2007-03-05 10:34:56

Арцыбiскуп Братыславы прызнаўся ў супрацоўнiцтве са спецслужбамi.


Арцыбiскуп славацкай сталiцы ўпершыню афiцыйна прызнаў, што меў кантакты з агентамi камунiстычных спецслужбаў. У той жа час, адзначыў каталiцкi ерарх, “яго сумленне ёсць чыстым”, бо ён не перадаваў ворагам Царквы нiякай важнай iнфармацыi.
Арцыбiскуп Братыслаўскi Ян Сокал надрукаваў 27 лютага заяву, у якой прызнаўся, што супрацоўнiкi службы дзяржаўнай бяспекi Чэхаславацкай сацыялiстычнай рэспублiкi сапраўды прымусiлi яго пайсцi з iмi на кантакт. “Пад час гэтых спатканняў, якiя кожны раз былi для мяне зневажальнымi, - гаворыць арцыбiскуп, - я iмкнуўся захоўваць iнтэрэсы Царквы i звяртаў увагу агентаў на малаважныя рэчы”.
Да самага апошняга часу арцыбiскуп Сокал, якога ў пачатку года славацкiя СМI абвiнавацiлi ў супрацоўнiцтве з камунiстычнымi спецслужбамi, адмаўляў такiя кантакты. Яшчэ зусiм нядаўна ён сцвердзiў, што не перадаваў нiякай iнфармацыi згаданым вышей спецслужбам “нi ў вуснай нi ў пiсьмовай форме”.
Славацкая прэса зацiкавiлася монсiньорам Сокалам пасля адстаўкi арцыбiскупа Варшаўскага Станiслава Вельгуса (7 студзеня бягучага года), якi таксама быў абвiнавачаны ў супрацоўнiцтве з камунiстычнымi спецслужбамi Польшчы.








All the contents on this site are copyrighted ©.