2007-04-25 14:27:45

У Беларусi пачалася кампанiя ў абарону свабоды веравызнання.


22 красавiка ў Беларусi распачалася кампанiя па абароне праў на свабоду сумлення.
Хрысцiяне розных канфесiй – католiкi, праваслаўныя i пратэстанты – а таксама прадстаўнiкi грамадскасцi, аб’яднаўшы свае высiлкi, пачалi акцыю па збору подпiсаў, каб падаць у Канстутацыйны суд краiны хадайнiцтва аб унясеннi зменаў у закон “Аб свабодзе сумлення i рэлiгiйных арганiзацыях”.
Гэты закон абмяжоўвае права хрысцiянскiх канфесiй i асобных суполак (асаблiва маленькiх i тых, што ўзнiклi нядаўна) у iх дзейнасцi па прапаведванню Эвангельля.
Ужытак гэтага закона на працягу апошнiх чатырох гадоў, якiя прайшлi з моманту яго прыняццця, сведчыць аб шматлiкiх парушэннях праў грамадзян Рэспублiкi Беларусь у галiне свабоды веравызнання. Святары розных канфесiй не толькi штрафавалiся, але нават затрымлiвалiся праваахоўнымi ворганамi за правядзенне Богаслужбаў. Чыноўнiкi сiстэматычна не даюць дазволаў на правядзенне Богаслужбаў, на пабудову культавых будынкаў. Па фармальным нагодам лiквiдуюцца рэлiгiйныя суполкi, з краiны высылаюцца святары-iншаземцы i гэтак далей.
Многiя пункты згаданага Закона супярэчаць 31 артыкулу Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, якi гарантуе кожнаму грамадзянiну краiны права на свабоднае веравызнанне. Не адпавядаюць яны таксама i шэрагу мiжнародных прававых актаў, у прыватнасцi, Агульнай дэкларацыi праў чалавека ды Мiжнароднаму пакту аб грамадзянскiх i палiтычных правах.







All the contents on this site are copyrighted ©.