2007-04-28 09:46:41

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус- працяг


Пасьля сьмерці Сталіна ў 1953 годзе палітычны рэжым у Савецкім Саюзе крыху зьмякчыўся. У прыватнасьці, зь перапоўненых савецкіх турмаў i лягераў вызвалілі многіх зьняволеных, у тым ліку двох беларускіх айцоў-марыянаў, што раней працавалі ў Харбіне. Айцец Язэп Германовіч выйшаў на свабоду ў красавіку 1955 году. Ён хацеў вярнуцца ў Беларусь, але яго выслалі ў Польшчу супраць ягонай волі. Неўзабаве прыехаў туды i айцец Тамаш Падзява. Айцец Цікота не дачакаўся вызваленьня i памёр у турэмным шпіталі непадалёк ад возера Байкал 11 лютага 1952 году. Больш дакладныя весткі пра сьмерць а. Цікоты прывёз францускі сьвятар Поль Шалей (Chaleil), які працаваў зь беларускімі сьвятарамі ў Харбіне i разам зь імі трапіў пад арышт. Ён вярнуўся ў верасьні 1955 году. Айцец Сіповіч сустрэўся зь ім 12 кастрычніка ў Рыме i запісаў усё, што Шалей ведаў пра апошнія дні Цікоты.
Усе нягоды не зламалі айцоў Германовіча i Падзяву духоўна i нацыянальна. Асабліва бадзёра, нягледзячы на свой век, адчуваў сябе Германовіч. 23 сакавіка 1956 году ён пісаў Сіповічу: «Дзіўна, што я ўсё ператрываў i нават саўсім памысна, a здароў лепш, чым перад выездам у 1932 годзе». Ён ня меў ніякага жаданьня заставацца ў Польшчы, i яму ўдалося выехаць адтуль у 1959 годзе. Айцу Падзяву давялося чакаць яшчэ дзесяць гадоў.
Айцец Сіповіч вярнуўся з Рыму ў лістападзе 1955 году разам з новым памочнікам, айцом Кастусём Маскалікам. Гэты пабожны беларус перад вайной любіў хадзіць па розных каталіцкіх i праваслаўных сьвятынях у Заходняй Беларусі i Ўкраіне. Ён правёў некаторы час у праваслаўным Жыровіцкім i грэка-каталіцкім Уніўскім манастырох. У 1941 годзе яго ўзялі ў савецкую армію, але неўзабаве пачалася нямецка-савецкая вайна. Тады Маскаліка, як былога польскага грамадзяніна, звольнілі i дазволілі ўступіць у польскую армію, якая арганізоўвалася ў Савецкім Саюзе. Разам з польскай арміяй ён пакінуў Савецкі Саюз і – праз Іран, Ірак i Палестыну – трапіў у Італію, дзе й застаўся пасьля вайны. У 1947 годзе Кастусь Маскалік паступіў у Русікум. Ён ня меў сярэдняй адукацыі, таму навука заняла ў яго больш часу, чым звычайна, i толькі 10 красавіка 1955 году ён стаў сьвятаром.
Па прыезьдзе з Рыму, 16 лістапада 1955 году, Сіповіч пісаў Гарошку: «Айцец Кастусь М. прывыкае да нас, а мы да яго. Сын вёскі ўва ўсём!» Больш пра айца Маскаліка ў лісьце за 28 сьнежня: «А. Кастусь М. маецца нязгорш, але калі я дачакаюся ад яго запраўднай помачы? – Богу ведаць. Я ня бачу ў яго ніякай ініцыятывы, a калі яе падсунеш, дык ня ведама, ці ён выпаўніць. Апэтыт мае добры... Ён ёсьць вельмі нэрвовы. Выглядае, што Русікум быў для яго не сэмінарыяй, але турмой, дзе чагосьці вучаць... Пабачым».
Праз два гады, 15 красавіка 1957 году, Сіповіч пісаў Татарыновічу: «Мой памочнік... гадуе бараду. Абмежаванасьць, упор. Штосьці стрэліць у галаву, i з гэтым носіцца, мучыцца, моліцца, але ўсё гэта па-своему, ня так як людзі... Ужо хутка два гады, а ня ўмее склеіць па-ангельску сказу. Не патрафіць з людзьмі заладзіць ніякай справы. Пішу табе i плачу ў душы, бо сярод усіх сьвятароў, якіх я спаткаў у жыцьці, такога яшчэ ня бачыў. Ён чытае брэвіяр, але ва ўсім іншым гэта – папок мужычок, каторы харкае ўпарта направа i налева, на сваіх i на чужых».
Кастусь Маскалік, чалавек несумнеўна пабожны i шчыры, быў бы напэўна добрым сьвятаром у нейкай вясковай парафіі з устаноўленым парадкам працы. Ha эміграцыі, дзе ўсё залежыць ад ініцыятывы сьвятара, у яго не хапіла ўласнай волі. Тым ня менш, хоць ад айца Кастуся і не адчувалася вялікай дапамогі, ягоная прысутнасьць у Лёндане дазволіла айцу Сіповічу паехаць на даўжэйшы час у Амэрыку. 10 верасьня 1957 году ён паплыў францускім караблём “Normandie” ў сваё першае падарожжа на амэрыканскі кантынэнт. Зразумела, адной з галоўных мэтаў быў збор грошай на куплю Марыян Гаўз. Але існавалі й іншыя, ня менш важныя прычыны. З усяе беларускае дыяспары эміграцыя ў Злучаных Штатах Амэрыкі вызначалася сваёй колькасьцю i актыўнай дзейнасьцю. Цэнтрам беларускага жыцьця стаў Нью-Ёрк, дзе жыло шмат беларускіх пісьменьнікаў i паэтаў, вучоных, мастакоў i г.д., многія зь якіх здабылі вядомасьць перад вайною на Бацькаўшчыне. У Нью-Ёрку мелі свае сядзібы такія арганізацыі, як Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне (БАЗА), Беларускі Інстытут Навукі i Мастацтва (БІНІМ) ды іншыя. Тамсама выходзілі беларускія газэты i часопісы, як Беларус, Беларуская моладзь, Запісы БІНІМ, Конадні, Веда ды інш. Досыць вялікія беларускія асяродкі знаходзіліся ў Чыкага, Кліўлэндзе, Дэтройце, Лёс-Анджэлесе, а таксама ў Таронта ў Канадзе.
Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква была параўнаўча невялікая, але добра зарганізаваная, на чале зь біскупам Васілём Тамашчыкам у Нью-Ёрку. Яна мела парафіі ў Нью-Ёрку, Нью-Брансўіку, Дэтройце, Кліўлэндзе і Таронта. Існавалі таксама праваслаўныя парафіі непасрэдна пад юрысдыкцыяй Канстантынопальскага патрыярха. Беларусаў каталікоў у ЗША жыло даволі багата, але ім не хапала зарганізаванасьці. Грэка-каталіцкая парафія ў Чыкага толькі фармавалася. У Нью-Ёрку сярод беларусаў было шмат каталікоў рымскага (лацінскага) абраду, але не ставала сьвятара. Айцец Францішак Чарняўскі, які нядаўна прыехаў з Бэльгіі, працаваў у амэрыканска-польскай парафіі i атайбаваўся даволі далёка. Перад айцом Сіповічам стаяла задача ацаніць магчымасьці пастырскай дзейнасьці ў Амэрыцы, можа й шляхам заснаваньня беларускага марыянскага законнага дому.
Айцец Сіповіч правёў шмат часу ў Нью-Ёрку. Ён жыў у сям’і Кушаляў. Францішак Кушаль – стары беларускі вайсковы i палітычны дзеяч. Ягоная жонка больш вядомая як паэтка Натальля Арсеньнева. 20 верасьня беларусы Нью-Ёрку ладзілі прыняцьце ў гонар айца Сіповіча. 26 кастрычніка прайшла зборка Нью-Ёрскага аддзелу БАКА “Рунь”, на якой а. Сіповіч зрабіў даклад пра новыя плыні ў Каталіцкай Царкве i патрэбу рэлігіі ў прыватным жыцьці. Найважнейшай падзеяй за ўвесь час, як a. Сіповіч знаходзіўся ў Нью-Ёрку, была ягоная багаслужба ў катэдры сьв. Патрыка, што на Пятай Авэню, у нядзелю 27 кастрычніка. Вось як ён апісвае яе ў сваім дзёньніку: «Выходжу да аўтара з маім міністрантам, Фр. Бартулём. Перад імшой гавару: “Гэта Імша сьв. будзе адпраўлена за ўвесь беларускі народ. Будзем маліцца за ўсіх тых, што расьцярушаныя па ўсім сьвеце, але такжа за ўсіх знаходзячыхся ў турмах, у лагерах i за беларускіх сірот...”. На пачатку імшы чуваць голас амэрыканскага сьвятара, які гаворыць праз мікрафон з амбоны. Пасьля, калі ён скончыў, граюць паціху арганы... Пасьля Імшы гавару казаньне па-беларуску. Пару асоб (не беларусаў) выходзяць з капліцы, бо не разумеюць, аб чым гавару, сп.ня Кушаль тлумачыць ім, хто мы тут усе сабраўшыся... Вечарам... прыйшоў сп. Шукелайць. Паводле яго i сп.ні Арсеньневай усе беларусы вельмі задаволеныя з Багаслужбы ў катэдры. Сп Шукелайць прынёс сьв. Эвангельле (выд. а. др. Татарыновіча), зь якога я чытаў эвангельле ў катэдры, i папрасіў падпісаць на памяць. Ён уважае, што багаслужба ў катэдры сьв. Патрыка – гэта гістарычны дзень».








All the contents on this site are copyrighted ©.