2007-05-15 14:45:23

Сьвет першых хрысьціянаў- працяг


Са старажытнай гісторыі вядома, што духоўныя асобы той ці іншай рэлігіі мелі свае спадчынныя саслоўі. У Грэцыі ці Рыме, дзе вызнавалі шматбожжа, або ў Ізраілі, дзе вызнавалі адзінага Бога, духавенства мела сваю касту, сын ішоў за бацькай і праз нейкі час наследваў яго пасаду. Хрысціянскае ж духавенства, у свае першыя стагоддзі, не мела ніякага спадчыннага саслоўя. Святаром мог стаць кожны з вернікаў, які адчуваў пакліканне да святарскага служэння і адпавядаў умовам уступу ў духавенства. Асаблівага прыгатавання, накшталт школьнага, не было. Самай лепшай школай для адукацыі клерыкаў было служэнне сярод таго ж духвенства, пачынаючы з ніжэйшых пасадаў, пад кіраўніцтвам біскупа і на вачах усёй суполкі. Толькі з цягам часу з’явіліся хрысціянскія вучылішчы, напрыклад у Александрыі, дзе маглі падрыхтаваць служыцеляў Царквы.
У першыя стагоддзі Царква не мела дазволу ўладаў на сваё існаванне, таму і духоўныя асобы не карысталіся ніякімі грамадзкімі правамі і перавагай па сваіх царкоўных пасадах. Але, з іншага боку, выконваючы ў Царкве ўскладзеныя на іх абавязкі, святары часам не пакідалі сваіх абавязкаў, якія ўскладала на іх язычніцкае грамадзтва або ўрад, і таму карысталіся тымі ці іншымі дзяржаўнымі прывелеямі. Аднак хутка ў Царкве была вырашана, што свецкія заняткі не сумяшчальныя са званнем і абавязкамі ерархічнага служэння, таму яны былі забароненыя біскупам, прэзбітэрам і дыяканам. Такімі заняткамі асабліва лічыліся грамадзянская або ваенная служба.
Што тычыцца шлюбнага або безшлюбнага жыцця духавенства, то трэба адзначыць, што як адно, так і другое было дапушчальным для ўсіх ступеняў ерархій, таму і біскуп мог весці шлюбнае жыццё. З асобаў, якія ўступалі ў Хрысціянскую Царкву, было шмат жанатых і яны прадстаўляліся дастойнымі займаць нейкую ерархічную ступень. Таму Апостал Павел, не вызначаючы шлюб перашкодай да святарства, зрабіў толькі абмежаванне шлюбнаму стану ерархічных асобаў, сказаўшы, што біскупу, прэзбітэру і дыякану трэба быць “мужам адной жонкі”. Але ў той жа час Царква не ўспрымала вельмі літаральна гэтага апостальскага настаўлення так, каб духоўныя асобы абавязкова павінны былі быць у шлюбе, і Апостал Павел таксама не надаваў сваім словам такога безумоўнага значэння, маючы на ўвазе пакласці толькі мяжу імкненням ерархічных асобаў да шлюбнага жыцця. Асобы, якія не былі ў шлюбе і адпавядалі іншым умовам для ўступлення ў духавенства, заўсёды прымаліся ў яго склад. І калі нейкі біскуп не быў жанаты, яму нават аддавалі перавагу, бо не звязаны шлюбнымі абавязкамі са светам, ён цалкам мог прысвяціць сябе служэнню Царкве. Такім чынам, Царква дапускала як шлюбны, так і безшлюбны стан свайго духавенства.
Царква толькі патрабавала, каб усё было паважна і па чыну; таму забараняла жанатым ерархічным асобам “выганяць сваіх жонак, пад выглядам згоды”, а нежанатым, пасля высвячэння, браць шлюб (апостальскія правілы 5 і 26). Але разам з тым, першай забаронай Царква не перашкаджала духоўным асобам, якія былі ў шлюбе, дзеля сапраўднага подзвіга ўстрымання, пакідаць сваіх жонак, калі тыя былі на гэта згодныя. У такім выпадку, жонка біскупа, прэзбітэра або дыякана, часцей за ўсё займалі пасаду дыяканэсы. Была такая царкоўная пасада. Дыяканэсы назіралі за парадкам пад час багаслужбаў у жаночых аддзелах хрыма, навучалі жанчын, якія жадалі прыняць хрост, прыслужвалі пры іх хрышчэнні і выконвалі даручэнні біскупаў, якія тычыліся жанчын.
Адносна ўтрымання духавенства трэба адзначыць, што ў першапачатковай Царкве не было для гэтага нейкіх вызначаных сродкаў або крыніцаў. Кожны святар перш за ўсё сам клапаціўся аб сваім утрыманні. Таму многія з іх, па прыкладу Апостала Паўла, займаліся тым жа рамяством або прамысловасцю, якімі займаліся да ўступлення ў духавенства, і якія былі сумяшчальныя з іх царкоўнымі абавязкамі. Такім чынам яны зараблялі на хлеб штодзённы. Здаралася і так, што ў духавенства ішоў нейкі багаты землеўласнік, і працягваючы атрымоўваць даходы ад зямлі, ён утрымоўваў не толькі сябе, але выдаткоўваў сродкі і бедным святарам ці вернікам. Такім, у палове ІІІ стагоддзя, быў сын багатага рымскага сенатара Кіпрыян, які стаў біскупам горада Карфаген. Бывала, што ў духавенства ўступалі ўвогуле людзі са сродкамі, набытымі яшчэ раней, і ўтрымоўвалі сябе за гэтыя сродкі.
Акрамя таго, духавенства атрымоўвала сродкі для свайго ўтрымання і ад той суполкі, да якой належала. І хаця нельга вызначыць, якімі былі тыя сродкі, але, ва ўселякім выпадку, яны былі дастатковымі, для задавальнення ўсіх неабходных запатрабаванняў духавенства. Гэтыя сродкі размяркоўваліся паміж святарамі, пры пасрэдніцтве і меркаванні біскупа, або з супольных касаў, калі такія існавалі пры Цэрквах, або ўвогуле з царкоўнай маёмасці, якая складалася з дабрачынных ахвяраванняў сяброў суполкі, гледзячы па намаганнях і стану кожнага. Да такіх ахвяраванняў, акрамя грашовых, належалі хлеб, віно, плады і рознага роду прыпасы. Частка хлеба і віна аддзялялася для багаслужбаў, астатняе ішло для бедных і для духавенства (апостальскае правіла 4).
Трэба таксама сказаць, што ў першыя хрысціянскія стагоддзі, калі некага чалавека выбіралі ў духавенства адпаведнай Царквы, то значыць ён і належаў гэтай Царкве. А пасля ўступлення ў духавенства той святар павінен быў назаўсёды заставацца ва ўлонні той Царквы і не пераходзіць без патрэбы у іншую. Асабліва гэта не дазвалялася біскупам, бо кожная тагачасная Царква патрабавала кіраўніцтва ў адным накірунку. Калі і дапушчаліся перамяшчэнні біскупаў, то ў самых рэдкіх выпадках.







All the contents on this site are copyrighted ©.