2007-05-12 13:39:14

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус- працяг


Увосень 1941 году Ян Тарасэвіч стаў старшынёй новазаснаванай Беларуска-Амэрыканскай Нацыянальнай Рады (White Russian American National Council). На той час вайна перарасла ў сапраўды сусьветную i савецкі “злосны чырвоны мядзьведзь”(bad red bear) раптам стаў “нашым бравым расейскім хаўрусьнікам” (our gallant Russian ally) для Дзядзькі Сэма. Аднак раман між Захадам i Савецкім Саюзам скончыўся з завяршэньнем крывавай i пачаткам “халоднай” вайны. Сярод нешматлікіх асобаў, якія захавалі прасавецкія сымпатыі, быў а. Ян Тарасэвіч, хоць у ягоным выпадку дарэчней казаць пра захапленьне, што рабіла яго сьляпым на ўсе заганы савецкай камуністычнай сыстэмы. Адначасова зьмяніліся ягоныя погляды на расейскае праваслаўе: «З аднаго боку, праваслаўны адчувае за сабою магутную шматвяковую Ўсходнюю Царкву, з усімі яе тайнамі i навучаньнем Хрыстовым... i з многімі другімі шматвяковымі хрысьціянскімі вартасьцямі, неразьдзельна зьвязанымі зь ёю: з другога боку, той жа праваслаўны адчувае, што ўвесь час нехта спрабуе рабіць замах на жыцьцё гэтага роднага яму i добрага Праваслаўя, што так інтымна i цесна зьвязанае зь ягонымі расейскімі звычаямі, зь ягонай расейскай душой, зь ягоным родным народам, i якое ў гэтым расейскім народзе ўмацавалася ў барацьбе супраць лівонскіх i тэўтонскіх ордэнаў... a потым гартавалася ў змаганьні з гэтак званай (так именуемой) Уніяй 1596 году (вылучана мною – A.H.)... Шматлікія каталікі... пачалі рыхтавацца да навяртаньня расейскага народу... У Альбэртыне ў Заходняй Беларусі, у Дубне ў Заходняй Маларасеі, i ў іншых краінах былі заснаваныя асобыя цэнтры для гэтай справы. Расейскі праваслаўны пачуў небясьпеку адусюль. Ён стаў асьцярожны i недаверлівы!»111 Ужо больш не ішла гутарка пра “навяртаньне Расеі”. Замест гэтага Тарасэвіч заахвочвае «ўвесь час працаваць дзеля хрысьціянскай еднасьці ў далёкай будучыні: для сапраўднага хрысьціяніна гэтага дастаткова, паколькі ён не зьвязаны прамежкамі часу – ён жыве ў вечнасьці – навонкі ад усялякіх абмежаваньняў часу»112. Ён дае наступную раду заходнім каталіком: «Каталікі павінны праявіць асаблівую цікавасьць да Расеі, да расейскага народу, да расейскай царквы – яны павінны цешыцца зь іхных удачаў i дапамагаць ім у іхных магутных змаганьнях духоўна i матар’яльна113.
6 сьнежня 1945 году Амэрыканска-Беларуская Нацыянальная Рада даслала прадстаўніку Маскоўскага патрыярха ў Амэрыцы, архібіскупу Яраслаўскаму i Растоўскаму Алексію, наступны ліст: «Ваша Дастойнасьць! Амаль усе расейцы ў горадзе Чыкага – гэта беларусы, выхадцы з былых губерняў Гарадзенскай, Віленскай, Менскай, Віцебскай, Магілеўскай, Смаленскай. Катэдральны прыход сьв. Юр’я Пераможцы ў горадзе Чыкага амаль поўнасьцю складаецца з нашых дарагіх беларусаў. Беларусы гораду Чыкага ад шчырага сэрца вітаюць вялікага i дарагога царкоўнага Прадстаўніка ў асобе Высокадастойнага Аляксея, архіяпіскапа Яраслаўскага i Растоўскага, i жадае яму ўсякіх посьпехаў у ягонай вялікай i цяжкай місіі на славу Госпада Бога i дзеля карысьці Царквы Хрыстовай i для дабра народаў Савецкага Саюзу. Малітоўна з хрысьціянскай любоўю ў Хрысьце, (–) а. праф. Ян Тарасэвіч, старшыня; Ігнат Лобач, сакратар»114.
Аляксей адказаў 24 студзеня 1946 году: «Дарагія майму сэрцу беларусы! Я шчыра ўзрушаны вашай увагаю да мяне i ўдзячны вам за вашыя добрыя пажаданьні ў справе аб’яднаньня праваслаўнага расейскага народу ў Амэрыцы з Царквою Маці. Спадзяюся, беларусы, як сапраўдныя праваслаўныя людзі, пачуюць голас Царквы Маці, вернуцца ў ейнае лона i тым самым аблегчаць зьдзейсьніць тую місію, якую ўсклаў на мяне Найсьвяцейшы Аляксей, Патрыярх Маскоўскі i ўсяе Русі. (–) Аляксей, Архібіскуп Яраслаўскі i Растоўскі»115.
“Місія” Аляксея мела на мэце пераканаць амэрыканскіх “рускіх” (беларусы – “тоже русские”!) прызнаць над сабою духоўную ўладу Маскоўскага патрыярха. Цяжка сказаць, якое дачыненьне яна мела да славы Божае, затое яна была калі не на дабро “народаў Савецкага Саюзу”, то несумнеўна на карысьць камуністычных уладаў гэтай краіны. Цікава, ці ведаў расейскі царкоўны дастойнік, што ліст падпісалі два каталікі, адзін зь якіх – сьвятар. У тым часе камуністычныя савецкія ўлады ў змове з Маскоўскай Праваслаўнай Царквой рыхтавалі зьнішчэньне Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы. За 8 месяцаў да гэтага, у красавіку 1945 году, яны арыштавалі ўсіх украінскіх каталіцкіх біскупаў на чале зь мітрапалітам Язэпам Сьліпым. Айцец Тарасэвіч ня мог пра гэта ня ведаць.
Айцец Тарасэвіч не хаваў сваіх поглядаў i пісаў пра ix у лістох да многіх асобаў. Напрыклад, 2 студзеня 1946 году (у лісьце памылкова напісана “сьнежня”. – А.Н.) ён пісаў Васілю Лукашыку ў Швэцыю: «Мне здаецца, што Савецкі Саюз найболей робіць для народа дзеля яго асьветы, культуры, эканамічнага жыцьця. Дзеля гэтага я хачу супрацоўнічаць з Мінскам, з Масквой... Якое становішча адносна Савецкага Саюзу займаюць нашы беларусы ў Парыжу, у Германіі, у іншых краёх. Баюся, што яны парабіліся фашыстамі... Я асабіста з Мінскам! Толькі вядома ж я глыбокі хрысьціянін, веруючы ў Бога – для мяне гэта ўсё ясна нават з філёзофічнага пункту гледжаньня. Адначасна я бачу, што ў савецкай сыстэме крыюцца глыбокія хрысьціянскія ідэі i камуністы праводзяць ix у жыцьцё. Вельмі рад, што Праваслаўная Царква супрацоўнічае з Савецкім урадам... Я цяпер маю кожную сераду паўгадзіны радыё-перадач... – гавару па-расейску, па-беларуску i па-ангельску. Хвалю Савецкі Саюз, дзе трэба яго хваліць... Вось i сягоньня за якую гадзіну паеду туды з прамовамі... Другая мова будзець па-ангельску: што рускія народы зрабілі для хрысьціянскае культуры на працягу вякоў – ня толькі яе стварылі, але i баранілі хрысьціянскую культуру ад татарскіх полчышч, a ў нашыя дні абаранілі яе ад гітлероўскіх полчышч».
Лукашык пераслаў копіі гэтага й іншых лістоў айца Тарасэвіча ў Парыж Міколу Абрамчыку, а той – айцу Сіповічу. У лісьце за 3 сакавіка 1946 году ён пытаўся y a. Сіповіча, як можна паўплываць на айца Тарасэвіча, каб той зьмяніў свае погляды. Абрамчык прапанаваў перш старацца «падзеець на яго чыста нашым хатнім-сямейным парадкам, пераканаць яго ў ягоным блудзе i шкодніцтве для нас такой акцыі, ды змусіць яго загаварыць нашай мовай. Словам, зрабіць усё, каб ня страціць яго для нашага руху». Калі ж гэта не дапаможа, дык «не застаецца тады нічога іншага, як ударыць па ім, ужыць усе засабы, якія мы маем да гэтага. Давядзецца тады публічна збэсьціць яго, як здрадніка беларускага народу, і разшыфраваць увесь зьмест з усімі кансэквэнцыямі ягонай бальшавіцкай прапаганды».
Адказаў на гэты ліст 22 сакавіка айцец Гарошка: «Справа праф. Т(арасэві)ча, праўда, трагічна-горкая, але не безнадзейная. Калі не памогуць яму тыя інфармацыі i тыя аўтарытэтныя людзі, якіх мы ім паслалі, то паканае ix сам час i агульныя настроі, ідучыя ў нашым кірунку... Таму аб якім-небудзь “удары” па ім кіньце думаць. Ён не прынясе ніякай карысьці».








All the contents on this site are copyrighted ©.