2007-05-11 16:17:41

У Турцыi прайшла экуменiчная канфярэнцыя на тэму "Лiтургiчнае служэнне Усходняй Царквы".


У Турцыi 7-10 траўня прайшла канфярэнцыя пад назвай “Лiтургiчнае служэнне Усходняй Царквы”. У ёй прынялi ўдзел Сусветны Патрыярх Барталамей I° i галава Украiнскай Грэка-каталiцкай Царквы кардынал Любамiр Гузар.
Старшынстваваў на спатканнi бiскуп Румынскай Грэка-каталiцкай Царквы ўладыка Мiхаэл Ботэн з ЗША. З дакладамi на плянарных паседжаннях выступалi: праваслаўны епiскап Дiаклiйскi Калiстос Вейр (Вялiкабрытанiя), архiмандрыт Роберт Тафт з Папскага усходняга iнстытута ў Рыме, прадстаўнiк Каталiцкага унiверсiтэта Амерыкi а. Поль МакПартлан, а. Пётр Галадза з iнстытута iмя мiтрапалiта Андрэя Шэптыцкага ў Аттаве (Канада), святар з Украiнскай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага Патрыярхата Андрэй Дудчанка.
Прамоўцы абмяркоўвалi тэму лiтургiчнага служэння Усходняй Царквы. Кожнае плянарнае паседжанне суправаджалася дыскусiямi памiж прамоўцамi i адказы на пытаннi ўдзельнiкаў канфярэнцыi.
Першае падобнае спатканне было праведзена ў 1997 годзе ў Вашынгтоне ў рамках руху свецкiх вернiкаў i святароў дзеля арганiзацыi хрысцiянаў для вывучэння Апостальскага лiста Яна Паўла II° “Orientale Lumen” (Святло Усходу), якое было абнародвана Свяцейшым Айцом у 1995 годзе.
Падобныя канфярэнцыi праводзяцца дзеля спаткання прадстаўнiкоў праваслаўных, рыма-каталiцкiх i грэка-каталiцкiх Цэркваў, для iх супольнай малiтвы, для вывучэння традыцый кожнай са згаданых Цэркваў i дзеля наладжвання сяброўскiх зносiнаў, каб быць “Адзiным цэлым у Адной Царкве Хрыста”.







All the contents on this site are copyrighted ©.