2007-06-09 10:04:18

Біскуп Чэслаў Сіповіч- Сьвятар і Беларус


Раздзел: Подых сьвежага ветру
У выніку абраньня на пасад сьв. Пятра “маладога” 77-гадовага папы Яна XXIII Каталіцкая Царква сустрэла 1959 год у атмасфэры нейкага радаснага ўздыму i чаканьня. Ледзь ня з кожных вуснаў гучала італійскае “aggiornamento”, якое цяжка перакласьці адным словам на беларускую мову. Яно азначала нешта больш як “абнаўленьне” – гэта было ўсьведамленьне Царквою ўмоваў i патрэбаў сучаснага зьменлівага сьвету, каб магчы абвяшчаць у ім вечную i нязьменную Вестку Збаўленьня.
Атмасфэра чаканьня закранула й беларусаў, якія таксама адчувалі патрэбу зьменаў. Цяпер, калі айцец Гарошка быў у марыянскім навіцыяце, выглядала, што ідэя “Новай Друі”, пра якую марыў айцец Сіповіч, пачала набываць канкрэтную форму. Але яна зьдзяйсьнялася за кошт пастырскай працы сярод беларусаў у Францыі, і гэта сьведчыла, што беларускім сьвятарам у розных краінах трэба лепш каардынаваць сваю дзейнасьць. Каб знайсьці выйсьце з гэтага цяжкога становішча, айцы Сіповіч i Гарошка задумалі склікаць зьезд сьвятароў. Прыехаўшы ў Рым, Гарошка пайшоў да кардынала Тысэрана. Вось што ён пісаў Сіповічу 22 студзеня 1959 году: «Перад самымі рэкалекцыямі я быў у кардынала Тысэрана... i парушыў справу нашага зьезду ўсіх беларускіх каталіцкіх сьвятароў. Кардынал без ніякіх засьцярогаў сказаў, што ахвотна дапаможа такому зьезду, толькі для лаціньнікаў трэба пытацца помачы ў якой небудзь іншай кангрэгацыі, але казаў, каб абавязкова напісаць яму адпаведны ліст. Потым я гаварыў так жа аб гэтым з усімі нашымі рымскімі беларусамі – Надсон захоплены такою думкаю... Татарыновіч ня мае нічога супраць, a Садоўскі: “Чаму не, хай сабе адбудзецца такі зьезд”».
Айцец Сіповіч у сваім лісьце за 5 лютага прапанаваў, каб зьезд адбыўся ў Лёндане ў Марыян Гаўз недзе ў сярэдзіне чэрвеня 1960 году, калі айцец Гарошка скончыць навіцыят, a Надсан i Садоўскі – навуку. Ён таксама згадзіўся ўзяць на сябе адказнасьць за падрыхтоўку зьезду, бо а. Гарошка ў навіцыяце ня мог гэтым займацца.
Гарошка адказаў 12 лютага: «Што да мейсца, дык на маю думку i на думку ўсіх рымскіх айцоў мусіць быць абавязкова Рым, бо галоўнай мэтай зьезду мае быць не ўзаемная гутарка, але гутарка з Ватыканам i, найважнейшае, аўдыенцыя ў Сьвятога Айца... Адносна даты зьезду, зразумела, ня трэба рабіць насьпех. Лепш падрыхтавацца як належыць... Напішы абавязкова ў гэтай справе да біск. Слосканса, зазначаючы, што пішаш не ад сябе асабіста, але ў паразуменьні з іншымі... Думаю, што ён зажадае праграмы... На маю думку такою праграмаю магла б быць: 1) Абгаварыць рэлігійную сытуацыю беларускае эміграцыі. 2) Разьмеркаваньне духавенства. 3) Што рабіць, каб беларусы каталікі лацінскага i ўсходняга абраду падлягалі нейкай адной кангрэгацыі. 4) Падрыхтоўка мэмарыялу Сьвятому Айцу. 5) Справа распачацьця бэатыфікацыйнага працэсу айцоў Абрантовіча i Цікоты».
Перш чым Гарошка атрымаў адказ ад Сіповіча, ён напісаў яму другі ліст, датаваны 6 сакавіка: «Зусім неспадзявана справа зьезду ўжо прыняла канкрэтныя формы. А сталася гэта так. У мінулым тыдні прыехаў у Рым Я(го) Э(ксцэленцыя) Слосканс i затрымаўся ў нашым доме. Спаткаўшыся з ім, я запытаўся, ці ён атрымаў ад цябе які ліст у справе зьезду. Адказаў, што не. Тады я расказаў аб нашых праектах i аб тым, што Кардынал гэты праект адобрыў. Хвіліну падумаўшы, ён ажывіўся i сказаў: “Дык напішыце ліст, а я падпішу i перадам Кардыналу, бо мушу быць у яго”. Пасьля такое гутаркі адкладаць справы было нельга, i я, паразумеўшыся з Татарыновічам (страшэнна ўпіраўся i выдумоўваў розныя засьцярогі), напісаў ліст, узгодніў яго з біскупам, i пазаўчора ўжо гэты ліст ён перадаў Кардыналу... Біскуп абяцаў пераслаць табе копію адказу Кардынала на гэты ліст, як толькі атрымае адказ з Кангрэгацыі». Адказ Усходняй Кангрэгацыі быў вельмі хуткі: 7 сакавіка яна ўхваліла прапанову зьезду i абяцала дапамогу ў 500 тысяч італійскіх ліраў на пакрыцьцё выдаткаў.
Біскуп Слоскан не выяўляў вялікай актыўнасьці ды ініцыятывы. Магчыма, прычынай тут – ягоны век i стан здароўя. Тым ня менш ён сур’ёзна ставіўся да сваіх абавязкаў у дачыненьні да беларусаў i імкнуўся, як мог, памагаць ім. Адной з мэтаў ягонага прыезду ў Рым была прыватная аўдыенцыя ў папы Яна XXIII 5 сакавіка. У часе аўдыенцыі Слоскан, як апостальскі адміністратар Менскі i Магілеўскі i візытатар для беларусаў у Заходняй Эўропе, папрасіў папу даць Апостальскае блаславеньне беларускім каталіцкім сьвятаром i ўсяму беларускаму народу.
Перш як пакінуць Парыж, айцец Гарошка аддаў у друкарню матар’ялы да Божым шляхам за 1957 год, просячы прыслаць ix на карэктуру ў Рым. Друкарня не сьпяшалася, i выхад часопісу яшчэ больш замарудзіўся. У нумары меўся быць артыкул айца Сіповіча пра Фабіяна Абрантовіча. У згаданым лісьце за 6 сакавіка Гарошка пісаў, што паказаў артыкул Татарыновічу i той «выказаў даволі слушную засьцярогу аб тым, каб лепш не публікаваць нічога аб Калпінскім, бо расейцы i асабліва езуіты потым будуць помставаць i перашкаджаць у справе бэатыфікацыі. Калі прамоўчваецца справа Найловіча, дык i аб Калпінскім можна не гаварыць, бо гэта ня сьветлая, а ценявая старонка».
Дыядор Колпінскі – расейскі каталіцкі сьвятар, якога Абрантовіч ведаў зь пецярбурскіх часоў. У 1920-х гадох ён жыў у Польшчы. Калі Абрантовіча прызначылі ў Харбін, ён прасіў даць яму памочнікам Колпінскага. На жаль, зь іхнага супрацоўніцтва нічога ня выйшла, яны разышліся, i Колпінскі памёр у Шанхаі ў 1932 годзе. Казімер (“Кузьма”) Найловіч – адзін з друйскіх клерыкаў, якіх накіравалі ў 1929 годзе вучыцца ў Рым у Русікум. У 1935 годзе яго ўжо сьвятаром выслалі ў Харбін. У 1943 годзе ён пакінуў марыянаў i Каталіцкую Царкву i ўзяў шлюб у расейскай праваслаўнай царкве з разьведзенай расейкай. Кіраўніком Місіі ў Харбіне тады быў Цікота. Сумныя выпадкі, але трымаць ix у сакрэце не было сэнсу, бо, калі б дайшло да бэатыфікацыі Абрантовіча i Цікоты, то пра ix i так бы даведаліся. Сіповіч настойваў, каб друкаваць усё. Але Гарошка, як ён пісаў 7 красавіка Сіповічу, «разважыўшы спакойна перад Богам, выкінуў такі разьдзел аб Калпінскім – на якое ліха нашым чытачом мяшаць i так замешаныя з маскалямі нашыя справы. Няхай яны самі длубаюцца ў сваім балоце».








All the contents on this site are copyrighted ©.