2007-04-24 13:53:13

Сьвет першых хрысьціянаў- працяг


 У мінулы раз мы прыпыніліся расказваючы аб параўнанні афіцыйнага рымскага мастацтва з мастацтвам хрысціянскім. Аб тым, як імперскія формы набывалі іншы сэнс адлюстроўваючы новую рэлігію і з часам самі змянялі формы. Гэта быў толькі пачатак новага мастацтва – хрысціянскай іканаграфіі – мастацтва, якое яшчэ моцна залежала ад афіцыйнага рымскага мастацтва, асабліва гэта адзначалася ў іканаграфіі судовых працэсаў, абвінавачванняў і пакаранняў. У мастацтве судовых тэмаў часта сустракаецца пакаранне праз адсячэнне галавы. Падобныя выявы паходзяць з рымскіх трыумфальных калонаў, дзе знаходзяцца сярод сцэнаў так званага “міратворчага” рымскага войска, дзе салдат, адсякаючы галаву, замацоўвае рымскі парадак. Хрысціянскія мастакі ўжывалі тыя ж іканаграфічныя схемы каб узвялічыць памяць аб мучаніках і абвясціць беззаконне Рымскай дзяржавы.
Першыя прыклады падобных выяваў, пазычаных з практыкі Рымскага ўраду, што служылі для яго асуджэння, з’явіліся яшчэ да спынення пераследвання хрысціянаў. Тры ўкленчаных невядомых мучаніка з завязанымі вачыма, гатовыя атрымаць удар мячом ад ката выяўлены на сцяне маленькай спавядальні пад касцёлам Святых Пятра і Паўла на Авентынскім узгорку ў Рыме. Шматлікія рымскія саркафагі ІV стагоддзя маюць выявы Святых Пятра і Паўла, разам і паасобку, у сцэнах іх судовых працэсаў. У той час сцэны пакаранняў і мучэнняў яшчэ не выяўлялі. Тыя першыя выявы мучэнняў апосталаў выкананы ў манеры вельмі спешнай і магчыма, што падобная недакладнасць адлюстроўвае цяжкасці, якія мелі хрысціяне ў прыняцці паняційнага перавароту аб якім мы ўжо казалі.
У традыцыйным мастацтве, асуджаных выяўлялі надаючы акцэнт іх злачынству супраць рымскага грамадзтва, таму патрабаваўся час, каб атрымалася пераўтварэнне свяшчэнных выяваў у сведчанне сімпатыі да таго, каго раней выяўлялі на месцы ворага. Гэта і ёсць прычына, на якую часта спасылаюцца навукоўцы, каб растлумачыць адсутнасць а потым рэдкасць выяваў Укрыжавання Хрыста ў позняй старажытнасці. Сапраўды, застаюцца невядомымі выявы асобаў пакараных смерцю рымскімі ўладамі праз ўкрыжаванне. У той жа час ваенныя на рэльефах рымскіх імперскіх калонаў, на панараме трыумфальнага імперскага мастацтва, выяўлены сцэны пакарання ворагаў дзяржавы смерцю праз адсячэнне галавы. Трэба сказаць, што пасля прызнання Хрысціянства адзінай рэлігіяй, што адбылося ў 391 годзе, калі язычніцтва было забаронена імператарскім эдыктам, хрысціянскія мазаікі пачалі з’яўляцца не толькі ў храмах, але і ў прыватных дамах, на вілах багатых рымлянаў. Хрысціянскае мастацтва паступова набірала моц.

У многіх хрысціянскіх храмах Усходу, напрыклад у Ліване ці Грэцыі, на працягу V і VI стагоддзяў на падлогах захоўваліся мазаікі з алегарычнымі выявамі, падобнымі на мазаікі ў сінагогах Палестыны той эпохі. Навукоўцы канчаткова не вызначыліся ў тлумачэнні тых алегарычных выяваў. Напрыканцы VIІ стагоддзя, на Саборы 695 года, візантыйскія грэкі адмовіліся ад алегарычных сцэнаў у хрысціянскіх выявах, менавіта таму што, на іх думку, цень праўды Старога Запавету не адпавядала самой праўдзе Божага Уцелаўлення. І ў хуткім часе алегарычная іканаграфія была дыскрэдытавана і канчаткова пакінута пасля нашэсця арабаў на ўсходнія правінцыі Хрысціянскай імперыі ў VIІ стагоддзі.
Калі разглядаць усе фігуратыўныя хрысціянскія выявы Антычнасці і Сярэднявечча, то можна адзначыць, што большую частку іх складаюць партрэты Хрыста, Дзевы Марыі і асобаў, што былі абраныя Богам, ад Адама і Евы і правадыроў Ізраіля Старога Запавету, да шматлікіх святых Царквы. Ніякая іншая рэлігія не надавала такой важнасці выявам як Хрысціянства, дзякуючы таму хрысціянскую іканаграфію стваралі вялікія мастакі-вернікі. Напачатку хрысціянскага мастацтва вобразы і твары былі падобнымі адзін на другі, таму і невядома ніводнага дакладна вызначанага партрэта Ісуса або святых. Але гэта не ад недахопу майстэрства. Здаецца што мастакі мелі намер асабіста нікога не вызначыць. Дзеля прыкладу можна ўзяць партрэты Пàпаў у рымскай базіліцы Святога Паўла за гарадзкімі мурамі (San Paolo fuori le mura). Іх там некалькі дзесяткаў, але адрозніць іх можна толькі па напісаных побач імёнах.
Чаму ж хрысціяне былі такімі схільнымі да памнажэння выяваў герояў іх веры поўнасцю пагарджаючы тым, што падаецца іх галоўнай характэрыстыкай? Адказ трэба шукаць у вобразе мыслення аўтараў і заказчыкаў тых выяваў, якія верагодна шукалі нейкага адрознення і вызначэння той асобы, да якой збіраліся звяртацца з малітвай. Нашы разважанні прывядуць яшчэ да аднаго пытання. Чаго шукалі ў партрэтах і выявах хрысціяне старажытных часоў? Ці магчыма вызначыць партрэты?
Магчыма, бо нашы продкі лічылі так: імя напісанае побач з вобразам, характар якога глыбока паважаеца, гэта і ёсць кароткое тлумачэнне эскіза твару, якое характэрызуе яго як партрэт. У некаторых агіаграфічных расказах, часта вельмі старжытных, гаворыцца, што выявы, якія нам падаюцца маладакладнымі, былі дастатковымі для сучаснікаў, каб вызначыць святога, які з’яўляўся ім у сне, або ў відзенні. Прыпомнім, што сучаснае мастацтва часта выяўляе тое ж імкненне, і як мастакі ранняй старажытнасці, захоўвае тую ж структуру.
Але, час нашай сёняшняй гутаркі скончыўся, і ўсіх каму цікава гэта тэма мы запрашаем паслухаць яе працяг праз тыдзень.







All the contents on this site are copyrighted ©.