2007-05-08 13:13:31

Сьвет першых хрысьціянаў- працяг



Наша мінулая гутарка прыпынілася на расказе-сведчанні Айца царкоўнай гісторыі, біскупа Кесарыйскага Яўсевія Памфіла, які пакінаў па сябе вялікую спадчыну і памёр у 340 годзе. Ён расказаў аб высечанай з камня выяве Ісуса Хрыста. Яўсевій апісаў групу высечаную ў палестынскім горадзе Панэя. Адну з выяваў ён палічыў выявай Хрыста і запісаў: “Кажуць, што статуя гэта выява Хрыста. Няма нічога дзіўнага, што гэтыя паганцы, якія ў мінулым атрымоўвалі ласку ад Збавіцеля, зрабілі нешта падобнае (гэта значыць зрабілі скульптуру), пасля таго мы даведаліся, што таксама знешнасць Пятра і Паўла, ды самога Хрыста захоўваецца ў некаторых малюнках. Здаецца, што сапраўды продкі былі прызвычаныя аддаваць даніну з падобнай пашанай усім каго яны лічылі вызваліцелямі”.
Нажаль тыя выявы не захаваліся. Але да нашых дзён дайшлі выявы, калі не ІІ-га стагоддзя, то па меньшай меры ІІІ-га. Перш за ўсё гэта найстаражытнейшыя выявы Пятра і Паўла, выяўленыя разам на некаторых бронзавых медальёнах, большасць якіх была знойдзена ў Рыме. Цікава, што выявы, якія б нагадвалі Хрыста, у тую ж эпоху не захаваліся. Аб’яднаныя медальёны Пятра і Паўла верагодна мелі тыя ж функцыі, што і іншыя рымскія медалі падобнага тыпу. Манетамі яны не лічыліся а мелі памятную каштоўнасць у гонар Святых Пятра і Паўла. У мінулы раз мы ўзгадвалі адзін апокрыф ІІ стагоддзя, дзе гаворыцца, як вучань Апостала Яна, Лікамед, з вялікай пашаны да свайго настаўніка заказаў яго партрэт. Вось падобным чынам у Рыме іншыя вернікі-хрысціяне ў ІІ і ІІІ стагоддзях хацелі сузіраць рысы Святога Пятра і Святога Паўла, набываючы адзін з такіх медальёнаў, дзе былі выяўлены профілі апосталаў.
Навукоўцы кажуць аб верагоднасці існавання падобных манетаў з выявай Ісуса. Але такіх манетаў ці медальёнаў не захавалася, таму нам застаецца паважаць апокрыфы Святога Яна, якія расказваюць аб тых часах. У тэксце таго апокрыфа ясна сказана, што партрэт заказаны Лікамедам, не з’яўляецца выявай Бога, але паслядоўніка Хрыста, паважанага настаўніка. Партрэт, які заказаў Лікамед і шанаваў згодна тагачасных звычаяў, з воскавымі свечкамі, на алтары і з гірляндай кветак – гэта выява яго настаўніка, апостала, чалавека. Можна меркаваць, што медальёны Пятра і Паўла адлюстроўваюць тую ж ідэю. Узгадваючы эпоху, калі аблічча Хрыста (партрэт, які адрозніваецца ад фігуры ў евангельскай сцэне), быў бы немажлівым, у той жа час адзначым, што партрэты “шаноўных настаўнікаў” (філосафаў, мудрацоў, мысліцеляў) былі справай нармальнай, як культ у гонар іх напаміну. Медальёны двух апосталаў гэта копіі рымскіх тагачасных медальёнаў, на якіх выяўлены твары ў профіль, або адзін насупраць другога, як імператары, героі, або два рымскіх боства.
Часам на рымскіх медалях, паміж дзвума профілямі выяўлялі хрысціянскі сімвал, або маленькую фігуру, якая жэстам паказвала адносіны паміж выяўленымі персанажамі. Гэтыя дадатковыя і тлумачальныя элементы былі на медальёнах Святых Пятра і Паўла ў пазнейшыя часы, у IV-м або V-м стагоддзях. Напрыклад, паміж двумя апосталамі, выява манаграмы Хрыста – перакрыжаваныя літары Х і Р – манаграма, складзеная з дзвух першых літарах грэцкага слова Хрыстос, якая паходзіць з часоў імператара Канстанціна. Падобныя выявы апосталаў з сімвалам Хрыста былі знойдзены на каляровым шкле, якое датуецца прыкладна 400 годам, а таксама высечаныя на могілкавых каменях. Аднак на тых выявах замест манаграмы Хрыста сустракаліся выявы рукі, або фігура Хрыста карануючага апосталаў. Падобнымі надмагільнымі камянямі хрысціяне паказвалі рэлігійную прыналежнасць сваіх нябожчыкаў.
Каштоўнасць тых медальёнаў была вельмі сціплай, аднак сведчанне іх вельмі значнае. Пачынаючы з IV стагоддзя пачалі з’яўляцца фігуры Пятра ў велічы, прыблізна такія як знакамітая статуя ў базіліцы Святога Пятра ў Рыме. Выяўлялі яго і як Хрыста, які нясе крыж, на якім былі сімвалы Хрыста, а таксама ў адзенні Добрага пастыра з авечкай на плячах.
Апостала Пятра таксама выяўлялі як паслядоўніка Ісуса Хрыста, у гонар напаміну. Памятныя сцэны мучанікаў Пятра і Паўла на рымскіх саркафагах папярэджвалі з’яўленне выяваў пакутаў Хрыстовых, якія былі нанесены значана пазней. Гэта надае права меркаваць, што ў Рыме ўжо існавала асаблівая іканаграфія Святых Пятра і Паўла, якая мела першаснасць, аб чым сведчаць менавіта памятныя медальёны.
Цесная сувязь паміж выявамі Хрыста і Пятра, якая пачалася ў тагачасным хрысціянскім мастацтве з IV стагоддзя, падаецца больш цікавай, чым старажытныя выявы Пятра і Паўла, якія папярэджвалі выявы Хрыста. На адной з выяваў Святога Пятра, якая адносіцца да хрысціянскага цыкла IV стагоддзя, акрамя самога Пятра, выяўлены фантан вады, якая льецца са скалы. Гэта нагадвае аб цудзе старазапаветнага Майсея і гаворыць аб духоўным аднаўленні гэтага прарока ў вобразе Пятра, аб чым сведчаць некаторыя апокрыфы. Такім чынам, першая іканаграфія Святога Пятра (і часткова Святога Паўла), цесна звязана з іканаграфіяй Хрыста і часам прынята разам з тэмай аб Майсеі. Гэты факт не павінен здзіўляць, бо менавіта Апостал Пётр наступнік Ісуса Хрыста ў кіраўніцтве першабытнай Царквой. Потым у Рыме пачалі з’яляцца нават выявы дзе выяўлены Пётр побач з Хрыстом на троне, або Хрыстос у вобразе Добрага Пастыра разам з Пятром, аб Пётр, які трымае сімвалічны хрысціянскі трафей –манаграмму Хрыста – Х і Р. Адзначым, што рымскія хрысціяне выяўлялі разам Пятра і Паўла, як мясцовых мучанікаў, якіх вельмі шанавалі і любілі. А вось выявы аднаго Пятра, павінны былі пацьвярджаць яго першасную ролю сярод апосталаў.







All the contents on this site are copyrighted ©.