2007-02-26 13:37:10

Ва Украiне ствараюцца цэнтры для дапамогi залежным ад алкаголю.


Цэнтры, дзе ўкраiнцам будуць расказваць аб небяспецы залежнасцi ад алкагольных напояў i як гэтага пазбегнуць павiнны распачаць сваю працу ўжо да канца бягучага года. Установы рэабiлiтацыi Царква плануе стварыць тады, калi знойдзе ахвярадаўцаў i неабходныя сродкi.
“Пакуль у нас толькi адзiн рэабiлiтацыйны цэнтр “Назарэт” каля Драгабыча. У кожнай Грэка-каталiцкай епархii павiнны стварыць кансультатыўна-асветнiцкiя цэнтры, у якiх будуць працаваць святары, псыхолагi i людзi, якiя пазбавiлiся ад алкагольнай залежнасцi i жадаюць дапамагчы зрабiць гэта iншым. Там будзе весцiся перад усiм прэвiнтыўная праца, асаблiва з моладдзю”, - сказаў доктар маральнага багаслоў’я адказны за “Рух за цвярозасць жыцця” Украiнскай Грэка-каталiцкай Царквы святар Андрэй Логiн.
Па яго словах, гэта дапаможа выхаваць новае пакаленне людзей, якiя будуць весцi цвярозы лад жыцця.
“Людзi не жадаюць падпасць пад алкагольную залежнасць. Яна надыходзiць незаўважальна i тыя, хто трапляе ў залежнасць, пазбаўляе сябе магчымасцi быць паўнацэнным членам грамадства”, - зазначыў а.Андрэй.
Алкагалiзм ва Украiне распаўсюджаны так шырока, што, па словах адказнага за згаданы вышей рух, праблему барацьбы з iм трэба паставiць на першае месца ў дзяржаве. У самой Царкве рух за цвярозасць павiнны аб’яднаць розныя камiсii. Да барацьбы з папулярнасцю спiртнога УГКЦ заклiкае далучыцца таксама i сродкi масавай iнфармацыi.
Для каардынацыi працы ў кожнай епархii УГКЦ ужо ў блiжэйшы час правядуць спецыяльныя спатканнi з журналiстамi.








All the contents on this site are copyrighted ©.