, ад самага пачатку неяк натуральна ўсе сталі ўжываць традыцыйны зварот “Уладыка”, a “біскупа” пакінулі для афіцыйных дакумэнтаў i фармальных аказіяў. Нават ангельскія прыяцелі ў Лёндане з часам навучыліся казаць “Влядііка”...
У суботу 6 жніўня, як піша Ўладыка Чэслаў, «на галоўным алтары на Theresienwiese сьв. Літургія ўсіх усходніх біскупаў пры асысьце Патрыярха Антыяхійскага Максіма IV. Саслужыла 11 біскупаў: Я. Э. Я. Э. Гэрманюк, Бучко, Саварын, Корныляк, Прашко, Букатко, Шмондзюк, Катков, Сіповіч, Гакім. Прыслужвалі два дыяканы: украінскі i з Шэвэтоню. Сьпявалі тры хоры: украінскі, г. зв. расейскі i грэцкі. “Расейскі” (з Шэвэтоню – A. H.) дыякан маліўся толькі за “страждущих русских братьев”. За гэта ён быў напомнены мной i Я. Э. Букаткай. Ён перапрасіў пасьля літургіі Я. Э. Гэрманюка. Прасіў даць яму пакуту: я сказаў, каб памаліўся за народы ўкраінскі і беларускі. Калі я расказаў аб гэтым інцыдэнце Монс. Моёлі, дык гэты аб дыякану сказаў “che stupido!” (што за дурань. – А.Н.)».








All the contents on this site are copyrighted ©.