2007-02-22 14:29:33

Долю Вікі Мароз абмеркавалі ў Міляне (Італія)



У Міляне праваабарончая асацыяцыя «Сябры дзяцей» правяла першыя публічныя дэбаты, прысьвечаныя лёсу Вікі Мароз ды іншых беларускіх сіротаў, якім, паводле ўдзельнікаў імпрэзы, адмоўлена ў праве на сям’ю. У рамках дэбатаў адбылася прэзэнтацыя кнігі «Марыя і дзеці разладу. Выпадак у Кагалета».
У дэбатах у Міляне ўзялі ўдзел прадстаўнікі шырокіх колаў італьянскай грамадзкасьці — юрысты, унівэрсытэцкія выкладчыкі, псыхолягі, журналісты, сем’і, якія дагэтуль штогоду прымалі ў сябе дома беларускіх дзяцей‑сірот.
Усе яны згодныя: драматычная гісторыя Вікі Мароз, пра якую апавядаюць аўтары новай кнігі, не адзінкавая, галоўным на сёньня пытаньнем ёсьць наступнае: «Што трэба зрабіць, каб гэтыя няшчасныя дзеці‑сіроты не зьяўляліся надалей падставай для міждзяржаўнага разладу?»
У часе імпрэзы прадстаўнікі італьянскіх сем’яў выказалі занепакоенасьць, што беларускія сіроты ў выніку рашэньня ўладаў зноў не прыедуць — цяпер ужо на велікодныя вакацыі.
«Мы ўсе некалькі месяцаў шмат гаварылі пра беларускую дзяўчынку, аднак рэальна так нічога і не зрабілі, — заявіў прэзыдэнт асацыяцыі «Сябры дзяцей» Марка Графіні. — Сёньняшнімі дэбатамі мы хочам прыцягнуць увагу да парушэньня права беларускіх сірот жыць у сям’і».










All the contents on this site are copyrighted ©.