2007-03-15 14:32:31

Імша на літоўскай мове ў Менску


У трэцюю нядзелю Вялікага посту ў касцёле святых Сымона і Алены а 14.00 гадзіне для літоўскамоўных каталікоў г. Мінска адбылася святая Імша, якую цэлебраваў кс. Уладзіслаў Завальнюк, пробашч гэтай парафіі і дзекан Паўднёва-Усходняга дэканату.
На Імшы прысутнічалі прадстаўнікі Літоўскага пасольства на чале з надзвычайным і паўнамоцным паслом Літвы ў Беларусі Эдвінасам Багдонасам. Напрыканцы святой Імшы да прысутных звярнуўся біскуп Антоній Дзям’янка, Апостальскі Адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Біскуп падзякаваў групе літоўскамоўных каталікоў за іх ініцыятыву і намаганні па ўвядзенні нядзельнай святой Імшы ў сталіцы Беларусі на іх роднай мове. Дарэчы, ужо многія гады ў віленскім касцёле святога Барталамея для беларускамоўных каталікоў рэгулярна адбываюцца набажэнствы па-беларуску, якія цэлебруе кс. Ян Шуткевіч.
Пасля святой Імшы каталікі-літоўцы звярнуліся да біскупа і пробашча з просьбай арганізаваць катэхетычныя заняткі для іхніх дзяцей і моладзі ў нядзельнай школе. Відавочна, што для здаволення патрэбаў вернікаў літоўскай нацыянальнай меншасці ў архідыяцэзіі неабходны адпаведны святар. Гэта цудоўна разумеюць і вернікі, і біскуп, і ўжо ў бліжэйшы час будуць зроблены намаганні ў гэтым накірунку.
У мінулым святары-літоўцы моцна паспрыялі паглыбленню духоўнасці каталікоў Міншчыны і Магілёўшчыны, дзе ў часы існавання Рэчы Паспалітай у тагачаснай Смаленскай дыяцэзіі (на тэрыторыі сённяшніх Крычаўскага, Горацкага, Чавускага і Шклоўскага раёнаў) знаходзіліся пасёлкі, населеныя літоўцамі-каталікамі.
Сабраныя выказалі надзею на тое, што распачатая справа будзе мець працяг, а дзякуючы намаганням зацікаўленых асобаў неўзабаве літоўскамоўныя вернікі будуць мець не толькі душпастыра, але і катэхета, які будзе праводзіць заняткі рэлігіі з літоўскімі дзеткамі на іх роднай мове.








All the contents on this site are copyrighted ©.