2007-02-19 13:56:23

Скаромная Нядзеля


Мы стаім на парозе Вялікага Посту. Чалавеку трэба задумацца як ён жыве, што ён зрабіў добрага альбо дрэннага, падумаць як выправіць свае жыцьцёвыя памылкі, каб з чыстым сэрцам і сумленьнем быць у 40 дзённым Пасьце, ды дачакацца Сьвятую Пасху-Вялікдзень.


Гэтае сьвята дае надзею і на нашае ўваскрэшаньне пасьля сьмерці, але дзе нашы душы будуць жыць вечна пасьля сьмерці? Гэта залежыць ад нас саміх. У Евангельлі паводле Мацьвея 25:31-46 гаворыцца пра суд над чалавецтвам і канец сьвету. ”Калі-ж прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй... і зьбяруцца перад Ім усе народы, і аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў....Тады скажа тым, што направа: прыйдзіце бласлаўлёныя Айца Майго, насьледуйце Царства прыгатаванае вам да стварэньня сьвету, бо Я хацеў есьці і вы накармілі Мяне, быў сасмаглы і вы напаілі Мяне,быў у даорозе і вы прынялі Мяне, быў голы і вы адзелі Мяне”. Тым , якія гэтага не зрабілі, заявіць: “Ідзіце праклятыя ў вагонь вечны, прыгатаваны дыяблу і слугам ягоным. Хрыстос патлумачыў, што калі чагосьці яны не зрабілі сваім блізкім, дык усёроўна, што яны не зрабілі Яму.


У Сьвятым Пісаньні запэўніваецца, што “...усім нам трэба будзе з’явіцца перад Судом Хрыстовым, каб кожны атрымаў за тое, што зрабіў будучы ў целе: добрае альбо дрэннае” (2 Карынц. 5:10). Апостал Павал адзначае: ”Пастаноўлена раз людзям памерці, а потым - суд.” Мы задумваемся, а калі будзе гэты Страшны Суд? Хрыстос адказвае: ”Аб дні тым і гадзіне ніхто ня ведае, нават ангелы нябесныя, а толькі Айцец Мой адзін” (Мацьв.24:36). Як-жа нам паводзіць сябе? У Эвангельлі, якое чытаюць усе хрысьціяне, Хрыстос патрабуе ад нас накарміць галоднага, напаіць сасмаглага, прыняць вандроўца, адзець голага, наведаць хворага і вязьня - гэта значыць, выявіць рэальную, дзейную любоў. Можна паспрабаваць зрабіць яшчэ больш добрага, але варта пачаць з гэтага.


Няхай Бог дапаможа кожнаму асэнсаваць сваё жыцьцё!










All the contents on this site are copyrighted ©.