72 гадзіны без кампрамісаў. Так назвалі сваю акцыю па дапамозе патрабуючым маладыя
католікі, лютэране і кальвіністы Венгрыі.
Святам распачалі яе ў Будапешце і іншых гарадах краіны. Маладыя жыхары Дэбрэцана,
напрыклад, пасля ўрачыстай часкі накіраваліся на руіны разбуранага пажарам будынку
і поўнасцю расчысцілі пляцоўку ад завалаў. Тры дні запар 30 тысяч юнакоў і дзяўчат
удзельнічалі ў валанцёрскіх наведаннях бальніц і хат састарэлых, дапамагалі інвалідам
і маламаёмасным сем'ям. Яны прыбіралі вуліцы і дзіцячыя садкі, паркі, дзе адначасова
рамантавалі абсталяванне, адкрывалі сталоўкі для бедных і бамжоў, пафарбавалі муры
і рашоткі, высадзілі дрэвы. Завершаннем свята салідарнасці сталіся сумесныя малітоўныя
сустрэчы і падзякі. У гутарках хлопцы і дзяўчаты адзначылі, што такая стваральная
простая праца дае не толькі карысць іншым, але і нясе шмат радасці, прыносячы маральную
асалоду. Акцыя прайшла пад кіраўніцтвам Маладзёвай экуменічнай службы і груп моладзі
каталіцкай, лютэранскай і кальвінісцкай Цэркваў.