2007-04-24 14:01:20

У Лёндане памёр дасьледчык беларускай культуры Гай Пікарда


У суботу ў Лондане на 76-м годзе памёр даследчык беларускай гісторыі і культуры Гай Пікарда.
Выпускнік Оксфардскага ўніверсітэта і ўніверсітэта ў Сарбоне, Г. Пікарда вывучаў творчасць беларускіх кампазітараў, жыццё і дзейнасць Францыска Скарыны, распрацоўваў гісторыю перакладаў Бібліі на беларускую мову, праблематыку гісторыі Вялікага Княства Літоўскага.
Займаўся пошукам старажытных беларускіх царкоўных спеваў і іх выданнем. Апублікаваў “Беларускі царкоўны спеўнік. Святая Літургія”, “Беларускі духоўны спеўнік”, навукова-папулярнае выданне “Царкоўная музыка на Беларусі. 989 – 1995”, уклаў анталогію беларускіх песнапенняў “Залатая Беларусь”, а таксама даведнік пра Беларускую бібліятэку імя Ф. Скарыны ў Лондане. Друкаваўся на старонках рэлігійных і свецкіх выданняў (“Божым шляхам”, “Беларус”, “The Journal of Byelorussian Studies” і інш.).
“Ён быў англа-французскага паходжання і прыйшоў да нас, беларусаў, – расказвае апостальскі візітатар для беларусаў-каталікоў замежжа айцец Аляксандр Надсан. – Яшчэ будучы студэнтам у Оксфардзе, шукаючы царкоўнай музыкі, ён зацікавіўся не толькі музыкай, але ўсёй беларускай культурай і гісторыяй, усім беларускім. І з таго часу ён жыў гэтай цікавасцю. Па прафесіі праўніка, яго найбольш цікавілі музыка і Беларусь.
Ён шмат зрабіў: і Англа-беларускае навуковае таварыства, і часопіс беларусаведы, і спецыяльныя курсы лекцыяў беларусаведы, якія ў нас тут арганізоўваліся амаль што 30 гадоў, і ягоны ўдзел у міжнародных канферэнцыях, дзе ён гаварыў на беларускія тэмы.
Апошнія 18 гадоў Гай Пікарда жыў у нашым беларускім цэнтры тут, у Лондане. Для мяне гэта страта вельмі блізкага чалавека. Яшчэ зарана, каб асэнсаваць усё, што ён зрабіў для Беларусі. А ён зрабіў шмат, зрабіў сапраўды шчыра і самааддана”.








All the contents on this site are copyrighted ©.