2007-05-30 15:35:29

Пастырскае Слова Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі на сьвята Пяцідзесятніцы


 

Пачэсныя Айцы сьвятаслужыцелі!
Дарагія Манахі, Манахіні і Браты Семінарысты!
Любыя ў Госпадзе Браты і Сёстры! Паважаныя Сябры!

Вялікі дар Божае Міласэрнасьці 1. У 2007 годзе хрысьціяне і ўсходняй, і заходняй традыцыяў – праваслаўныя, грэка-католікі, рыма-католікі ды пратэстанты – сьвяткавалі разам Сьвята Пасхі Госпада і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста. Разам сьвяткуем і сьвятую Пяцідзесятніцу - Зыход Сьвятога Духа. Гэта вялікі дар Божае Міласэрнасьці для ўсіх хрысьціянаў Беларусі, гэта крыніца радасьці і надзеі. Гэтую сьвяточную радасьць хочам выказаць словамі старажытнай сьціхіры:
Сьвяткуем Пяцідзесятніцу і прыйсьце Духа,
І спаўненьне абяцаньня, і надзеі зьдзяйсьненьне,
І тайну вялікую і пачэсную.
Дык усклікнем: «Творча ўсіх Госпадзе, слава Табе!» (Вячэрня Пяцідзесятніцы). «»

Час Пяцідзесятніцы гэта для ўсіх хрысьціянаў час узмоцненай малітвы, час, у якім Царква просіць багатых дароў Духа Сьвятога. Але трэба нам памятаць, што самім вялікім Дарам Уваскрослага Хрыста Чалавекалюбца – Хрыста Міласэрнага зьяўляецца сам Дух Сьвяты. Дух, які ў нашых сэрцах узбуджае веру, надзею і любоў ды навучае нас «пакорлівай мудрасьці» (Кал 3:12) і паслухмянасьці Паўсюднай Царкве. Ён магутна дзейнічае ў сьвятых Тайнах (Сакрамантах) і напаўняе сэрцы вернікаў мужнасьцю.
«Вера – гэта сапраўды вельмі дарагі талент, вялікі дар Божы» - пісаў у 1934 годзе на старонках часопісу «Да Злучэньня» Экзарх беларускіх грэка-католікаў айцец Антон Неманцевіч, які няколькі гадоў пазьней заснаваў Апостальства Малітвы за Беларусь. За ягоным прыкладам хочам і мы штодзённа маліцца за нашую Бацькаўшчыну ды любіць Беларусь, беларускую мову і культуру любоўю Божай, што «вылілася ў сэрцы нашыя праз Духа Сьвятога, Які нам дадзены» (Рым 5:5).
Пяцьдзесяць дзён паміж Нядзеляй Уваскрасеньня Гасподняга і Нядзеляй Сьвятой Тройцы было для вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы часам інтэнсіўных душпастырскіх ініцыятываў і радасных сьвяткаваньняў, сярод якіх на першым плане стаіць Ювілей 15-годдзя менскай Парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Міласэрнага Ісуса Хрыста пакорліва просім, каб гэтая парафія, ды шмат іншых парафіяў БГКЦ, змаглі атрымаць прыстойныя месцы культу, у якіх змогуць узносіць малітвы «за Богам сьцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь беларускі народ, за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і вернасьць свайму народу ўсіх нас».
На працягу пяцідзесяці мінулых дзён беларускія хрысьціяне розных канфесіяў сустракаліся разам - на Бацькаўшчыне і па-за яе межамі - на сумесных семінарах і супольных малітвах, дзе асэнсоўвалі Пасхальную Перамогу Міласэрнага Хрыста Чалавекалюбца і знаходзілі ў ёй крыніцу духовай сілу «з нязломнай верай быць сьведкамі надзеі ды любові». Выдатным прыкладам супольных духовых ініцыятываў быў актыўны ўдзел міжканфесійнай групы беларускіх хрысьціянаў у міжнароднай Сустрэчы, якая 12 траўня 2007 году праходзіла ў нямецкім горадзе Штутгарт пад тытулам «Сумесна для Еўропы». Гэтая Сустрэча была блаславёнай нагодай паглыбленьня духовай салідарнасьці ды малітоўнай сулучнасьці хрысьціянаў Заходняй і Ўсходняй Еўропы перад выклікамі сучаснага сьвету. Гэта быў каштоўны этап падрыхтоўкі да ІІІ-цяй Еўрапейскай Экуменічнай Асамблеі, якая адбудзецца ў горадзе Сібію ў Румыніі 4-9 верасьня гэтага году.

2. Абяцаньне Айца - Дух Сьвяты ёсьць Духам Любові. Ён узбуджае ў сэрцах вернікаў любоў да Бога і да бліжняга, любоў да Царквы і да Бацькаўшчыны, да яе гісторыі і традыцыі.
Трэба памятаць, што гісторыя і час, у які Бог кліча да жыцьця кожнага чалавека, ніколі не зьяўляюцца выпадковымі. Перад кожным пакаленьнем стае новае заданьне ня толькі пасіўна жыць у сучасным сьвеце, але разумна яго будаваць, уплываць на працэсы сучаснасьці і быць адказным за заўтрашні дзень. У нашыя дні гэта вялікі выклік для маладога пакаленьня, за якое хочам асабліва мадіцца ў гэтыя дні .
Сёньняшняе маладое пакаленьне паклікана быць сьвятлом у цёмных лабірынтах сучаснай цывілізацыі, якая пазначаная шматлікімі маральнымі праблемамі. Гэтыя праблемы патрабуюць ад хрысьціянаў асаблівай мудрасьці і дзейснасьці, вернасьці высокім духовым ідэалам і ахвярнасьці.
Сёньняшняя культура вельмі часта фармуе асобу без сувязі з гісторыяй і мінулым. Нельга забыць і тое, што ў гэты новы этап культурных зменаў нашае беларускае грамадзтва трапіла пасля савецкага часу, які прынёс вялізарную шкоду для традыцыі і тоеснасьці нашага народу. Таму, калі сёння сапраўды хочам абвяшчаць Евангельле маладому чалавеку грунтоўна, трэба зьвяртаць асаблівую увагу на ўмацаваньне ў грамадзтве каранёў нашае хрысьціянскае традыцыі і культуры.

3. Гісторыя і памяць для хрысціянаў гэта не толькі каталог фактаў з мінулага. Ісус Хрыстос, Сын Божы, які стаў чалавекам і жыў у гісторыі і часе, натхняе нас у новым сьвятле пазнаваць і чытаць нашу гісторыю. Хрысьціянская традыцыя нашага народу, вымоўныя сьведчаньні вернасьці Хрысту ў мінулым стагоддзі, постаці сьвятых і мучанікаў Беларускай Зямлі - вось невычэрпныя крыніцы для нашай сённяшняй духовасьці, значыць новага жыцьця ў Духу Сьвятым. Толькі новы чалавек можа ствараць новую культуру і фармаваць своё жыцьцё паводле евангельскіх каштоўнасьцяў. Адукацыя і фармаваньне чалавека не мае сэнсу, калі яны накіраваныя толькі на ўласную карысьць. Кожны крок маладога чалавека, які штосьці здабывае, павінен сустракацца з ягоным сьвядомым жаданьнем дзяліцца з іншымі тым, што мае.
На асабістай культуры моладзі грунтуецца культура іхняй будучай сямьі. Менавіта таму Яго Сьвятасьць Папа Ян Павел ІІ, калі сустракаўся з семьямі ў 1997 годзе, зьвярнуўся да моладзі, узгадваючы пра іхнюю асабістую культуру жыцьця, як пра фундамент іх будучых семьяў.
“Вы, моладзь - казаў святы Айцец - сёння з вялікім энтузіязмам рыхтуйце заўтрашні дзень вашых семьяў. Навучыцеся любіць і быць адкрытым на іншага чалавека, навучыцеся слухаць і даваць адказы, навучыцеся аддаваць сябе іншаму і чыніць асабістыя ахвяры, урэшце навучыцеся ўзаемнаму зразуменьню і прабачэньню” (Ян Павел ІІ, Сустрэча з семьямі 4.10.1997).
Будучыня нашае Краіны ствараецца сёння, і таму згодна, сумесная праца хрысьціянскіх Цэркваў на полі выхаваньня моладзі і духовага фармаваньня семьяў як сапраўдных «дамашніх Цэркваў» гэта адказнае будаваньне нашага агульнага дому, у якім мы будзем жыць заўтра. Гэты подзьвіг будаваньня агульнага дому на евангельскім падмурку мы можам зьдзейсьніць толькі у моцы Духа Сьвятога.Таму Яго пакорліва клічам:
Уладару нябесны, Суцяшальніку, Духу праўды [...]
Скарбніца дабра і жыцьця Падаўча,Прыйдзі і пасяліся ў нас!

Толькі ў моцы Духа Сьвятога наш агульны дом – Беларусь зможа быць «Беларусьсю для Хрыста» а мы зможам «з нязломнай верай быць сьведкамі надзеі ды любові».

У сулучнасьці малітвы +Архімандрыт СЯРГЕЙ (Гаек)
Апостальскі Візітатар
для грэка-католікаў Беларусі
Менск, Пяцідзесятніца 2007 году.







All the contents on this site are copyrighted ©.