2007-02-24 13:17:15

"-...майстру ДжанАнжэло - 10 скудо за ключ да куфра ў пакоі базілікі святога Пятра , дзе жыве маэстро МікельАнжэло"-- такі кароткі запіс з ліста выплат за працу даказвае, што вялікі скульптар, архітэктар і мастак жыў сапраўды ў самім старым саборы,узведзеным імператарам Канстантынам у 4-м стагоддзі.


Італьянскія СМІ цытуюць гэты радок з каштарысу амаль паўтысячагадовай даўніны, каб данесці да шырокай аўдыторыі думку экспертаў, што вялікі майстар жыў сапраўды ў тагачасным ведамстве " Fabbrica di San Pietro", якое дагэтуль адказвае за будаўніцтва, рэстаўрацыі і ўсе работы на тэрыторыі 44 га Дзяржавы Ватыкан, аколенай старажытнымі мурамі. Цяпер на гэтым месцы знаходзіцца ватыканскі архіў. Аб месцы пражывання флярэнтыйца Мікелянжэло Буанароцці ў Рыме не было вядома нічога дакладнага. Меркавалася, што ягоны дом быў непадалёк ад будаўніцтва новага сабору. Напрацягу стагоддзяў факт існавання таямнічага пакоя Мікелянжэла нараджаў чуткі і легенды. Хутчэй за ўсё, гэта на самой справе быў невялікі пакой, куды не маглі патрапіць чужыя людзі і адкуль волат Адраджэння незаўважаным мог спусціцца па лесвіцы непасрэдна на будоўлю новай базілікі, дзе ад 1547 па 1564 гады Мікелянжэло Буанароцці быў галоўным архітэктарам . Тое, што ён у гэтым перыядзе жыў менавіта пад скляпеннямі старой, Канстантынаўскай базілікі, і пацвярджае фраза з рукапісу 1557 года, які нядаўна выявілі навукоўцы ў бясконцых ватыканскіх архівах. Прыгадаем, што будаўніцтва цяперашняй цудоўнай базілікі Святога Пятра ў Рыме - галоўнай святыні над магілай Першаапостала ўсіх хрысціянаў, вялося ад закладання першага камяню ў 1505 годзе да каланады работы архітэктара Джан Лоренцо Берніні, завершанай у 1667 годзе. У распрацоўцы праекта і карэкцыях удзельнічалі найвялікшыя дойліды Адраджэння.







All the contents on this site are copyrighted ©.