2007-03-22 12:22:05

Найстарэйшаму грамадзянiну Украiны споўнiлася 116 гадоў.


Свой 116 юбiлей адзначыў 15 сакавiка самы стары жыхар Украiны сп.Рыгор Нестар з сяла Стары Ярычаў Львоўскай вобласцi.
Па словах родных, дзед Рыгор заўсёды быў вельмi пабожным, ён выконвае ўсе пасты i штодзённа молiцца. У родзе сп.Нестара былi святары i дыяканы, таму ён добра ведае лiтургiю. Таксама яму падабаецца слухаць трансляцыi лiтургii па радыё i рэлiгiйныя перадачы.
Усё сваё жыццё дзед Рыгор жыў спакойна, пасвiў кароў.
Паведамленне аб тым, што ён з’яўляецца найстарэйшым жыхаром Украiны, сп.Нестар успрыняў спакойна. А на пытанне, цi ведае ён, колькi яму гадоў, адказаў: “Дык я забываюся завязаць другi шнурок на абутку, калi завяжу першы, а вы хочаце, каб я памятаў, колькi мне гадоў. Сорак гадоў таму трэба было пытацца”.
Нягледзячы на ўзрост, дзед Рыгор трымаецца бадзёра. Аднак ён паскардзiўся, што ўжо не здольны займацца фiзiчнай працай, хаця ж яшчэ два гады таму мог пачысцiць бульбу i выканаць iншыя рэчы на кухне.
У чацьвер 15 сакавiка да юбiляра прыехалi прадстаўнiкi раённай адмiнiстрацыi i прывезлi яму ў падарунак iкону.
Спадар Нестар нарадзiўся 15 сакавiка 1891 года на тэрыторыi сучаснай Польшчы. У 1939 годзе разам з роднымi пераехаў на Львоўшчыну. Цяпер ён жыве ўжо ў чацьвёртай дзяржаве: нарадзiўся ў Аўстра-Венгрыi, маладосць прайшла ў Польшчы, сталы ўзрост – у Савецкiм Саюзе i незалежнай Украiне.







All the contents on this site are copyrighted ©.