2007-03-27 13:40:38

З нашага цыклу "Сьвет першых хрысьціянаў"- працяг


Расказваючы аб хрысціянскім жыцці пачатку ІV стагоддзя, мы ўзгадвалі галаву Рымскай імперыі Канстанціна, першага імператара-хрысціяніна. Ён спыніў пераследванні хрысціян. Выдаў шэраг законаў з мэтай выпраўлення несправядівасці ў адносінах да хрысціянаў. У 312 годзе, у бітве каля Мільвійскага маста, Канстанцін перамог свайго саперніка Максенцыя. Існуе легенда, што перад гэтай бітвай, у сне, ён убачыў крыж, Канстанцін загадаў сваім салдатам накрэсліць на шчытах імя Хрыста, перакрыжаваныя грэцкія літары Х і Р. З таго часу і да сёняшніх дзён, тая манаграма стала адным з хрысціянскіх сімвалаў. У 313 годзе, пад час сустрэчы са сваім усходнім суправіцелем Ліцыніем, Канстанцін дамовіўся праводзіць палітыку верацярпімасці ў адносінах да хрысціян. Гэты дагавор двух імператараў увайшоў у гісторыю пад назвай Міланскага эдыкта і паклаў пачатак прахрысціянскай палітыцы Канстанціна.
Па загаду Канстанціна былі пабудаваны новыя хрысціянскія храмы ў Рыме, Ерусаліме і Канстанцінопалі (былой Візантыі), куды ў хуткім часе была перанесена сталіца імперыі. Ён стараўся прымірыць спрэчныя плыні ў хрысціянстве і менавіта пад яго кіраўніцтвам і ў яго імператарскім палацы горада Нікея, у 325 годзе сабраўся ў Першы Сусветны Царкоўны Сабор.
На думку некаторых гісторыкаў-мастацтвазнаўцаў усё гэта тлумачыцца тым, што Канстанцін меў намер вярнуцца да перашапачатковых хрысціянскіх каранёў і стварыць сапраўдную рэлігійную іканаграфію, багатую хрысціянскімі сімваламі, але без выяўлення фігураў.
Вядома і ўвага Канстанціна да палестынскіх рэліквіяў часоў зямной дзейнасці Збавіцеля і перш за ўсё да месцаў, якія ў Ерусаліме набылі святасць ад прысутнасці там Хрыста. Габрэйская традыцыя сімвалічных знакаў, што ідзе ад мастацтва сінагогі, як напрыклад сямісвечнік, была распаўсюджана ў Ерусаліме і па ўсёй Святой Зямлі, і Канстанцін надхняўся ад тых выяваў. Прыгадаем, што Канстанцін таксама зрабіў уклад і ў хрысціянскую іканагарафію.
Археалагічныя сведчанні і старажытныя запісы сведчаць аб выключна ясным рэлігійным значэнні хрысціянскай эмблемы перакрыжаваных літараў Х і Р. Гэта быў сімвал Хрыста – менавіта Хрыста а не хрысціянскай рэлігіі – ужыванне якога было магчымым толькі Рымскім войскам і яго галоўнакамандуючым – імператарам. Эмблема Хрыста была на яго шлеме і на яго штандарце, і як сімвал мела папяраджальны сэнс. Натуральна, што салдаты не хацелі адставаць ад свайго імператара і таксама ўжывалі гэтыя сімвалы.

Войска таксама выбрала гэты сімвал як абарону і заступніка. Новы сімвал Хрыста быў адначасова і сімвалам перамогі Царквы, таму паступова ён увайшоў у хрысціянскую іканагарафію, як да гэтага ўваходзілі іншыя сімвалы са старажытных пахавальных абрадаў. Адзначым таксама, што як раней ва ўжытку іншых, больш старажытных сімвалаў, крыж не быў ні тлумачэннем, ні адлюстраваннем хрысціянскіх прынцыпаў ці дагматаў веры. Яго выкарыстоўвалі дзеля напаміну, калі не для прадстаўлення, адкуплення праз Хрыста, з адной толькі заўвагай: апярэджваючы ў гэтым выпадку будучыню хрысціянскага мастацтва, абарона гарантаваная крыжом лічылася не асабістай, а калектыўнай. Гэта быў пункт гледжання Канстанціна, які выбраў калектывізм дзеля абароны свайго войска ды яго імперыі.
Айцец царкоўнай гісторыі, епіскап Кесарыйскі Еўсевій – сучаснік Канстанціна – пісаў, што ў прыёмнай зале новага палаца ў Канстанцінопалі была сімвалічная выява, якую прыдумаў сам імператар. На той карціне Канстанцін і яго сыны былі прадстаўлены як пераможцы дракона, які ізвіваецца пад іх нагамі. Гэта была выява перамогі Канстанціна ў імя Хрыста над ворагам якога ён раздавіў, ворагам гэтым было язычніцтва. Выява, іканаграфічна надхнёная Хрысціянствам і створаная па загаду Канстанціна, паказвае таксама палітычную заклапочанасць імператара і заклапочанасць аб сваёй ваеннай сіле. Прыгадаем, што і сімвал Хрыста ён надаў войску, калі яно святкавала перамогу, а імператар быў пераможцам.
Пад час праўлення імператара Канстанціна, а потым і яго сыноў, былі зроблены першыя манеты трыумфальнага характэру якія таксама можна аднесці да хрысціянскай іканаграфіі. Безумоўна гэта быў працяг і ўзбагачэнне былой рымскай традыцыі: выкарыстоўваць і замацоўваць у памяці ўсе выявы непераможнага манарха, самага моцнага на зямлі. Іх нядаўняе хрысціянства не перашкаджала гаспадарам гэтай дынастыі спрыяць падобнаму амбіцыёзнаму мастацтву. Магчыма больш чужымі для іх былі хрысціянская дабрадзейнасць і пакора. На самой справе іх вера была вымушаным крокам неабходным дзяржаве, дзе хрысціянская місія, нядаўна прызнаная, апраўдывала традыцыйныя ўстановы і заваяванні Рымскай імперыі.
І ўсё ж, у ІІІ стагоддзі Хрысціянства ўрэшце выйшла з цені. Пераследванні чарадаваліся з часамі адноснага спакою. Навяртанне ў хрысціянства імператара Канстанціна паклала канец ганенням, а падзенне храмаў ды ідалаў вызначыла канчатковую забарону язычніцтва ў 392 годзе, калі імператар Феадосій выдаў эдыкты, якія забаранялі публічнае і прыватнае адпраўленне паганскіх культаў. Язычніцкія храмы былі або разбураныя, або перабудаваныя ў хрысціянскія. Пасля складанага перыяда станаўлення, пасля мучаніцтва многіх сваіх аднаверцаў хрысціяне ўступалі ў новы гістарычны перыяд. ІV стагоддзе стала стагоддзем хрысціянства.







All the contents on this site are copyrighted ©.