2007-02-13 13:55:41

Сьвет першых хрысьціянаў ( працяг)


У нашай мінулай гутарцы мы ўзгадвалі аб недарэчнасцях, якія існавалі ў багаслужбовай практыцы першых хрысціянскіх супролак, што было натуральным, бо не былі выпрацаваныя агульныя царкоўныя сімвалы.
Збавіцель даў апосталам запавет прыймаць у Яго Царкву ўсіх пасля папярэдняга навучання ісцінаў веры. Таму апосталы, перш чым прымаць у Царкву новых сяброў, стараліся навучыць іх. Так рабіў Апостал Пётр, калі пасля Зыходу Святога Духа, навярнуў да Хрыста каля трох тысяч чалавек. Так рабіў і Апостал Павел ды іншыя апосталы. З прыкладаў папярэдняга навучання ісцінам веры, прадстаўленых у кнізе Дзеяў Апостальскіх, бачна, што такое навучанне абмяжоўвалася толькі галоўнымі ісцінамі. Апосталы казалі аб важнейшых падзеях старазапаветнай гісторыі, заклікалі да пакаяння і веры ў Ісуса Хрыста, як у абяцанага Мессію і Збавіцеля. Пасля таго, як слухачы апостальскага казання засвойвалі асноўныя ісціны хрысціянства і заяўлялі аб сваёй веры ў гэтыя ісціны, апосталы прыймалі іх у Царкву праз хрост. Такім чынам апосталы паклалі пачатак кароткаму выкладанню асноўных ісцінаў веры, якія павінен быў ведаць і прыймаць з вераю кожны, хто ўступаў у Царву.
Пасля апосталаў кароткія выкладанні ісцінаў веры, складзеныя на падставе іх пісанняў і паданняў, атрымалі ўсеагульнае ўжыванне ў Царкве і атрымалі назву сімвалаў, што значыць абразчыкаў веры. Спачатку ў першых Цэрквах не было аднаго агульнага сімвала веры; кожная мела свой сімвал. Але адрозненні былі толькі ў форме, у выразах, а не ў сутнасці навучання. Змест усіх сімвалаў – гэта навука аб адзіным і траічным Богу з дадаткамі супраць ілжэнавучанняў тых ці іншых ерэтыкоў. Вядомыя сімвалы веры Цэркваў: Рымскай, Ерусалімскай, Антыахійскай, Кесарыйскай, Гальскай, Карфагенскай, Александрыйскай ды іншых. Але ўжо ў ІІІ стагоддзі сімвалы пакрысе пачалі атрымоўваць адзіную форму. У ІV стагоддзі, на Першым Усяленскім саборы быў канчаткова вызначаны агульны для ўсіх Цэркваў сімвал веры, які стаў нібыта вынікам усяго хрысціянскага веранавучання і з якога магчыма развіццё ва ўсёй паўноце.
У супрацьлегласць язычніцкаму шматбожжу, Царква з асаблівай яснасцю павінна была вызначыць сваю навуку аб адзінстве і адзінаваладарстве Божым. Пры самым уступленні ў грамаду хрысціян кожны вернік, калі быў язычнікам, павінен быў засведчыць сваю веру ў Адзінага Бога, і таму ва ўсіх сімвалах першым пунктам стаіць навучанне аб Адзіным Богу. Потым, усе айцы і пісьменнікі Царквы, якія абвяргалі язычнікаў, з дакладнасцю раскрывалі не толькі не толькі сапраўднасць, але і неабходнасць існавання Адзінага Бога. Дзеля доказу гэтага, акрамя указанняў на Святое Пісьмо і Святое Паданне, царкоўныя пісьменнікі прыводзілі наступную думку.
Яны казалі, што сумеснае існаванне многіх багоў вядзе за сабою адмаўлення Боства ўвогуле, бо калі ёсць некалькі багоў, то яны ўзаемна абмяжоўваюць адзін аднаго, а сапраўдны Бог павінен быць бязмежным і таму адзіным.
Другі дагмат, які раскрыла Царква ў ІІ і ІІІ стагоддзях, гэта навука аб Святой Тройцы, у якім Царква зацвярджала Трыечнасць Асобаў у Боге. На падставе Святога Пісьма айцы Царквы ІІ і ІІІ стагоддзяў станоўча выказваліся аб Святой Тройцы. Яны казалі, што Бог-Айцец, Бог-Сын і Святы Дух маюць аднолькавую Боскую годнасць і называлі кожную асобу Богам. Разам з дагматам аб Святой Тройцы раскрываўся таксама і дагмат аб Асобе Ісуса Хрыста. Праз сваіх айцоў і настаўнікаў Царква станоўча сцвярджала, што Ісус Хрыстос ёсць Бог і разам чалавек, з душою і целам чалавечым. Такая навука аб Асобе Ісуса Хрыста з асаблівай паўнотай і дакладна раскрыта ў сачыненні Айца Царквы ІІ стагоддзя Мелітона Сардыйскага “Аб уцелаўленні Хрыстовым”, у гэтым творы ён напісаў:
“Тым што маюць розум не трэба даказаваць сапраўднасць таго, што рабіў Хрыстос пасля хросту, непрыхільную прывіднасць, душы і цела Яго і аднолькавасць чалавечай існасці Яго з нашай. Справы Хрыстовы пасля хросту і асабліва цуды паказвалі і даказвалі свету, што ў плоці Яго захоўваецца Боства. Як Бог і разам чалавек дасканалы, Ён явіў нам дзве сваіх існасці: Боскасць – цудамі, якія здзейсніў за тры гады пасля хросту, і чалавецтва – у тыя трыццаць гадоў, калі слабасць плоці хавала знаменні Боства Яго, хаця Ён быў сапраўдным Богам адвечным”.
Такія ж думкі развівалі і іншыя царкоўныя пісьменнікі, напрыклад біскуп Ірэнэй Ліонскі. Але пытанне аб вобразе паяднання ў Асобе Ісуса Хрыста Боства і чалавецтва не былі яшчэ раскрытыя айцамі Царквы ў ІІ і ІІІ стагоддзях. Усе царкоўныя мысліцелі тых часоў згодна прызнавалі таемства такімі свяшчэннадзеямі, праз якія нябачна паведамляецца Ласка Божая, якая адраджае, аднаўляе і асвячае чалавека, што прыняў іх. Таксама навучалі многія царкоўныя пісьменнікі, што таемствы маюць Боскае паходжанне, што здзяйсняць іх павінны ў вядомых вызначаных формах і ўпаўнаважанымі на тое асобамі. Што тычыцца колькасці патаемстваў, то ніводзін з пісьменнікаў ІІ і ІІІ стагоддзяў не кажа аб усіх таямніцах разам, але паасобку яны кажуць таямніцы хросту, еўхарыстыі, пакаяння. Урэшце, некаторыя царкоўныя пісьменнікі тых часоў заклікалі аб шанаванні святых.
З самага пачатку агульных вераванняў Царквы Хрыстовай было так, што паміж Царквою зямною і Царквою нябеснай існуюць зносіны, што святыя, якія належаць да Царквы нябеснай, сваімі малітвамі хадайніцтвуюць перад Богам за тых, што жывуць на зямлі. Гэтае вераванне зыходзіць з выказванняў Апостала Яна Багаслова ў яго Адкрыцці. А сам факт шанавання мучанікаў і іх рэшткаў у ІІ і ІІІ стагоддзях гаворыць аб распаўсюджванні навукі аб шанаванні святых.







All the contents on this site are copyrighted ©.