2007-04-03 14:30:57

Беларусы успамінаюць Папу Яна Паўла ІІ


Santo subito” – „Ужо сьвяты” – разьвітваючыся з Папам рымскім Янам Паўлам ІІ усклікалі вернікі на пляцу сьвятога Пятра ў Ватыкане два гады таму. Сёньня мінае 2 гадавіна сьмерці адной з найвыбітнейшых постацяў сучаснага сьвету. Гэта чалавек, які зьмяніў ня толькі сэрцы многіх людзей, але й паўплываў на разьвіцьцё гісторыі.
У Беларусь Ян Павал ІІ на жаль ня здолеў прыехаць. Аднак беларусы заўсёды чула адносіліся да яго асобы, да яго навучаньня. Грэка-каталіцкі сьвятар Андрэй Крот у сваёй душпастырскай працы заўважыў, што вернікі адносяцца да Яна Паўла ІІ як да сьвятога чалавека, за прыкладам якога сучаны хрысьціянін павінен ісьці. Для многіх Ян Павал ІІ зьяўляецца аўтарытэтам.
А. Крот: Людзі часта задаюць пытаньні, хто такі рымскі папа, і навошта ён патрэбны. Зазіраючы ў гісторыю, можна знайсьці шмат нэгатыўных прыкладаў пантыфікатаў, але мы маем Яна Паўла ІІ, як зьяўляецца вельмі станоўчым прыкладам. Гэта прыклад ня толькі для хрысьціянаў, але й для ўсіх людзей добрай волі, бо ён быў адкрыты на кожнага чалавека, на кожную праблему. Гэта прыклад адкрытасьці на ўсё й на ўсіх.
Для мяне асабіста гэта быў папа ў першапачатковым сэнсе гэтага слова - тата.
Беларускія вернікі нават пасьля сьмерці Яна Паўла ІІ могуць надалей пачуць ягоныя словы, пакінутыя ім на паперы. Творы папы рымскага даступныя для беларусаў на роднай мове. Расказвае Хрысьціна Лялько з выдавецтва Pro Christo, якая таксама перакладала творы Яна Паўла ІІ на беларускую мову.
Х. Лялько: На беларускую мову перакладзеныя кнігі Яна Паўла ІІ "Пераступіць парог надзеі", "Дар і таямніца", энцыкліка „Fides et ratio", апостальскі ліст пра ружанец „Rosarium virginis Maria”, "Памяць і самасьвядомасьць", „Рымскі трыпціх” у двух перакладах - Дануты Бічэль і Рыгора Барадуліна, да выданьня рыхтуецца аўтабіяграфічны твор "Устаньце хадзем". Акрамя гэтага, ёсьць пераклады вершаў Караля Вайтылы Дануты Бічэль і Алеся Чобата.
Мне двойчы пашчасьлівілася сустрэцца з папам рымскім. Эмоцыі ад гэтых сустрэчаў застаюцца на ўсё жыцьцё. У гэтыя дні, калі мы асабліва молімся за яго бэатыфікацыю, у мяне ўзьнікла думка, што нам, сучасьнікам, Яна Паўла ІІ была дадзена магчымасьць назіраць за нараджэньнем сьвятасьці. Мы былі сьведкамі сьвятасьці, якая хадзіла па зямлі разам з намі. Ён выпраменьваў гэтую сьвятасьць. Нездарма, калі ён памёр, людзі казалі: "Santo subito" - "Ужо сьвяты", гэта сапраўды так.


Выдатны пісьменьнік Беларусі Рыгор Барадулін у свой час сустрэўся з Янам Паўлам ІІ, каб перадаць яму свой пераклад „Рымскага трыпціха”. Паэт расказвае, што гэта некалькі хвілінаў побач з папам рымскім вартыя цэлага жыцьця.
Р. Барадулін: Я нават ня думаў, што ім сустрэнуся з самім Янам Паўлам ІІ. Гэтыя хвіліны вартыя цэлага жыцьця, бо я адчуў, што гэта незямны чалавек, ад якога выходзіць боскасьць. Я быў як у чароўным сьне. Калі я размаўляў па-беларуску, то ён дасканала мяне разумеў. Папа прымаў мяне не як перакладчыка, але як беларуса й уніята.








All the contents on this site are copyrighted ©.