2007-06-28 13:26:44

Пачалася 17-я пешая пілігрымка Менск- Будслаў


27 чэрвеня 2007 г. ад архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі выйшла XVIІ пешая пілігрымка Мінск-Будслаў. У пяцідзённы шлях да Маці Божай Будслаўскай са сталіцы вырушылі больш за трыста пілігрымаў.
Калона пілігрымаў, стракатая ад рознакаляровых хусцінак, харугваў і сцягоў, як заўсёды інтэрнацыянальная. Разам з беларусамі у наш нацыянальны санктуарый ідуць расіяне, палякі і літоўцы. У пілігрымцы да Маці Божай асабліва ясна адчуваеш, што мы ўсе - Яе дзеці, а таму паміж намі не павінна быць варожасці і падзелаў.
Паломніцтва распачалося святою Імшою, якую цэлебраваў у інтэнцыі пілігрымаў Апостальскі Адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Антоні Дзям’янка. У сваёй гаміліі біскуп разважаў пра значэнне адпачынку, які можа стаць часам, прысвечаным Богу.
«Сёння мы сабраліся, каб у Імя Божае распачаць пілігрымку ў Будслаў. Магчыма, многія людзі, гледзячы на вас, будуць здзіўляцца: чаму час уласнага адпачынку вы прысвячаеце рэлігійным мэтам? Няўжо не лепш было б паехаць куды-небудзь на мора або, прынамсі, на лецішча? Аднак нам нельга забывацца пра тое, што чалавек з’яўляецца адзінствам душы і цела. Адпачынак чалавека - гэта не толькі «перадых» для змучанага цела, але таксама дыханне для душы. А чалавечая душа адпачывае толькі ў кантакце з Богам, і гэты кантакт нясе з сабою адкрыццё сэнсу жыцця чалавека і дае сілы любіць бліжняга», - з такімі словамі звярнуўся біскуп да пілігрымаў. Ён таксама адзначыў, што «пілігрымка ў Будслаў з’яўляецца своеасаблівым сімвалам нашага жыцця, гэта як бы вандраванне ў дом Нябеснага Айца. На шляхі пілігрымкі ў дом Спрадвечнага ўваходзіць той, хто распачынае духоўную або ўнутраную пілігрымку. Гэта імкненне да святасці».
На заканчэнне біскуп Антоні Дзям’янка нагадаў, што пілігрымка мае выключна рэлігійны характар і благаславіў пілігрымаў, пакрапіўшы іх святою вадою. Як заўсёды, большасць пілігрымаў складае моладзь, але ёсць таксама старэйшыя людзі і дзеці. Цікава, што некаторыя маладыя сем’і пазнаёміліся менавіта ў дарозе да Маці Божай.








All the contents on this site are copyrighted ©.