2007-05-19 11:16:17

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус- працяг


Паводзіны айца Тарасэвіча ўстрывожылі i абурылі беларусаў, асабліва новых эмігрантаў, якія на ўласнай скуры адчулі дабрадзействы савецкага рэжыму. У 1947 годзе ён зрокся старшынства Беларуска-Амэрыканскай Рады, магчыма, на загад сваіх законных уладаў, i адышоў ад грамадзкай дзейнасьці116. Поглядаў сваіх ён не зьмяніў, хоць зрабіўся больш абачлівым у ix публічным выказваньні i стараўся, каб яны не перашкаджалі яму выконваць сьвятарскія абавязкі.
Тут трэба зазначыць, што, нягледзячы на свае погляды, айцец Ян Хрызастом Тарасэвіч быў чалавек вялікай дабрыні, гатовы прыйсьці на дапамогу кожнаму ў патрэбе. Зазнаў гэтую дабрыню i айцец Пётра Татарыновіч у свае “студэнцкія” гады i пасьля, калі распачаў выдавецкую i перакладчыцкую дзейнасьць.
Новыя эмігранты з Эўропы пачалі прыяжджаць у Чыкага каля 1950 году. У 1952 годзе а. Тарасэвіч пачаў выдаваць для ix Лісток к беларусам, сьціплы бюлетэнь чыста рэлігійнага зьместу. Айцец Тарасэвіч друкаваў у ім, апрача казаняў, свае рэлігійныя паэмы, якія вызначаліся празьмернай даўжынёй. Сярод новых беларусаў траплялася даволі шмат каталікоў. Яны ведалі адзін аднаго яшчэ да 1939 году на Бацькаўшчыне, студэнтамі або вучнямі беларускай гімназіі ў Вільні. Многія зь ix разумелі, як неабходна адрадзіць Беларускую Грэка-Каталіцкую Царкву. Дзякуючы іхным стараньням паўстала ў Чыкага ядро будучай парафіі Хрыста Спаса, духоўнае кіраўніцтва над якой прыняў а. Тарасэвіч. Ад 1955 году рэгулярна адбываліся нядзельныя i сьвяточныя багаслужбы ў капліцы школы для дзяўчат пры жаночым кляштары. Ці ведалі ў манастыры сьв. Пракопа, кім былі “парафіяне” айца Тарасэвіча? Увосень 1956 году гэты манастыр зарганізаваў Першы Вунійны Кангрэс, відаць, жадаючы аднавіць традыцыю падобных кангрэсаў, што перад вайною адбываліся ў Вэлеградзе ў Чэхіі. Адзін з прамоўцаў, манах гэтага манастыра Клёд Д. Віктора, у сваім дакладзе “Апостальства Зьяднаньня ў абацтве сьв. Пракопа” (Apostolate for Reunion at St Procopius Abbey) даслоўна сказаў: «Вельмі цікавым разьвіцьцём апостальства ў апошні час было зьяўленьне групы праваслаўных расейцаў (вылучана мною. – А.Н.) з Чыкага i ваколіцаў, якія, пад здольным кіраўніцтвам айца Хрызастома Тарасэвіча O.S.В., стварылі ядро, што абяцае неўзабаве стацца самастойнай парафіяй з уласнай царквой i памяшканьнем для сьвятара. Больш як год, штонядзелі ў капліцы Josephinum High School in Chicago at 1515 N. Oakley Blvd., бывае Боская Літургія»117.
Калі айцец Сіповіч прыехаў 2 лістапада ў Чыкага, яго сустрэлі “праваслаўныя расейцы” Антон Бяленіс i Вацлаў Пануцэвіч, абодва вядомыя беларусы i каталікі рымскага абраду. Іхныя жонкі, сёстры Людвіка i Ірэна (Кляра), былі дочкамі Эдварда Будзькі, старога беларускага нацыянальнага i грамадзкага дзеяча. Бяленіс, узгадаваны ў айцоў салезіянаў, сьціплы i разважлівы чалавек, ахвярны i шчыра пабожны, не паказваючы, меў вялікі ўплыў на разьвіцьцё беларускай парафіі. Пануцэвіч у 1956 годзе пачаў выдаваць часопіс Беларуская Царква. У будучыні а. Сіповіч меў нагоду выказацца даволі крытычна пра гэтае выданьне за яго “нацыяналістычны” характар i залішне палемічны тон многіх артыкулаў.
Бяленіс i Пануцэвіч завезьлі айца Сіповіча ў манастыр сьв. Пракопа. Айца Тарасэвіча не знайшлося, але яны сустрэліся з айцом Апанасам (Язэпам) Рэшацем, сьціплым i вучоным сьвятаром, аўтарам некалькіх рэлігійных кніжак на беларускай мове. Нейкі час ён быў прафэсарам у Віленскай Духоўнай Сэмінарыі, але ў 1925 годзе яго звольнілі амаль адразу пасьля таго, як біскуп Матулевіч зрокся Віленскага пасаду. Такім чынам Рэшаць стаў адной зь першых ахвяраў новай антыбеларускай палітыкі ў Віленскай дыяцэзіі. Пасьля многіх гадоў на польскай мазурскай парафіі, страціўшы надзею працаваць сярод беларусаў, у 1938 годзе ён выехаў у Амэрыку i пайшоў у манастыр сьв. Пракопа, дзе адразу ацанілі ягоныя веды i здольнасьці як духоўнага кіраўніка. Неўзабаве пасьля сустрэчы з айцом Сіповічам выявілася, што айцец Рэшаць невылечна хворы на рак. Ён памёр15 лютага 1958 году.
Пазьней у той самы дзень адбылася сустрэча ў Чыкага з айцом Тарасэвічам, які згадзіўся, каб айцец Сіповіч на наступны дзень, г. зн. у нядзелю 3 лістапада, саслужыў зь ім сьв. Літургію. Айцец Сіповіч пакінуў наступны запіс у сваім дзёньніку: «Прывёў мяне сп. Бяленіс у тую капліцу, дзе маемо служьщь. Там ужо быў a. Тарасэвіч... Ён прыгатовіў праскамідыю і, як першы сьвятар, распачаў літургію. Сьпярша мне дзіўным здалося, што ён не запрапанаваў мне, гасьцю, першага мейсца, але пасьля я заўважыў, што ён хворы, i служыць для яго гэта значыць жыць. Я сьпяваў ектэніі тыя, якія сам уважаў, што павінен сьпяваць. Такжа ў час “малога выхаду” нёс велізарнае эвангельле i такжа чытаў эвангельле. Пасьля кансэкрацыі раптам а. Тарасэвіч кажа: “Я памыліўся, што ж мне рабіць?” Кажу яму, што ўсё ў парадку, хай не турбуецца. Ня ведаю, дзе ён думаў, што зрабіў памылку. Я ў час кансэкрацыі аднаго слова ня здужаў поўнасьцю сказаць, але быў перакананы, што а. Тарасэвіч не зрабіў памылкі, i мы служылі далей... Пасьля камуніі a. Тарасэвіч сказаў кароткае казаньне, якое можна зьмясьціць у словах: “Любіць мы павінны ўсіх... Дзякую ўсім, асабліва хору... Вітаю айца Ч. Сіповіча, нашага сьвятара i дзеяча, які скажыць вам казаньне”. Сапраўды мне не хацелася ў гэтакіх абставінах нічога гаварыць, але сказаў, як умеў, аб тым, што царква не павінна быць пустой, што, апрача хору, трэба i вернікаў. Такжа пару слоў па-ангельску. Хор сьпяваў нядрэнна, але не адчуваецца пабожнасьць у яго сьпеве... Пасьля літургіі спатканьне з людзьмі, з праф. Куліковічам, Маразамі, Чарнэцкімі, Сенкевічам Г. З усімі дагаварыўся, калі ix маю адведаць».








All the contents on this site are copyrighted ©.