2007-06-26 13:11:24

Першы выпуск студэнтаў-тэолагаў у Віцебску


29 чэрвеня 2007 г. у Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. М. Машэрава а 13-й гадзіне адбудзецца ўрачыстае ўручэнне дыпломаў першаму выпуску студэнтаў тэалагічнага факультэта — маладым спецыялістам у галіне багаслоўя. У цырымоніі возьмуць удзел прадстаўнікі епіскапатаў Праваслаўнай Царквы і Каталіцкага Касцёла.
Улетку 2002 г. пры актыўным садзейнічанні праваслаўнага архібіскупа Віцебскага і Аршанскага Дымітрыя і ардынарыя Віцебскай дыяцэзіі біскупа Уладзіслава Бліна на гістарычным факультэце Віцебскага дзяржаўнага універсітэта была адкрыта спецыяльнасць «тэалогія, параўнальнае і гістарычнае рэлігіязнаўства». Першыя студэнты новай спецыяльнасці распачалі навучанне з благаслаўлення Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, які асабіста наведаў Віцебскі універсітэт увосені 2002 г. На працягу ўсяго навучальнага працэсу адбываліся рэгулярныя сустрэчы будучых тэолагаў з Віцебскім біскупам Уладзіславам Блінам.
У 2006/2007 навучальным годзе на спецыльнасці навучаліся больш за 70 студэнтаў. Навучанне адбываецца ў супрацоўніцтве з Інстытутам тэалогіі імя св. Кірыла і Мятода Беларускага дзяржаўнага універсітэта, а таксама з праваслаўнай япархіяй і Віцебскай дыяцэзіяй Рыма-Каталіцкага Касцёла. Сярод выкладчыкаў як свецкія спецыялісты ВНУ, так і прадстаўнікі духавенства абедзвюх канфесій.








All the contents on this site are copyrighted ©.