2007-06-05 14:25:05

Папа Бэнэдыкт 16: каб нявінна пралітая кроў прынесла Іраку мір



Сьвяцейшы Айцец памаліўся за душы забітага ў Іраку 3-га чэрвеня сьвятара Рагэда Ганні ды трох дыяканаў і ў намеры іхніх сямейнікаў. Спачувальную тэлеграму на рукі хальдэйскага біскупа Моссулю пераслаў у імені Папы ватыканскі сакратар стану. Кардынал Тарчысіё Бэртонэ запэўніў ў сваёй тэлеграме таксама аб малітве Папы, каб гэтая “каштоўная ахвяра прынесла плады у сэрцах людзей добрае волі адкіненьнем дарогаў нянавісьці і насільля, рашэньнем пераадольваньня зла дабром ды воляю супрацоўніцтва ў карысьць прымірэньня, справядлівасьці і міру ў Іраку”.
Прыпомнім толькі, што загінулі яны у мінулую нядзелю 3-га чэрвеня вечарам пасьля адпраўленьня Сьвятой Імшы ў парафіі Сьвятога Духа. Невядомыя віноўнікі затрымалі іх на адной з вуліц Моссулу і пачалі страляць да ксяндза і яго дапаможнікаў. Затым побач целаў забітых духоўных ўмясьцілі бомбы, якія пагражалі сьмерцю для кожнага, хто жадаў-бы да іх наблізіцца. Такім чынам целы забітых ляжалі на вуліцы некалькі гадзін. Толькі позным вечарам у нядзелю 3-га чэрвеня ўдалося абязаброіць бомбы і забраць целы духоўных. Іх перанесена да Касьцёла Сьвятога Духа і 4-га чэрвеня адбыліся паховіны.
Як паінфармаваў кардынал Бэртонэ сітуацыя ў Іраку будзе прадметам размовы Бэнэдыкта 16 з Прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам, што адбудзецца ў суботу 9-га чэрвеня.








All the contents on this site are copyrighted ©.