2007-03-17 10:46:17

Хрысьціяне ў Іраку: "Мы перажываем муку Хрыста"


Сёння больш, чым калі-небудзь, падрыхтоўка да Вялікадня азначае для хрысціянаў Ірака «перажыванне мукі Хрыста», — сказаў у інтэрв’ю агенцтву Asia News біскуп Жак Ісхак, халдэйскі дапаможны біскуп Багдада і рэктар семінарыі Babel College.
Сітуацыя ў краіне вельмі складаная, але, як запэўнівае біскуп: «Паміранне з Езусам — гэта адначасова ўваскрашэнне з Ім», — пра што сведчаць натоўпы вернікаў, якія запаўняюць хрысціянскія святыні Багдада.
Babel College — адзіны тэалагічны універсітэт Ірака, які належыць халдэйскаму патрыярхату. У сувязі з тым, што на працягу вось ўжо трох гадоў у Багдадзе не спыняюцца сістэматычныя напады, крадзяжы і забойствы хрысціянаў — як духоўных асобаў, так і свецкіх — у гэтым годзе універсітэт перанесены з Багдада ў Анкаву (Курдыстан) на поўнач краіны. Біскуп Ісхак падкрэсліў, што Babel College з’яўляецца месцам надзеі і месцам сустрэч не толькі халдэйскага Касцёла, але і сірыйска-праваслаўных і асірыйскіх хрысціянаў, а таксама прадстаўнікоў іншых веравызнанняў Ірака. Студэнты жывуць і працуюць разам ужо шэсць гадоў, што з’яўляецца «вельмі канкрэтным сведчаннем экуменізму».
Надалей няма планаў перанясення са сталіцы самога халдэйскага Патрыярхату. «У Багдадзе вельмі складана, але пакінуць вернікаў, якія там застаюцца і адважна ў вялікай колькасці прыходзяць на Літургію, было б саўдзельніцтвам у нанясенні апошняга ўдару па супольнасці. Мы павінны там застацца, удзельнічаючы ў іх цярпенні. Яны патрабуюць нас, і калі давядзецца памерці разам з імі, мы, святары і біскупы, гатовыя да гэтага», — запэўніў біскуп Ісхак.
Хрысціяне ў Іраку не чакаюць, што сёлета Вялікдзень стане часам асабліва моцных нападаў. «Мы ўжо прызвычаіліся да гэтага. Кожны раз на працягу ўсяго года, калі мы выходзім з дома, то разумеем, што можам ужо не вярнуцца, але гэта не можа стрымаць нас ад далейшага жыцця», — тлумачыць біскуп Ісхак. «Мы, хрысціяне Ірака, жывем крыжам штодня, але паміранне з Езусам азначае таксама ўваскрашэнне з Ім. Сёння больш, чым калісьці, мы сапраўды можам зразумець веліч Ягонай мукі», — падсумоўвае біскуп.








All the contents on this site are copyrighted ©.