9 лютага падчас ХХІV-й Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу «Кнігі Беларусі
– 2007» на пляцоўцы выдавецтва «Про Хрысто» адбылася прэзентацыя кнігі Яна Паўла ІІ
«Памяць і самасвядомасць» (пераклад пісьменніцы Крыстыны Лялько). Прэзентацыю
адкрыў Апостальскі Адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Антоні Дзям’янка.
«Сёння – прэзентацыя апошняй кнігі Яна Паўла ІІ „Памяць і самасвядомасць“. Паколькі
Папа Ян Павел ІІ нарадзіўся недалёка ад нас, многае ў кнізе, напісанай Вялікім Папам,
які ўвёў Касцёл у новае трэцяе тысячагоддзе хрысціянства, актуальнае і для нас. Гэтая
кніга – вялікі ўнёсак у скарбонку культуры і філасофіі. Я думаю, што яна будзе заўважана
і знойдзе сваіх удзячных чытачоў». Біскуп падзякаваў усім, хто прычыніўся да выдання
гэтай кнігі, а таксама пажадаў плённай працы дзеля ўзрастання духоўнасці нашага грамадства.
Перакладчыца кнігі Вялікага Папы пісьменніца, галоўны рэдактар каталіцкіх часопісаў
«Аve Maria» і «Наша вера» Крыстына Лялько, адзначыла: «Гэтая кніга – запавет для нас,
кніга-тэстамэнт. Ян Павел ІІ дае аналіз дзвюх таталітарных сістэмаў, якія спрычыніліся
да трагедый нашай эпохі – нацызму і камунізму. Ён не проста гаворыць пра гэтае зло,
пра вытокі гэтага зла, адкуль яно з’яўляецца ў нашым часе, у нашым жыцці, але гаворыць,
як гэтае зло пераадольваць дабром. І вось гэтая хрысціянская пазіцыя асабліва важная
для нас, яго сучаснікаў». Адзін з першых чытачоў кнігі «Памяць і самасвядомасць»
– народны паэт Беларусі Ніл Сымонавіч Гілевіч, які падзяліўся з прысутнымі сваімі
ўражаннямі ад прачытанага. Ён асабліва адзначыў якасць перакладу. «Кніга перакладзена
бліскуча, – сказаў ён. – Віншую ўсіх са святам гэтай кнігі».