2007-03-06 12:56:34

Сьвет першых хрысьціянаў- працяг


У мінулай нашай гутарцы мы ўзгадвалі часы пераследвання старажытных хрысціянаў па ўсёй Рымскай імперыі. Пераследваліся не толькі самі вернікі, але і іх пахавальніцы. Па сведчаннях старажытнага гісторыка Хрысціянскай Царквы Яўсевія Памфіла прэфект Александрыі Эміліян казаў біскупу таго горада Святому Дыянісію: “Ні вам, ні іншым не будзе дазволена збірацца або наведваць так званыя ў вас пахавальніцы”.
Тое ж самае казаў і праконсул Афрыкі Аспазій Патэрн Святому пакутніку Кіпрыяну біскупу Карфагенскаму: “Найсвяцейшыя імператары Валырыян і Галліен забаранілі вам сабранні, дзе б гэта ні было, і хадзіць у вашыя пахавальніцы”. Святы пакутнік Папа Рымскі Сікст ІІ разам са сваімі дыяканамі, сярод якіх быў Святы архідыякан Лаўрэнцій, быў захоплены і забіты ў катакомбах Прэтэкстата, менавіта за тое, што не выканаў указ імператара Валерыяна. У 260 годзе Рымскі імператар Галліен спыніў пераследванні і сваёй граматай надаў паслядоўнікам Хрысціянства свабоду здзяйсняць свае звычайныя набажэнствы і вярнуў ім пахавальніцы. Таму прыемнік Папы Сікста ІІ, Папа Рымскі Дыянісій І, вярнуў царкоўную маёмасць і падзяліў паміж святарамі храмы і могілкі. Імператарскі ўрад у той час не кранаў хрысціянаў, але знянацку на іх нападалі натоўпы паслядоўнікаў язычніцтва. Такія напады вымусілі хрысціянаў закрыць уваходы ў катакомбы і прахадзіць у іх праз патаемныя ўваходы. Але і гэтая мера была няўдалай.
Так, у 283 годзе, у часы імператара Нумерыяна, хрысціяне Хрысанф і Дарыя былі закатаваныя каля аднаго патаемнага ўвахода; калі ж некалькі паслядоўнікаў Хрыста прыйшлі ў тую пахавальніцу каб ушанаваць памяць гэтых двух мучанікаў, іх заўважылі язычнікі, а імператар Нумерыян загадаў заваліць уваход камянямі і пяском, каб пахаваць іх жывымі. Усе яны з жонкамі і дзецьмі там памерлі. Святы Дамас, які быў Папай Рымскім з 366 па 384 год, адкрыў тыя рэшткі, але, глыбока паважаючы іх, пакінуў некранутымі. Аднак, як ні цяжкім быў той час для хрысціянаў, хрысціяне пакідалі аб сябе памяць, няхай і ў выглядзе пахавальнага мастацтва ў катакомбах. Іншыя помнікі не захаваліся, бо па загаду ўладаў, на працягу ІІІ-га і пачатку ІV стагоддзяў разбураліся па ўсёй вялізарнай Рымскай імперыі. Выпадкова захаваныя невялікія рэшткі ды саркафагі тых часоў па большай частцы ўпрыгожаны сцэнамі Святой Тройцы і Уваскрэсення Хрыста. У ІІІ-м стагоддзі хрысціяне пачалі ствараць свае культавыя памяшканні ў катакомбах, на месцах пахавання мучанікаў і спавядальнікаў. Ужо ў тыя часы хрысціянскае мастацтва Рыма, Месапатаміі і Палестыны пачало адрознівацца і ўспрымаць мясцовыя традыцыі ды звычаі. Там пачалі складацца асабістыя школы хрысціянскага мастацтва.
Паміж іканаграфічнымі выявамі самых старажытных часоў Хрысціянства трэба адзначыць цікавую асаблівасць, якую прынесла тагачаснае культурнае жыццё. Пачалі з’яўляцца выявы Хрыста, ды іншых хрысціянскіх персанажаў, у выглядзе філосафаў, адзетых у тунікі, са скруткамі ў руках. Такім чынам азначалася, што Хрыстос быў аўтарам сапраўднай філасофіі, якую потым успрынялі яго вучні. З прычыны таго, што сапраўдныя партрэты гэтых асобаў не захаваліся, мастакі выдумвалі выразныя шляхетныя твары, адных без барады, іншых з рознымі барадамі.
Такія выявы часта сустракаюцца ў катакомбах і на саркафагах ІV стагоддзя, на іх выяўлены Хрыстос паміж апосталамі. Дарэчы, падобныя выявы былі знойдзены на мазаіках язычніцкай культуры ў Сірыі. Толькі там была выява паэта і філосафа Гамэра ў атачэнні вучняў. Што тычыцца Рыма, дык тамтэйшыя скульптуры імперскай эпохі маюць даволі падобныя голавы. А вось хрысціянскія мастакі, надхнёныя Божым Словам, надавалі тварам сваіх персанажаў пячатку высокага мыслення, натуральна захоўваючы адметныя рысы Святых апосталаў, ад якіх засталіся апісанні: Андрэя, Пятра і Паўла, выявы якіх з’явіліся ўжо ў ІІІ-м стагоддзі.
Звычайна апосталаў вакол Хрыста выяўлялі па ўзросту, ад самых старэйшых, да самых малодшых – безбародых юнакоў. Таму чарга апосталаў завершвалася Філіпам і Тамашом, якіх выяўлялі маладымі. Аднак у тую ж эпоху, перад тым як была ўстаноўлена ерархія выяваў згодна ўзросту, хрысціянскія мастакі доўгі час ужывалі іншую формулу, згодна якой, усе героі сцэны выяўляліся вельмі маладымі, амаль дзецьмі. А вось такія персанажы як Майсей, Ной, або Ісая, а тым больш Ісус або Святы Павел выяўляліся як падлеткі і без бародаў. Іканаграфія пазбаўляла іх узросту. Магчыма гэта адлюстоўвала словы блаславёнага Аўгусціна, які казаў, што юнацтва Божага Пастыра адвечнае… Айцец Царквы з Карфагена Тэртулліан (каля 160 – пасля 200), пісаў аб сябе і сваіх сабраццях па веры: “Мы з’явіліся толькі ўчора, але мы напаўняем усё...”.
Нават сярод прыбліжаных імператара Коммада, які памёр у 192 годзе, былі хрысціяне. Меньш чым за чатыры стагоддзя, ад распяцця Ісуса Хрыста да праўлення імператара Канстанціна, Хрысціянства стала дзяржаўнай рэлігіяй. Апосталы сведчылі ад дзеях Ісуса, няслі Добрую Вестку, сутыкаючыся пры гэтым са шматлікімі супраціўнікамі. У Ерусаліме Пятру супрацьстаяў юдэйскі першасвятар, у Антыохіі і Афінах Павел змагаўся з філосафамі-панганамі. У Александрыі Айцы Царквы змагаліся з першымі ерэсямі. У самым Рыме хрысціяне пераследваліся і пакланяліся сваім мучанікам у катакомбах. Аднак, негледзячы ні на што, усё больш і больш людзей навярталася ў хрысціянтсва.







All the contents on this site are copyrighted ©.