2007-04-05 15:00:06

Дзейнасьць Папы у Вялікім Тыдні


Сёньня Вялікі ( ці як у нас гаворыцца Страсны) Чацьвер. Раніцай ў Катэдральных Каталіцкіх Храмах адбываецца асаблівая Сьвятая Імша на ўспамін устанаўленьня сакраманту сьвятарства. Літургія носіць вельмі ўрачысты характар. Згодна са звычаям католікаў у часе Сьвятой Імшы сьвятар блаславіць алей хворых, алей катэхэмэнаў і асьвячае алей-хрызмы. Увесь год гэтыя сьвятыя алеі будуць выкарыстоўвацца ва ўсіх касьцёлах пры ўдзяленьні сакрамантаў хросту, сьвятарскіх пасьвячэньняў, для намашчэньня хворых.
На знак лучнасьці паміж Пастырам Унівэрсальнае Царквы і ягонымі сабратамі, якія вядуць душпастырскую працу ў розных дыяцэзыях сьвету, сёньня раніцай, 5-га красавіка, ў галоўнай Базыліцы Сьвятога Пятра ў Рыме, прайшла спэцыяльная Сьвятая Імша “Крыжмы”- на знак адзінства Рымскага Папы са сваімі сьвятарамі. Папа Бэнэдыкт 16 саслужыў яе разам з кардыналамі, біскупамі і сьвятарамі прысутнымі ў гэты час у Рыме.
У гэтым годзе, як і ў мінулым, Папа Ратцынгэр не зьвярнуўся да сьвятароў з пасланьнем на Вялікі Чацьвер. Гэтым Бэнэдыкт 16 спыніў традыцыю свайго папярэдніка Папы Яна Паўла ІІ.
У 1979-м годзе Папа Вайтыла пачаў пісаць пасланьні на Вялікі Чацьвер у знак свайго асаблівага клопату аб сьвятрастве і аб праблемах сьвятарскага слу-жэньня. У гады памёршага Папы Яна Паўла ІІ пасланьні тычыліся такіх тэмаў, як сьвятарскія пакліканьні, маральны стан духоўных асобаў, духоўнасьць і цэлібат.
У сваім казаньні, пад-час адпраўленьня Эўхарыстыі, якая прыпомнім адбылася ў Базыліцы Сьвятога Пятра, Папа Бэнэдыкт 16 ў прыватнасьці сказаў:
RealAudioMP3 Рускі пісьменнік Леў Талстой расказвае пра аднаго строгага караля, які просіць ў сваіх сьвятароў ды вучоных паказаць яму Бога. Вучоныя не былі ў стане зрабіць гэтага. Тады адзін пастух, які вяртаўся з поля, сказаў сьвятарам і вучоным, што ён зробіць гэта. Пайшоў да караля ды сказаў яму: “каб адказаць на тваё пытаньне мы мусім замяніцца вопраткамі”. Кароль згадзіўся на гэта: перадаў сваю каралеўскую вопратку пастуху ды затым апрануўся ў бедную ягоную вопратку. Тады пастух гаворыць каралю: “гэта тое, што Бог робіць, тое, што ты хацеў убачыць ”. Сапраўды- сказаў Папа Бэнэдыкт 16—Сын Божы ( Сапраўдны Бог) скінуў з сябе сваю прыгожую боскую вопратку, стаўшыся слугою, падобным да звычайных людзей. Зьявіўся ў чалавечай постаці, паніжыўшы сябе.. аж да крыжовай сьмерці. Як піша Апостал Павал у Пасланьні да Галятаў: Хрыстос апрануўся ў нашую вопратку: значыць у нашыя болі і радасьці быць чалавекам, меў голад, смагу, быў змучаны ды меў расчараваньні, страх сьмерці. Ісус – сказаў Папа- перадаў нам гэтую сваю “вопратку”. Мы як сьвятары- працягваў Бэнэдыкт 16- мусім апрануцца ў Хрыста, ахвяравацца Яму так як Ён аддаў Сябе дзеля нас. Ды на заканчэньне сваёй прамовы Папа падкрэсьліў абавязкі і заданьні сьвятароў.


У гэты момант, калі ідзе ў эфір нашая праграма, Папа Бэнэдыкт 16 адпраўляе Імшу Гасподняе Вячэры ў Базыліцы Сьвятога Яна на Латэране. Сьвяцейшы Айцец абмыў ужо ногі 12-м канонікам гэтае Базылікі. Гэтым актам кожны сьвятар уключаецца ў пасланніцтва, якога запатрабаваў Хрыстос- менавіта быць слугою для сваіх братоў: бо Сын Чалавечы прыйшоў не каб Яму служылі, але каб паслужыць і аддаць сваю душу на выкупленьне многіх.
Але аб гэтых і іншых падзеях Вялікага Тыдня мы будзем больш гаварыць у нашай заўтрашняй праграме.








All the contents on this site are copyrighted ©.