2007-06-23 08:44:48

Біскуп Чэслаў Сіповіч- Сьвятар і Беларус ( працяг)


Між тым айцец Язэп Германовіч нарэшце атрымаў пашпарт і дазвол на выезд у Італію. Як ён пасьля сам апавядаў, ён абвінаваціў польскіх урадоўцаў у дыскрымінацыі за тое, што ён беларус, i гэта, здаецца, падзейнічала... У суботу 24 кастрычніка айцец Германовіч прыехаў у Рым. Айцец Гарошка адразу паведаміў гэтую радасную вестку айцу Сіповічу. Па прыезьдзе айцец Язэп сказаў, што Лосю ды іншым беларускім сьвятаром выехаць няма ніякага шанцу, бо ўлады ix ня пусьцяць. Ён таксама заявіў, што ня мае ніякага жаданьня вяртацца ў Польшчу. Гэта не спадабалася марыянскім уладам – тыя баяліся, што польскія камуністы могуць помсьціць i чыніць перашкоды ў будучыні. Але Германовіч не хацеў нават i слухаць...
У Рыме айцец Германовіч напісаў 9 сьнежня кароткую гісторыю Харбінскай місіі, дзе між іншага сказаў: «Мы, законьнікі марыяне, прызначаныя для Місіі ў Харбін, былі ўсе беларусамі, i мы працавалі для Бога i для Царквы, i для бацькаўшчыны... чужое, менавіта Расеі, што ад вякоў была для нас варожаю» (laboravimus pro Deo et Ecclesia, et pro patria... aliena, scilicet russa, quae a seculis fuit nobis inimica). Сканчае ён справаздачу цьверджаньнем, што прыйшоў час ім працаваць для ўласнага народу.
Дарэчы, польскія ўлады адмаўлялі ў выезьдзе за мяжу ня толькі марыянам-беларусам. Айцец Вячаслаў Аношка, беларускі грэка-каталіцкі сьвятар, якога экзарх Неманцэвіч прызначыў сваім заступнікам, пад канец вайны мусіў уцячы ў Польшчу пасьля таго, як у апошнюю хвіліну яму ўдалося выратавацца ад расстрэлу савецкімі партызанамі. Ён хацеў прыехаць на зьезд у Рым, але не атрымаў дазволу.
11 лістапада 1959 году папа Ян XXIII звольніў кардынала Тысэрана з пасады галавы (сакратара) Усходняй Кангрэгацыі i на ягонае месца прызначыў кардынала Амлета Чыканьяні (Amleto Cicognani). Вядомы вучоны-арыенталіст, які дасканала ведаў Хрысьціянскі Ўсход, Тысэран перадусім быў сьвятаром, для якога на першым пляне заўсёды стаялі меркаваньні пастырскага характару. Пасьля 23 гадоў ва Ўсходняй Кангрэгацыі (ён атрымаў прызначэньне ў 1936 годзе) ягоны сыход выглядаў амаль непазьбежным. Тым ня менш шмат хто ўспрыняў яго як канец эпохі.
Беларусы павінны дзякаваць Аўгену Тысэрану (1884–1972), першаму высокаму Ватыканскаму дастойніку, які з спагадаю i разуменьнем паставіўся да іхных патрэбаў i шмат у чым дапамог. Пасьля ягонага сыходу настаў трывожны момант, калі не было ведама, ці працягне новы кіраўнік Усходняй Кангрэгацыі палітыку свайго папярэдніка ў дачыненьні да беларусаў. Трывога аказалася беспадстаўнай: стаўленьне не зьмянілася, можа таму, што ніжэйшы пэрсанал застаўся той самы, у тым ліку мансіньёр Маёлі, які адказваў за беларускія справы. 26 лістапада Сіповіч пісаў біскупу Слоскану: «Як вы ўжо напэўна ведаеце, Я. Эм. Кардынал Тысэран пакінуў Усх. Кангрэгацыю, а на яго мейсца прышоў Я. Эм. Кардынал Чыканьяні. Сталася гэта даволі непрадбачана, але Божая воля! Мы сваё памаленьку, але сыстэматычна павінны рабіць, i ня думаю, што мы павінны ізноў пытаць нейкага дазволу. Калі будзе гатовы камунікат, перашлём у Кангрэгацыю разам з лістом, у якім прыпомнім ім абяцаную дапамогу нашаму зьезду».
З набліжэньнем зьезду стала зразумела, што на ім будуць прысутнічаць толькі сьвятары з Эўропы. З Амэрыкі i Аргентыны ніхто прыехаць ня мог, перадусім празь вялікія выдаткі на дарогу. Перад самым зьездам біскуп Слоскан захварэў, i было невядома, ці зможа ён прыехаць у Рым. На шчасьце, ён акрыяў у час. Такім чынам, у панядзелак 1 лютага ў Рыме сабраліся, апрача біскупа Слоскана: айцы Язэп Германовіч, Леў Гарошка, Пётра Татарыновіч i Ян Садоўскі з Рыму; Чэслаў Сіповіч i Аляксандар Надсан зь Лёндану; Кастусь Маскалік з Парыжу; Міхась Маскалік з Госьляру i Ўладзімер Салавей з Шонгаў, што ў Нямеччыне. Першы дзень адводзіўся для рэкалекцыяў, якімі кіраваў Слоскан. Праца зьезду пачалася на другі дзень, 2 лютага. Галоўныя тэмы для дыскусіяў прапанаваліся ў дакладах “Рэлігійныя праблемы беларускай эміграцыі” (Гарошка); “Як задаволіць рэлігійныя патрэбы беларусаў” (Сіповіч); “Беларуская рэлігійная прэса” (Татарыновіч). Айцец Францішак Чарняўскі прыслаў айцу Сіповічу доўгі ліст, у якім апісаў стан духоўнай апекі над беларусамі каталікамі ў Амэрыцы.
Шмат абмяркоўвалася пытаньне ўласнага біскупа. Усе згадзіліся, што насьпела патрэба мець беларускага біскупа, i дамовіліся ў просьбе да Сьвятога Айца ня згадваць абраду. Біскуп Слоскан цалкам падтрымаў агульную думку. Разам з тым ён сказаў, што хацеў бы захаваць для дабра саміх беларусаў тытул адміністратара Менскага i Магілеўскага, які даваў яму правы тэрытарыяльнага біскупа i таму мог прыдацца ў будучыні. Калі б Слоскан зрокся, Апостальскі Пасад не прызначыў бы нікога на ягонае месца.
Абмяркоўваючы пастырскую дзейнасьць, прысутныя засьведчылі вялікі недахоп сьвятароў i расьцярушанасьць вернікаў. Разглядалася магчымасьць стварыць рэлігійныя асяродкі, якія б абслугоўвалі большыя тэрыторыі. Напрыклад, Лёнданскі мог бы ахопліваць сваёй дзейнасьцю таксама Бэльгію i Францыю. Праект адхілілі, бо ня бачылі спосабаў яго ажыцьцявіць. Але празь некалькі гадоў усё адно сталася, як прадбачылі тыя, хто высунуў гэтую ідэю.
Ажыўленую дыскусію выклікала справа пастырскай працы сярод беларусаў у Амэрыцы. У выніку зьявілася прапанова, каб айцы Сіповіч i Германовіч ехалі ў Амэрыку i паглядзелі, ці можна заснаваць асяродак, падобны да Лёнданскага, у ваколіцах Нью-Ёрку. Айцец Гарошка застаўся б у Лёндане на месцы Сіповіча. Аднак гэты плян стаў незьдзяйсьняльным, калі Сіповіч атрымаў біскупскую годнасьць.
Шмат увагі аддавалася справе беларускай рэлігійнай прэсы i яе месцу ў пастырскай дзейнасьці ва ўмовах, калі заўважна не стае сьвятароў. Усе згадзіліся, што рэлігійная прэса – адзін з мэтадаў прапаведаньня Эвангельля Збаўленьня, i таму яна павінна рабіцца на адпаведным роўні, пазьбягаць спрэчак i ўсяго, што можа некага пакрыўдзіць ці зьняважыць. Рэлігійная прэса не павінна быць месцам моўных экспэрымэнтаў, бо такім чынам можна страціць кантакт з чытачамі, якія перастануць разумець напісанае. Усе пагаджаліся, што, замест таго каб пачынаць новыя часопісы, трэба падтрымаць ужо наяўныя, у першую чаргу Божым шляхам i Зьніч. Таксама падкрэсьлівалася важнасьць рэлігійных праграмаў у Ватыканскім Радыё, якія, хоць зь цяжкасьцю, можна было слухаць ў Беларусі. Сярод іншых пытаньняў закраналіся справы сьвятарскіх пакліканьняў i рэлігійнага выхаваньня моладзі.
Апрача праблемаў пастырскай працы, зьезд не забыўся зьвярнуць увагу на саміх сьвятароў i іхнае духоўнае жыцьцё, a таксама іхнае месца ў беларускім грамадзтве. Вось некаторыя з пастановаў зьезду:
«Для сьвятара быць беларусам азначае, што ён ёсьць адказны перад Богам за душы ўсіх беларусаў, незалежна ад іхных палітычных ці ідэалягічных поглядаў. Дзеля гэтага сьвятар павінен стаяць вышэй за палітычныя групоўкі... i бачыць перадусім у кожным беларусе сына Божага.
Беларускія сьвятары не павінны ніколі забывацца аб нашай дарагой Бацькаўшчыне Беларусі i аб нашых братох, якія церпяць камуністычную няволю. Акрамя малітвы, якая зьяўляецца нашым найважнейшым абавязкам, мы павінны зрабіць усё магчымае, каб быць гатовымі вярнуцца на Бацькаўшчыну, у мамэнце, калі Бог нам на гэта дазволіць...
...Зьезд заклікае ўсіх сьвятароў ня траціць сьведамасьці свайго высокага прызваньня i імкнуцца заўсёды паглыбляць індывідуальную сьвятасьць, каб ня толькі словамі, але цэлым сваім жыцьцём быць сьведкамі Праўды Хрыстовай. У прыватнасьці сьвятары павінны выконваць тыя абавязкі малітвы i рэлігійных практыкаў, якія на ix ускладае Сьвятая Царква цераз кананічнае права, уважаючы гэтыя абавязкі не як цяжар, але як радасны прывілей».
Шмат часу заняло абмеркаваньне мэмарыялу да Сьвятога Айца. Вось асноўныя пункты канчатковай рэдакцыі:
«Мы, беларускія сьвятары на выгнаньні, раскінутыя па розных краінах, занятыя пастырскай працай сярод нашых суайчыньнікаў, i біскуп Баляслаў Слоскан, Апостальскі Візытатар для беларусаў бізантыйска-славянскага абраду, сабраўшыся на зьезьдзе ў Рыме 1–6 лютага 1960 году, абмеркаваўшы справы вялікай вагі i разважыўшы сур’ёзна перад Богам, каб валадарства Хрыста ў сэрцах нашых братоў беларусаў пашыралася лягчэй, асьмельваемся прасіць Цябе наступнае:
1. Каб быў назначаны біскуп беларускай нацыянальнасьці з дастатковымі паўнамоцтвамі, каб спраўляць пастырскую апеку сярод беларусаў у Эўропе;
2. Каб быў назначаны біскуп беларускай нацыянальнасьці з тытулам Экзарха або прынамсі Апостальскага Візытатара, з дастатковымі паўнамоцтвамі, у Злучаных Штатах Амэрыкі i Канадзе, дзе знаходзіцца большая частка беларускай эміграцыі;
3. Каб быў беларускі прадстаўнік у Найвышэйшай Радзе для эмігрантаў;
4. Каб была ласкава дадзеная грашовая дапамога для заснаваньня ў Злучаных Штатах Амэрыкі законнага дому беларускіх айцоў марыянаў, a пры ім царквы, апостальскай школы, малой сэмінарыі i місіянерскага цэнтру;
5. Каб была ласкава дадзеная дапамога для выдаваньня i распаўсюджваньня рэлігійных часапісаў на беларускай мове, як у Эўропе, так i ў Амэрыцы».








All the contents on this site are copyrighted ©.