2007-05-08 13:53:32

У Баку з'явiўся першы каталiцкi касцёл.


Рыт асьвячання новага касцёла Беззаганага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыi, першага i адзiнага каталiцкага храма ў мусульманскiм Азербайджане прайшоў у Баку 29 красавiка.
Святую iмшу ўзначалiў монс. Клаўдзiо Гуджероттi, Апостальскi нунцый у Грузii, Арменii i Азербайджане. У алтар касцёла былi закладзены рэлiквii апостала Барталамея, якi абвяшчаў Эвангелле ў гэтым рэгiёне, блаславёнага Мiкалая Чарнецкага, украiнскага пакутнiка, што загiнуў пры камунiстычным рэжыме, а таксама дона Боско, сястры Мадзарэллы i Дамiнiка Савiо. Храм пабудаваны па праекту iтальянскага архiтэктара Паоло Руджеро ў стыле “модерн” з элементамi нэаготыкi. Касцёл узведзены пры дапамозе Кангрэгацыi да спраў эвангелiзацыi народаў i шматлiкiх дабрачынцаў, сярод якiх галава мусульманскай грамады Каўказа шэйх Аллахшукур Пашазадэ, праваслаўны епiскап Баку Александр, а таксама галава юдэйскай грамады Азербайджана.
31 сакавiка Прэзiдэнт Польшчы Лех Качынскi, якi знаходзiўся ў Азербайджане з афiцыйным вiзiтам, падарыў новаму касцёлу келiх, патэну i тры званы.
Наша даведка: у Азербайджане жыве 8 млн. чалавек, 95% з iх – мусульмане. У 2000 годзе каталiцкая мiсыя тут была даручана айцам-салезiянцам са Славакii. Мiсiю, якая складаецца з шасцi законнiкаў, ўзначальвае а.Ян Чапла.







All the contents on this site are copyrighted ©.