2007-06-21 15:59:24

На Глыбоччыне распачаўся фэстываль "Magnificat 2007"


20 чэрвеня у Глыбокае прыехалі арганізатары, члены журы і госці Міжнароднага каталіцкага фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлевізійных праграм «Magnificat 2007», які праходзіць ужо ў трэці раз.
Урачыстае адкрыццё фестывалю пройдзе сёньня, 21 чэрвеня ў Удзеле.
Мерапрыемствы фестывалю праходзяць у Глыбокім, а таксама ў вёсках Удзела і Мосар. Розныя канфесіі, розныя творчыя плыні аб’яднала ідэя евангелізацыі грамадства і падтрымкі агульначалавечых каштоўнасцяў сродкамі кіно і тэлебачання.
Міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Magnificat» з’яўляецца аглядам прац беларускіх і замежных майстроў у галіне кіно і тэлебачання, скіраваных на евангелізацыю грамадства і падтрымку агульначалавечых каштоўнасцяў, створаных у розных хрысціянскіх традыцыях.
Заснавальнікамі першага ў гісторыі Беларусі каталіцкага фестывалю з’яўляюцца: Каталіцкая асацыяцыя для камунікацый «SIGNIS—Беларусь», незалежная студыя «Стопкадр», рэдакцыя рэлігійнага часопіса «Дыялог», а таксама Віцебская дыяцэзія Каталіцкага Касцёла. Фестываль праводзіцца пад патранажам Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Вялікую дапамогу арганізатарам аказвае выканаўчы камітэт Глыбоцкага раёна.
У фестывалі бяруць удзел каталіцкія, праваслаўныя і пратэстанцкія тэлевізійныя каналы і кінастудыі з 14 краін свету. На форуме прадстаўлены таксама свецкія творчыя аб’яднанні і асобныя дзеячы мастацтва. Такім чынам, мерапрыемства мае цалкам экуменічны характар, і адзіным крытэрыем для вызначэння пераможцаў з’яўляецца агульны ўзровень прадстаўленых прац.








All the contents on this site are copyrighted ©.