2007-05-19 11:06:22

Урачыстасьці Сьвятога Андрэя Баболі ў Беларуі


16 мая 2007 г. у Янаве Палескім (г. Іванава Брэсцкай вобласці) адбылася вялікая ўрачыстасць з нагоды 350-годдзя мучаніцкай смерці св. Андрэя Баболі.
На ўрачыстасць у гэты невялікі гарадок, дзе быў жорстка закатаваны Андрэй Баболя, з’ехаліся пілігрымы з усіх куткоў Беларусі і Польшчы. Па запрашэнні кардынала Казіміра Свёнтка, які ўзначаліў урачыстасці, на іх прысутнічалі ўсе каталіцкія біскупы Беларусі, шматлікія святары, законнікі і законніцы.
Дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец а 15-й гадзіне распачаў урачыстасць на тым месцы, дзе Андрэй Баболя быў схоплены казакамі. Цяпер тут стаяць два высокія крыжы — каталіцкі і праваслаўны — і ляжыць вялікі камень з памятнаю табліцаю. Біскуп распавёў прысутным пра гісторыю жыцця і дзейнасці св. Андрэя Баболі, пасля чаго былі прачытаныя фрагменты са святога Пісання, спяваліся песні на ўшанаванне святога мучаніка і апекуна беларускага Палесся і польскай зямлі.
Потым шматлікая працэсія з малітвамі святога Ружанца і спевамі па галоўнай вуліцы горада прайшла да касцёла Узвышэння Святога Крыжа. А 16-й гадзіне пра жыццё і дзейнасць апостала Палесся зрабіў даклад кс. др. Ян Саламон, рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску.
А 17-й гадзіне распачалася ўрачыстая святая Імша, якую цэлебраваў кардынал Казімір Свёнтэк. Касцёл не змог змясціць усіх вернікаў, таму святая Імша цэлебравалася на ўзведзеным каля храма алтары. У сваёй гаміліі кардынал распавёў пра гісторыю адшукання рэліквій св. Андрэя Баболі, пра драматычнае вандраванне знявечанага цела пакутніка, якое вось ужо на працягу трох з паловаю стагоддзяў застаецца нятленным.


На заканчэнне набажэнства з рук кардынала Казміра Свёнтка ўсе прысутныя прынялі благаслаўленне святымі рэліквіямі. Вернікі таксама мелі магчымасць ушанаваць рэліквіі святога мучаніка Андрэя Баболі.








All the contents on this site are copyrighted ©.