2007-04-07 14:20:08

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус ( Працяг)


Раздзел: У Гасподнім вінаградніку
Беларуская эміграцыя пасьля Другой сусьветнай вайны была першай масавай нацыянальна сьведамай эміграцыяй. Калі стала зразумела, што чакаць хуткага вяртаньня на Бацькаўшчыну не выпадае, яна пачала арганізоўваць сваё нацыянальнае жыцьцё на чужыне. У эміграцыі апынуліся вядомыя пісьменьнікі i паэты (Натальля Арсеньнева, Масей Сяднёў, Алесь Салавей), вучоныя i журналісты (Вітаўт Тумаш, Антон Адамовіч, Леў Гарошка, Станіслаў Станкевіч), кампазытары (Мікола Куліковіч, Мікола Равенскі, Алесь Карповіч), мастакі (Пётра Мірановіч, Віктар Жаўняровіч, Міхась Наўмовіч) ды інш. Яны зрабілі ўсімі прызнаны ўнёсак у разьвіцьцё беларускай культуры.
Рэлігійныя справы займалі значнае месца ў жыцьці беларускай дыяспары. Гэта было тым больш важна, што на Бацькаўшчыне рэлігійнае жыцьцё, не дарэшты зьнішчанае камуністычнай уладаю, праходзіла ў чужой беларусам форме. Праваслаўная Царква ў Беларусі падпарадкоўвалася расейскаму Маскоўскаму Патрыярхату – таму там пра казань ці навуку закону Божага ў беларускай мове нават ня згадвалі. Польскія i спалянізаваныя каталіцкія сьвятары ператварылі Каталіцкую Царкву ў Беларусі ў бастыён польскасьці. Нешматлікія сьвятары, якія адважваліся весьці пастырскую працу па-беларуску, мелі больш прыкрасьцяў ад сваіх братоў-сьвятароў, чым ад сьвецкіх уладаў. У найгоршым становішчы апынулася Грэка-Каталіцкая (Вуніяцкая) Царква. Расейскія царскія ўлады гвалтоўна зьнішчылі яе ў 1839 годзе. І надалей усе чужацкія рэжымы, якія ix замянілі, рабілі ўсё, каб ня даць ёй адрадзіцца. Такім чынам, беларускай дыяспары выпала бараніць права свайго народу чуць Вестку Збаўленьня і славіць Бога ў роднай мове, а нешматлікім грэка-каталіцкім сьвятарам і вернікам – захаваць жывою ідэю Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы.
Айцы Гарошка i Сіповіч абодва былі грэка-каталіцкімі (вуніяцкімі) сьвятарамі, або, як увайшло ў моду ix называць, сьвятарамі бізантыйска-славянскага абраду. Абодва былі беларускімі патрыётамі. Аднак цяжка знайсьці двох людзей, больш адрозных характарам i выхаваньнем. Айцец Гарошка з маленства рос ва ўсходнім (бізантыйска-славянскім) абрадзе i атрымаў духоўнае ўзгадаваньне ва Ўкраінскай грэка-каталіцкай акадэміі ў Львове. Сьвятаром ён працаваў на розных беларускіх грэка-каталіцкіх парафіях. Адрозна ад многіх іншых, ён ніколі не адчуваў спакусы стаць “бірытуалістам”, г. зн. мець права служыць у залежнасьці ад патрэбы (ці выгоды) ва “ўсходнім” ці “лацінскім” абрадах. Чалавек непахіснай веры, Гарошка зь вялікай патрабавальнасьцю ставіўся да сябе, але з шчырай спагадаю – да іншых. Ён вылучаўся зьдзіўляльнай працавітасьцю i глыбокімі ведамі, якія ўражвалі ўсіх, хто зь ім сутыкаўся. Яго блізкія знаёмцы жартавалі, маўляў, айцец Леў мае адну вялікую загану: ня ўмее адпачываць. Сваім духоўным складам ён быў вучоны i найлепш працаваў адзін. Ён мог праяўляць упартасьць i бескампраміснасьць у сваіх поглядах.
Сіповіч, з другога боку, нарадзіўся i выхоўваўся ў рымскім (лацінскім) абрадзе. Няма ніякіх доказаў, каб да 1938 году ён цікавіўся Ўсходнім Хрысьціянствам. У Рыме ён атрымаў “усходняе” ўзгадаваньне ў даволі штучнай атмасфэры Русікуму, дзе рэдка трапляўся сапраўдны расеец, i мала не хапіла, каб ён апынуўся ў Харбіне.
Сіповіч належаў да закону, які не абвінаваціш ва “ўсходнім” духу. Шмат у чым ён застаўся “лаціньнікам” у сваіх поглядах i духоўнасьці. Як сьвятар, нават атрымаўшы біскупскую годнасьць, Сіповіч застаўся “бірытуалістам”, г. зн. мог служыць у бізантыйскім і рымскім абрадах101. Ён карыстаў з гэтага права асабліва пад час падарожжаў.
Законнае жыцьцё не заўсёды давалася яму лёгка. У часе гадавых духоўных практыкаваньняў (рэкалекцыяў) 11 кастрычніка 1944 году ён зрабіў наступныя пастановы: «1) Парадак дня як найсумленьней выконваць; 2) Нічога не рабіць бяз ведама супэрыёраў (старэйшых. – А.Н.) або проціў ix жаданьням; 3) старацца пакахаць цноту паслушэнства». У верасьні 1945 году прыйшла пара разгледзець сваё стаўленьне да генэрала, г. зн. Бучыса: «Дзеля таго, што век Айца Енэрала вельмі паважны, дзеля таго, што яму можа ў чымсь i сапраўды не ўдавацца – ніколі не крытыкаваць перад другімі яго сказаў, распараджэньняў. Ніколі не займаць вострай пазыцыі, як са мной здаралася».
Сіповіча турбавала пытаньне, як сумясьціць унівэрсальны характар навукі Хрыстовай зь любоўю да свайго народу. Яно паўстала асабліва востра пасьля няўдалай спробы суіснаваньня i супрацоўніцтва ў Марыян Гаўз дзьвюх установаў – беларускай i расейскай. Ha рэкалекцыях у кастрычніку 1950 году ён узяў да разважаньня словы сьвятога апостала Паўла: “Я жадаў бы лепш сам быць адлучаным ад Хрыста за братоў маіх, родных целам ізраільцянаў” (Рым 9:3–4). Пад цытатай Сіповіч напісаў: «Israelitae [= Alborutheni]» (Ізраільцяне [= Беларусы]).
У 1952 годзе айцец Сіповіч надрукаваў у Божым шляхам цыкль артыкулаў “Рэлігійныя крывулі нашай інтэлігенцыі”. Магчыма, назоў быў ня вельмі ўдалы, ён насьцярожваў. У сваім першым артыкуле Сіповіч пісаў: «Апошнім часам на старонках прэсы i ў гутарках можна чуць нараканьні, што “нам ня вераць”, “нас ня слухаюць”. Нядобра, што ня вераць, але падумайма толькі, як могуць верыць людзям, якія... наракаюць, што на бацькаўшчыне лютуе прасьледаваньне рэлігіі, a самі тут у вольным сьвеце жывуць безрэлігійным жыцьцём; наракаюць, што на бацькаўшчыне зруйнаваныя сьвятыні, a самі тут, у вольным сьвеце, нават у тыя нешматлікія беларускія сьвятыні, якія адчынена з вялікімі цяжкасьцямі, амаль ніколі не заглядаюць?»








All the contents on this site are copyrighted ©.