2007-07-06 14:10:27

Напрыканцы тыдня, які асветлены вялікім нацыянальным святам - ўрачыстасцю Маці Божай Будслаўскай,апякункі Беларусі,што адзначаем 2 ліпеня, хочым даць кароткую справаздачу.


RealAudioMP3 У 2007 годзе фест сабраў па самых сціплых падліках больш за 30 тысяч вернікаў з розных куткоў Беларусі і з па-за мяжы. Сёлета ў Будслаў быў дастаўлены крыж, зроблены з драўніны, якую літоўскія рэстаўратары дасталі са сценаў віленскага кляштару бэрнардынаў. Паўтысячагоддзя таму гэтыя дрэвы раслі там, дзе сёння ўзносяцца прыгожыя вежы велічнага будслаўскага храма. Тады распачаўся сплаў драўніны з гэтых мясцінаў ў Вільню, дзе менавіта з яе і быў пабудаваны бэрнардынскі манастыр. Цяпер, у 2007 годзе, крыж з дрэва, што укарэнена было ў гэтай зямлі, даставіла ў Будслаў па рэках першая водная пілігрымка.Яе зарганізаваў і ўзначаліў кс. Уладзіслаў Завальнюк. Крыж на ўсе святы быў усталяваны каля базылікі перад алтаром, дзе праходзілі святочныя набажэнствы.
Прыгадаем тут загад аб Каранаванні Іконы маці Божае Будслаўскае:” БРЭВЕ Святога Айца Яна Паўла 2-га:- "Найсвяцейшая Панна Марыя - вобраз Касцёла, ранішняя зорка адроджанага праз ласку роду чалавечага, прыклад і трывалая надзея для ўсіх, хто імкнецца да Нябеснага Валадарства Ерузалем, святло ўсходу. Таму на працягу стагоддзяў Касцёл няспынна выпрошваў дапамогу Маці Божай, гучна праслаўляў Яе цноты. Паколькі шаноўны наш брат кардынал Казімір Свёнтэк, арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі лістом ад 19 сакавіка, у якім змешчаны просьбы духавенства і вернікаў, выказвае пажаданне, каб ад нашага імя і нашым высокім аўтарытэтам шляхетная карона магла быць ускладзена на адораны ласкамі абраз Багародзіцы, які ў касцёле Маці Божай Унебаўзятай у мястэчку Будслаў карыстаецца глыбокаю пашанаю, хочам да гэтай пабожнай просьбы добразычліва аднесціся. Таму, беручы пад увагу ўсе тое, чым Кангрэгацыя Божага культу і сакрамэнтаў сілаю атрыманых ад нас паўнамоцтваў у гэтай справе валодае, моцаю нашае апостальскае ўлады дазваляем іерарху, які нас просіць, каб на вышэйзгаданы абраз ад нашага імя і нашаю ўладаю ён урачыста ўсклаў каштоўную карону. Маем моцную надзею, што марыйны культ сярод людзей паўплывае на ўзрастанне веры і хрысціянскага жыцця. Ніякія іншыя законы не могуць гэтаму перашкодзіць . Дадзена ў Рыме, ля святога Пятра, з пячаткаю Рыбака 7 чэрвеня 1995 года на семнаццатым годзе нашага пантыфікату. (Кардынал Анджэло Садано,Дзяржаўны Сакратар. ) Абвешчана 2 ліпеня 1998 года ў Будславе.
Сёлета пілігрымы прыбывалі ў Будслаў пешшу, на аўто, віласіпедах, па вадзе... "Нягледзячы на тое, што ў гэты дзень, як здараецца амаль штогод, прайшлі моцныя дажджы з градам, радасці пілігрымаў гэтая акалічнасць зусім не азмрочыла. Паўсюль у Будславе гучалі спевы, смех і радасныя воклічы прывітання кожнай ,адрасаваныя кожнай групе новапрыбылых пілігрымаў. “-піша каталіцкая старонка Інтэрнету. Літургічным пачаткам урачыстасці сталіся традыцыйныя Нешпары ў гонар Маці Божай Будслаўскай, цэлебрацыю якіх узначаліў кс. Ігар Лашук. Апоўначы Віцебскі біскуп Уладзіслаў Блін цэлебраваў урачыстую святую Імшу, якая, як заўсёды, распачалася працэсіяй са свечкамі па парку перад базылікай. У цэлебрацыі Эўхарыстыі ўзялі ўдзел Апостальскі Адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Антоні Дзям’янка, які шчыра прывітаў усіх прысутных, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Вялікаселец (ён на пачатку Імшы асвяціў копію абраза Маці Божай Будслаўскай), а таксама каля сотні святароў лацінскага і ўсходняга абрадаў з усіх дыяцэзій на Беларусі і з-за мяжы. У дзень урачыстасці святую Імшу цэлебравалі каталіцкія біскупы Беларусі на чале з Апостальскім Нунцыем у нашай краіне арцыбіскупам Марцінам Відавічам. Гамілію прамовіў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч.
Крыху гісторыі: 1591 г. - пад тытулам Наведвання Найсвяцейшай Марыі Панны быў асвечаны драўляны касцёл. У той час прадстаўніцтва бернардынцаў тут было яшчэ нешматлікім і таму мела статус толькі рэзідэнцыі. 1613 г. - Тут з'яўляецца цудоўны абраз Маці Божай. З 1990-х гг. пачалося адраджэнне будслаўскіх святыняў. 2 ліпеня 1992 г. - Адбылася першая пілігрымка. 1996 г. - Вяртанне ў Будслаў бернардынцаў. Сёння будслаўскі касцёл аб'яўлены помнікам архітэктуры рэспубліканскага значэння. Пабудаваная побач з ім у ХІХст. плябанія таксама прызнаная помнікам грамадзянскага дойлідства з рысамі эклектыкі. Выдатна захавалася капліца на старажытных парафіяльных могілках - гэта невялікая прамавугольная ў плане пабудова з буту пад 2-схільным дахам, узведзеная пад уплывам класіцызму. Цудатворны абраз: Іканаграфія тыпу Адзігітрыі, але трактаваная свабодна, у духу італьянскага Рэнесансу. Маці Божая намаляваная па пояс, Твар з правільнымі рысамі, мадэліроўка аб'ёму святлоценявая, левая палова ў глыбокім ценю. Дзіцятка Езус - на левай руцэ . Пухлыя ручкі працягнуты да Маці: правая благаслаўляе, а левай Езус нібы падае Маці плод граната, шматзначны сімвал вечнага жыцця, а таксама Касцёла, шматлікіх вернікаў якога ўвасабляюць зярняткі .








All the contents on this site are copyrighted ©.