2007-04-16 14:40:18

Вялiкдзень адзначылi таксама ў Сярэдняй Азii.


Вялiкодныя Богаслужбы прайшлi ў хрысцiянскiх храмах Узбекiстана.
Галоўная iмша прайшла ў ноч з суботы на нядзелю ў праваслаўнай катэдры узбекскай сталiцы. Яе ўзначалiў мiтрапалiт Ташкентскi i Сярэдняазiяцкi Уладзiмiр. Богаслужбы праходзiлi i ва ўсiх iншых праваслаўных прыходах - двух саборах, 29 звычайных цэрквах i трох манастырах.
У святочную ноч была адпраўлена Богаслужба таксама i ў новым армянскiм храме iмя Святога Фiлiпа ў Ташкенце. Яе ўзначалiў а.Геворг Варданян – адзiны святар Армянскай Апостальскай Царквы на тэрыторыi ўсёй Сярэдняй Азii.
Акрамя таго, нядзельную вялiкодную Святую iмшу ўзначалiў у Ташкенце кiраўнiк Апостальскай адмiнiстратуры ва Узбекiстане бiскуп Ежы Мацулевiч. Апостальская адмiнiстратура ва Узбекiстане была заснавана па жаданню Папы Яна Паўла II° за дзень да яго смерцi. Святочныя Богаслужбы праводзiлiся ва ўсiх пяцi каталiцкiх касцёлах краiны.
Члены розных пратэстантскiх дэнамiнацый Узбекiстана таксама правялi ўрачыстыя Богаслужбы. У Камiтэце да спраў рэлiгiй адзначаюць, што напярэдаднi свята ўся тэрыторыя, што знаходзiцца абок з храмамi была прыведзена ў парадак. Дзеля забяспечэння бяспекi вернiкаў каля рэлiгiйных устаноў было арганiзавана дзяжурства супрацоўнiкаў праваахоўных ворганаў i медыкаў.
Па дадзеных камiтэта, зараз на тэрыторыi Узбекiстана дзейнiчаюць 165 хрысцiянскiх суполак розных дэнамiнацый. Усяго ў Рэспублiцы прадстаўлена 16 рэлiгiйных напрамкаў.







All the contents on this site are copyrighted ©.