2007-06-02 10:31:17

Біскуп Чэслаў Сіповіч Сьвятар і Беларус- працяг


Абрамчык падзяліўся сваімі падазрэньнямі зь іншымі. Антон Шукелайць зь Нью-Ёрку на паштоўцы зь велікоднымі віншаваньнямі пытаўся ў Сіповіча: «Напішыце, што вы там за пэртурбацыі на становішчах робіце i што яны маюць на мэце? Пераездам а. Льва Гарошкі ў Лёндан моцна затрывожаны прэзыдэнт. Баіцца, гэта можа спрычыніцца да развалу бел. калёніі ў Парыжы».
Айцец Сіповіч адказаў Шукелайцю 11 красавіка 1958 году: «Ужо вельмі надзейна, што Марыян Гауз астанецца ў руках беларускіх марыянаў. А дзе ж яны? З Польшчы не выпускаюць ані Адважнага ані Лася. Значыць трэба тут усё зрабіць, каб я ня быў адзін... Вы кажаце, што выезд а. Льва з Парыжа прычыніцца да развалу калёніі нашай у Парыжы. Адзін чалавек ня творыць калёніі, a калі яна такая, што на адным чалавеку апіраецца, дык шкада для яе а. Льва, які сёньня патрэбны ёсьць для большай лікам публікі. Мне здаецца, трэба браць нам сьвятаром перадусім на ўвагу патрэбу душ, а калi ўсё, што толькі можам зробім для збаўленьня беларускіх душаў, дык усё іншае (значыць i грамадзка-палітычныя валёры) будуць дадзеныя. Вы добра ведаеце, што за стан каталікоў беларусаў у Амэрыцы, i хто ix абслугоўвае. Мы ня можам аб ix ня думаць зусім незалежна ад таго, ці там нас хочуць ці не. Я асабіста найлепш чуўся б у Лёндане, дзе згрубша наша жыцьцё ўпарадкавана, маемо свой прытулак i дзе працы такжа хапае. Але “прыйдзе час, калі іншы цябе абвяжа, i пойдзеш, куды ня хочаш”... У сьвятарскім жыцьці тым іншым – большая патрэба, i дзе яна ёсьць, туды мы пойдзем».
Каб заснаваць беларускі законны дом (кляштар) у Лёндане, a пасьля, магчыма, другі ў Амэрыцы, двох сьвятароў было замала. На пакліканьні сярод эміграцыі не выпадала спадзявацца. Заставаліся беларускія марыяне ў Польшчы, i таму Сіповіч даўно пачаў старацца, каб ім далі дазвол прыехаць у Лёндан. Аднак усе ягоныя намаганьні заставаліся бяз выніку, што досыць дзіўна, бо польскія марыяне ды іншыя сьвятары, нягледзячы на камуністычны рэжым, выяжджалі за мяжу безь вялікіх цяжкасьцяў, асабліва пасьля 1956 году. Айцец Сіповіч вырашыў засяродзіць свае намаганьні на айцах Язэпе Германовічу i Антоне Лосю. Беларусы практычна ня ведалі Лося, але а. Антон, чалавек параўнаўча малады, праявіў сябе добрым i здольным сьвятаром, таму зь яго магла быць карысьць у Лёндане. Трэба сказаць, што Лось ніколі не выказваў асаблівай ахвоты працаваць сярод беларусаў, тым больш сярод беларускай эміграцыі. Айцец Германовіч, наадварот, ня меў ніякага жаданьня заставацца ў Польшчы, як i ў 1938 годзе. Ён стаў рабіць у пачатку 1957 году захады, каб выехаць з Польшчы, афіцыйна каб наведаць Рым, але польскія ўлады не давалі дазволу. Дый чынілі перашкоды ня толькі дзяржаўныя ўлады. Татарыновіч пісаў 6 верасьня 1957 году Сіповічу: «Перад хвілінаю званіў на v. Corsica, пытаючы ў справе прыезду а. Г(ерманові)ча i Лося. Пры адсутнасьці генэрала, адказаў мне a. Лысік, які кажа, што на некалькі ягоных пісьмаў няма адтуль ніякага адказу; калі я заўважыў, што гэта з прычын урадавых труднасьці, дык ён мне прабаваў аб’ясьняць гэта нейкімі зыгзакамі нутранымі вашымі законнымі, што там інакш, выглядае, на справу, каму трэба выяжджаць, заглядаюцца. Sapienti sat... У наступны аўторак едзе туды а. Б(ол)туць, i баязно, каб гэтае “іншасьці поглядаў” не замацаваў». Сіповіч пісаў штось падобнае Гарошку 6 лістапада 1959 году: «Пакуль быў у Рыме айцец Мрочак, дык ён вечна знаходзіў нейкія прычыны, каб айцоў беларусаў з Польшчы ня рухаць, a польскія сьвятары i студэнты прыяжджалі i выяжджалі, i нікому ад гэтага бяды ня сталася». (Уладыслаў Мрочак, паляк, быў генэралам марыянаў ад 1951 да 1957 году.)
Першай “ахвярай” пастановы айца Гарошкі ўступіць да марыянаў стаў часопіс Божым шляхам. Паводле пэрыядычнасьці ягонага выхаду можна бачыць, як стомлены быў рэдактар. Перш часопіс выходзіў штомесяц, пасьля – празь месяц. У 1955 годзе выйшлі толькі тры нумары, a ў 1956 годзе – адзін. З нумарам за 1957 год а. Гарошка вельмі спазьніўся i рабіў намаганьні выдаць яго перад пачаткам навіцыяту.
У 1958 годзе замест тыдня студыяў “Руні” беларусы прынялі ўдзел у Міжнародным Марыянскім Кангрэсе 14–18 верасьня ў Люрдзе. Апрача ўдзелу ў агульных мерапрыемствах, яны мелі сваю праграму, у рамках якой айцец Сіповіч прачытаў даклад на тэму “Францішак Скарына – гарачы паклоньнік Найсьвяцейшай Дзевы Марыі”. Тэмай дакладу айца Гарошкі была “Сутнасьць культу Найсьвяцейшай Дзевы Марыі на Беларусі”.
9 кастрычніка 1958 году памёр папа Пій XII, якому выпала кіраваць Каталіцкай Царквою ў вельмі цяжкі час Другой сусьветнай вайны i пасьляваеннага супрацьстаяньня між Савецкім Саюзам i Захадам. 28 кастрычніка ягоным наступнікам быў абраны папа Ян XXIII. Ён распачаў пэрыяд больш адкрытага кіраваньня Царквою i зьдзівіў увесь сьвет, абвясьціўшы, што жадае склікаць новы Паўсюдны Сабор. Вялікія зьмены непасрэдна закранулі i беларусаў, хоць, магчыма, спачатку яны гэтага не ўсьведамлялі.
У нядзелю 21 сьнежня 1958 году ў Парыжы вернікі разьвіталіся з айцом Гарошкам i сутрэліся з новым рэктарам, айцом Кастусём Маскалікам. Гарошка пісаў 30 сьнежня Сіповічу: «Разьвітальная Служба Божая i прыняцьцё ў Сындыкаце былі даволі шматлюднымі. Наагул можна было заўважыць, што ўсе стараліся прыняць а. Кастуся ветліва, запрашалі адведваць, i мы пакрысе адведваем, каго можам, толькі маё ўражаньне, што пасьля майго выезду сам ён да ix ня знойдзе дарогі». Прадчуваньні айца Гарошкі, на жаль, спраўдзіліся...
У нядзелю 4 студзеня 1959 году айцец Гарошка пакінуў цягніком Парыж і наступнага дня быў ужо ў Рыме.








All the contents on this site are copyrighted ©.