Біскуп Чэслаў Сіповіч - Сьвятар і Беларусі ( працяг)
Але вернемся да Гольдэн Авэню. Капліца сьв. Пятра i Паўла ў Марыян Гаўз стала адной
зь першых “усходніх” каталіцкіх сьвятыняў у Англіі. Многія англамоўныя каталікі жыва
цікавіліся Ўсходнім Хрысьціянствам. Дастаткова прыгадаць прозьвішчы такіх аўтараў,
як Адрыян Фортэск’ю, Дональд Атўотэр, Арчдэйл Кінг i бэнэдыктынскі манах Дом Бід Ўінслаў,
які ў 1931 годзе заснаваў вядомы ва ўсім сьвеце часопіс, прысьвечаны ўсходнехрысьціянскім
пытаньням, The Eastern Churches Quarterly,і быў яго нязьменным рэдактарам
аж да сьмерці ў 1959 годзе. У Марыян Гаўз ладзілі канфэрэнцыі, чыталі даклады, зьбіраліся
дыскусійныя гурткі. Часам усходнія багаслужбы праходзілі таксама ў “лацінскіх” цэрквах,
калі ў туманны Альбіён прыяжджаў нейкі “ўсходні” сьвятар. Капліца сьв. Пятра i Паўла,
а таксама неўзабаве ўзьніклыя ўкраінскія грэка-каталіцкія цэрквы давалі магчымасьць
ангельскім каталіком прысутнічаць на ўсходніх богаслужэньнях у ix звычайным асяродзьдзі.
Гэта дапамагала ім усьведаміць унівэрсальны характар Царквы Хрыстовай, дзе разнастайнасьць
традыцыяў i звычаяў, як аддаваць хвалу Богу, не стаяла на перашкодзе еднасьці веры,
а наадварот, узмацняла яе. У Марыян Гаўз прыходзіла шмат ангельцаў, але толькі
адзінкі рабіліся сталымі “парафіянамі”. Адзін зь ix – Гай Пікарда, які яшчэ студэнтам
Оксфардзкага Ўнівэрсытэту прыйшоў, шукаючы матар’ялаў па бізантыйскай царкоўнай музыцы.
Ён застаўся прыяцелем Марыян Гаўз i беларусаў на ўсё жыцьцё i шмат зрабіў у вывучэньні
беларускай царкоўнай музыкі, шчыра працаваў, каб пашыраць веды пра Беларусь i беларускую
культуру ў англамоўным сьвеце. Прыблізна ў тым часе прыйшла ў Марыян Гаўз Вера Рыч,
вядомая ангельская паэтка i перакладчыца беларускай паэзіі на ангельскую мову. У
1950 годзе, згодна з інструкцыяй Бучыса, айцец Сіповіч наладзіў сувязь з арганізацыяй
Legion of Mary (Легіён Марыі). Узьнік своеасаблівы “Ўсходні прэзыдыюм”. У яго
ўвайшлі сымпатычныя i пабожныя ангельскія i ірляндзкія юнакі i дзяўчаты, поўныя добрай
волі, але з выняткам аднаго ці двох яны ня выказалі глыбейшага зацікаўленьня Ўсходнім
Хрысьціянствам. Другая арганізацыя, якая мела свой адрас у Марыян Гаўз, – Таварыства
Сьвятога Яна Залатавуснага (The Society of Saint John Chrysostom), створанае, каб
распаўсюджваць веды пра ўсходніх хрысьціянаў у англамоўным каталіцкім сьвеце. Заснаванае
ў 1926 годзе з ініцыятывы Дэрбіньі, які хацеў выкарыстаць яго для пашырэньня ідэі
“навяртаньня Расеі”, яно спыніла сваю дзейнасьць у часе вайны 1939–1945 гадоў i аднавілася
ў 1959 годзе, але ўжо ў іншым духу, дзякуючы намаганьням айца Сіповіча. Галоўным памочнікам
Сіповіча была Гэльле Геаргіядэс, грачанка, па прафэсіі настаўніца фізыкі. Раней, перш
чым прыняць каталіцтва, яна выконвала сакратарскія абавязкі ў англа-праваслаўным Таварыстве
Сьвятых Альбана i Сергія. Прэзыдэнтам Таварыства Яна Залатавуснага быў архібіскуп
Ўэстмінстэрскі. Айцец Сіповіч стаў сакратаром, а пасьля, як біскуп, – віцэ-прэзыдэнтам.
Гэльле Геаргіядэс рэдагавала англамоўны часопіс Chrysostom (Хрызастом), які
зрабіў шмат для пашырэньня ведаў пра Ўсходняе Хрысьціянства ў англамоўным сьвеце. Айцец
Сіповіч заўсёды любіў кнігі. У Марыян Гаўз ягоны маленькі кнігазбор вырас у невялікую,
але багатую на добрыя выданьні бібліятэку. Яна складалася з двох галоўных аддзелаў:
рэлігійнага, з асаблівай увагай да матар’ялаў пра Ўсходняе Хрысьціянства; i беларускага,
у якім ужо на той час захоўвалася нямала вартасных і рэдкіх выданьняў. Пазьней бібліятэка
Марыян Гаўз, узбагачаная кнігамі, сабранымі а. Гарошкам, сталася ядром Бібліятэкі
імя Францішка Скарыны. 6 ліпеня 1959 году, пасьля шасьці гадоў навукі ў Рыме ў
Грэцкай калегіі, айцец Аляксандар Надсан вярнуўся ў Лёндан. Ён стаў сьвятаром 23 лістапада
1958 году. Айцец Сіповіч спадзяваўся, што Надсан, якога ён ведаў з 1945 году, стане
марыянінам, i быў расчараваны, што выйшла іначай. Аднак гэта не перашкодзіла ім заставацца
прыяцелямі i шмат гадоў плённа працаваць разам. Надсан пераняў ад Сіповіча некаторыя
пастырскія абавязкі, у прыватнасьці адведваньне беларусаў па-за Лёнданам. Маючы
ў Лёндане памочніка, айцец Сіповіч мог заняцца падрыхтоўкай зьезду сьвятароў, хоць
ужо й раней зьвярнуўся да ўсіх, каб дасылалі свае прапановы. Першы адгукнуўся добры
айцец Уладзімер Салавей зь Нямеччыны. У лісьце ад 23 траўня ён зазначыў: «Вы, Айцец,
пішаце да мяне, якія праблемы трэба на гэным зьезьдзе парушыць? Вы, Ойчанька, ведаеце
нашы балячкі, вось ix i будзем парушаць. На мой погляд, – ня ведаю, ці добры, – што
ж разумнага можа салавей сказаць?» Айцец Татарыновіч меў свае сумневы наконт
зьезду, відаць, баяўся крытыкі ягоных лінгвістычных дзівосаў у часопісе Зьніч.
Урэшце, аднак, ён зрабіў усё, каб зьезд прайшоў добра i нават знайшоў адпаведнае памяшканьне
ў інтэрнаце для сьвятароў на вія Камілуччыя (via Camilluccia), дзе сам жыў. Паволі
ўсім цяжкасьцям далі рады, біскуп Слоскан зацьвердзіў праграму, і зьезд прызначылі
на 1–6 лютага 1960 году, два тыдні пасьля канца навіцыяту айца Гарошкі.