2007-05-26 10:21:08

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус - працяг


Пасьля Чыкага дарога айца Сіповіча вяла ў Дэтройт, затым у Канаду – у Лёндан, Бэры i Таронта, – a адтуль зноў у ЗША, у Кліўлэнд i Нью-Ёрк. Акрамя таго, ён наведаў Філядэльфію i Ўошынгтан. Усюды, дзе айцу Сіповічу даводзілася быць, ён адпраўляў сьв. Літургію, прамаўляў казані, рабіў даклады, сустракаўся з старымі знаёмымі i прыяцелямі, заводзіў новыя знаёмствы...
Надышоў дзень 6 сьнежня, апошні дзень знаходжаньня на амэрыканскім кантынэнце. Увечары ў Нью-Ёрку – даклад айца Сіповіча ў Інстытуце Навукі i Мастацтва. Вось што ён напісаў у дзёньніку: «Са сп.няй Арсеньневай i Оляй Запруднік едзем у Ўкраінскі Інстытут. Дождж зьверху, ільдзіны ўнізе па дарозе... Прыйшло каля 30 чалавек. Адчыніў зборку сп. Адамовіч, старшыня Інстытуту. Пасьля дакладу дыскусія i запытаньні. Сп. Шукелайць у прачулай прамове просіць зьвярнуцца да Б(іску)па Слоскана, каб энэргічней заапекаваўся беларусамі. У той час, калі ўсё нішчыцца на бацькаўшчыне, тут у вольных краінах беларусы каталікі такжа без апекі! Падобна гаворыць Бартуль. Др Я. Станкевіч указвае на мінусы беларускага жыцьця... Сп. Тулейка выказвае погляд, што царкоўнае i грамадзкае жыцьцё могуць суіснаваць разам... Каля 12 ноччу вярнуўся да Кушаляў. Сюды прыйшоў Шукелайць, Бартулі, Запруднік. Крыху выпілі i закусілі на разьвітаньне. Іду спаць каля гадз. 3-цяй уночы». Раніцай наступнага дня: «Адпраўляю Імшу ў капліцы сясьцёр Назарэтанак... Пасьля Імшы зьбіраюцца сёстры ў закрыстыі. Жадаюць мне шчасьлівай дарогі. Далі падарак. Каля гадз. 9-ай выяжджаем машынай сп-ра Курылы, разам з Ф. Бартулём, Арсеньневай i Запруднік да мараплава. Разьвітваемся. Сумна мне стала, калі астаўся сам адзін, бачу на тварах некаторых сьлёзы. Разумею ix». У пятніцу 13 сьнежня раніцай a. Сіповіч сышоў з мараплава “Normandie” y ангельскім порце Плімут i a 3.30 гадзіне дня быў ужо ў Лёндане.
Тры месяцы далі айцу Сіповічу магчымасьць скласьці добрае ўяўленьне пра жыцьцё i духоўныя патрэбы беларусаў на амэрыканскім кантынэнце. Ён вярнуўся перакананы ў тым, што ў Амэрыцы патрэбны моцны беларускі рэлігійны асяродак, падобны да Марыян Гаўз. Гэтая думка прыходзіла, відаць, i іншым людзям. 27 сьнежня 1957 году ён пісаў айцу Татарыновічу, што айцец Францішак Чарняўскі «нагаворвае мяне (ды ня толькі ён!), каб я выяжджаў у Амэрыку i там купляў такі ж Марыян Гауз». У той самы дзень айцец Рэшаць пісаў айцу Татарыновічу: «A. Сіповіч – гэта на амэр. грунце мэтэор (у новым стылю “спутнік”), пералётная птушка. У яго свае пляны марыянскія. Дужа магчыма, што, асеўшы ў Амэр., ён мог бы шмат добрага зрабіць між беларусамі».
Амэрыканскі праект абмяркоўваўся між Сіповічам i Гарошкам, калі той прыехаў у Лёндан у лютым 1958 году. Аднак галоўнай мэтай ягонага прыезду было сказаць Сіповічу пра свой намер уступіць у закон марыянаў i параіцца зь ім, як найлепш гэта зрабіць. Цяжка сказаць, ці ён сапраўды раптам пачуў пакліканьне да законнага жыцьця. Вельмі магчыма, што, стомлены напружанай працаю i ня маючы ніадкуль дапамогі, ён паддаўся на перакананьні Сіповіча, што будзе лепш для ўсіх ix i для справы, калі яны злучаць свае сілы.
У Парыж на месца айца Гарошкі пастанавілі паслаць Кастуся Маскаліка, хоць было ясна, што ён зусім няздатны для гэтай пасады. Можа таму Сіповіч i Гарошка спрабавалі захаваць свае пляны ў сакрэце. Гэта, аднак, у ix не атрымалася. Мікола Абрамчык нешта западозрыў i напісаў Сіповічу 14 сакавіка: «Нядаўна да мяне дайшла вестка, што Вы плянуеце, ды ня толькі плянуеце, а ўжо падобна пачалі захады аб пераезьдзе а. Льва з Парыжа ў Лёндан. На месца а. Льва маеце паслаць а. Маскаліка... Вось жа калі запраўды ў Вас такія пляны, то гэта азначае: 1) калі не фармальнае, дык прынамсі практычнае ліквідаваньне Беларускай Каталіцкай Місіі ў Францыі; 2) больш чым цяжкі ўдар па нашаму грамадзкаму жыцьцю ў Францыі, бо забіраеце апошняга культурнага чалавека з францускай мовай, пакідаючы без нікога нашых работнікаў, тым больш – чалавека, якога ўсе работнікі любяць».
Айцец Сіповіч адказаў Абрамчыку 18 сакавіка: «Вы кажаце, што ад’езд з Францыі а. Льва – гэта ўдар па грамадзкаму там жыцьцю. Згаджаюся i з гэтым часткова, толькі з вялікім сумам трэба сьцьвердзіць адно, што нашыя сьвецкія дзеячы павыяжджалі з Эўропы ліха ведае куды i мы сьвятары мусімо ўваходзіць туды, дзе трэба i ня трэба, бо няма ўжо нікога. Паколькі мне ведама, на працу ў радыё “Вызваленьне” адусюль папрыяжджалі. A ці стараўся хтосьці прыехаць у В. Брытанію, каб весьці беларускую палітыку н(а)пр(ыклад)? Астроўскі – так! Але бээнэраўцы i вухам не кіўнулі. “Хтосьці будзе рабіць, штосьці будзе рабіцца”. Няма ў нашых дзеячоў ахвярнасьці, a робіцца палітыка самацёкам».
Таго самага дня ён напісаў айцу Гарошку: «Сталася, як ты i прадбачваў, а наш сакрэт блізу ўжо расшыфраваны. Ня ведаю кім i як, але гэта няважна. Пазьней ці раней справа мусіць стацца яўнай. Разумеецца, сп. Абрамчык бароніць свайго панадворка. Toe, што ён піша аб тваёй асобе – concedo (згаджаюся. – А.Н.) поўнасьцю, i a. Маскалік цябе не заступіць на 50%. Але Абрамчык ня знае нашых плянаў ані адносна Амэрыкі, ані адносна марыянаў. Я думаю ў гэтай фазе хопіць даць яму агульны адказ: мы робім з поўнай сьведамасьцю i адказнасьцю ператасоўкі дзеля большага дабра нашага народу. Мне адно баліць, што Абрамчык ніколі не шкадуе, што нічога беларускага каталіцкага няма ў Зл. Штатах, i быў бы здаецца задаволены, каб мы тут усе асталіся i там аўтакефалістам “не мяшалі”. Ці ты атрымаў такжа падобнае пасланьне? Са сп. Абрамчыкам, як i з іншымі нашымі паважанымі дзеячамі, мы павінны паступаць вельмі тактычна, але без ніякіх ухілаў ад нашых плянаў».








All the contents on this site are copyrighted ©.