2007-02-03 10:20:02

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус- працяг


Раздзел: “Народы Расеi”
У 1951 годзе ў Заходняй Эўропе было шэсьць беларускіх каталіцкіх сьвятароў. Зь ix да ўсходняга (бізантыйскага) абраду належалі чатыры: Чэслаў Сіповіч у Англіі, Леў Гарошка ў Францыі, Міхась Маскалік у Паўночнай i Ўладзімер Салавей у Паўднёвай Нямеччыне; а да рымскага (лацінскага) абраду – двое: Пётра Татарыновіч у Рыме i Францішак Чарняўскі ў Францыі. У Рыме вучыліся таксама два клерыкі (сэмінарысты). На жаль, ніхто не адказваў за ўсю пастырскую працу сярод беларусаў i не каардынаваў дзейнасьць паасобных сьвятароў. Гэтае пытаньне закраналася на першым тыдні студыяў Беларускага Акадэмічнага Каталіцкага Аб’яднаньня “Рунь”, што адбыўся 16–21 ліпеня 1951 году ў бэнэдыктынскім кляштары ў Шэвэтоні (Chevetogne) y Бэльгіі. Ha тыдні прысутнічалі тры сьвятары: Чэслаў Сіповіч, Леў Гарошка i Міхась Маскалік, а таксама біскуп Баляслаў Слоскан (Слосканс), апостальскі адміністратар Менскі i Магілеўскі, які жыў тады на выгнаньні ў Бэльгіі. Біскуп Слоскан (1896–1981), латыш паводле нацыянальнасьці, паходзіў з Латгаліі, дзе жыло мяшанае беларуска-латыскае насельніцтва. Казалі, што ягоная маці была беларускай. Так ці інакш, ён добра ведаў беларускую мову. Слоскан вучыўся ў Магілеўскай духоўнай сэмінарыі ў Пецярбурзе. У 1917 годзе ён стаў сьвятаром, потым працаваў на парафіях у Пецярбурзе, Маскве i Віцебску. У 1926 годзе Дэрбіньі сакрэтна пасьвяціў Слоскана на біскупа i прызначыў апостальскім адміністратарам Менскім i Магілеўскім. Праз год Слоскана арыштавалі савецкія ўлады, i ён сем гадоў правёў у зьняволеньні (у тым ліку на сумнавядомых Салаўкох) i на выгнаньні ў Сібіры. У 1933 годзе латвійскі ўрад дамогся ягонага вызваленьня наўзамен аднаго латыша-камуніста. Пад канец Другой сусьветнай вайны, перад прыходам савецкіх войскаў, Слоскан выехаў на Захад i пасяліўся ў Бэльгіі ў бэнэдыктынскім кляштары Keizerberg (Mont César) у Лювэне. Гэта быў чалавек сьвятога жьщьця. Гады зьняволеньня, калі яму давялося сьведчыць аб сваёй веры ў Хрыста разам зь зьняволенымі праваслаўнымі біскупамі i сьвятарамі, а таксама гады выгнаньня далі яму магчымасьць глыбей уведаць i палюбіць расейскі народ, узмоцнілі жаданьне еднасьці між каталікамі i праваслаўнымі. І гэта не замінала яму з аднолькавай павагай i любоўю ставіцца да іншых, у тым ліку беларусаў. Чалавек міру, далёкі ад палітыкі, ён балюча перажываў усялякія нацыянальныя i рэлігійныя канфлікты i непаразуменьні.
Ha тыдні студыяў прысутныя там сьвятары зьвярнуліся да Слоскана з просьбай стаць апостальскім візытатарам для беларусаў. Вось як апісвае Сіповіч іхную сустрэчу ў лісьце за 31 жніўня 1951 году Татарыновічу: «Калі быў з намі ў Шэўтонь Я. Э. Балеслаў, мы ўсе тры (a. Маскалік, а. Гарошка i я) мелі зь ім доўгую гутарку аб беларускіх рэлігійных патрэбах i як ім зарадзіць. Мы такжа – перш дагаварыўшыся між сабою, – папрасілі яго быць Апостальскім Візытатарам для беларусаў, у выпадку калі нашу просьбу апрабуе Айцец Сьвяты, да каторага мы адумысловым пісьмом зьвернемся. Я. Э. Балеслаў сказаў: ён калісь, будучы на аўдыенцыі ў Айца Сьв., зрокся з годнасьці i тым самым ад абавязкаў, якія ўскладаў на яго тытул Адміністратара Менскага i Магілеўскага, i Айцец Сьв. згадзіўся, аднак дагэтуль усе монсіньёры ў Segretaria dello stato (Дзяржаўны Сакратарыят. – А.Н.) уважаюць яго за Апостальскага Адміністратара Менск. i Магга, i так яно неяк засталося. Сам Біскуп будзе тым, чым захоча Папа, а не монсіньёры, а мы прасіць можам Папу заўсёды. Гэтак нам Я. Э. сказаў. Даведаліся мы такжа, што расейцы, а нават нейкія бразілійцы жадалі б мець Б-па Балеслава i, – як ён сказаў, – прыводзяць блізу тыя самыя аргуманты, што i беларусы».
Такім чынам, Слоскан хоць i ня выказаў вялікага энтузіязму, але й не адмовіўся. Таму беларускія сьвятары пастанавілі прасіць Сьвятога Айца прызначыць яго апостальскім візытатарам для беларусаў каталікоў абодвух абрадаў. Гэта яны зрабілі ў лісьце за 11 верасьня 1951 году. Каб не дзяліцца пры малым ліку сьвятароў i вернікаў, яны прасілі аднаго візытатара для ўсіх, а не двох – для “ўсходнікаў” i “лаціньнікаў”. Дарэчы, той самай думкі трымалася Ўсходняя Кангрэгацыя. Сіповіч пісаў Татарыновічу 28 красавіка 1951 году: «Я чытаў ліст Я. Эм. Тысэрана да адной асобы ў Англіі (ліст прыватны), дзе ён разумее несуразнасьць нашых тут дзьвюх місіяў i жадаў бы расейцаў з Марыян Гаўз забраць. Другое, больш важнае, высказвае думку, што ўсіх беларусаў: усходняга i лацінскага абраду трэба аб’яднаць пад юрысдыкцыяй Усходняй Кангрэгацыі, i ў гэтай справе мае гутарыць з монс. Тардыні, а пасьля мог бы пісаць фармальна. Такжа ўспамінае аб біскупе Слоскане, які мог бы быць Апост. Візытатарам для ўсіх. Даслоўна піша: “Я думаю, што вы маеце слушнасьць, калі кажаце, што для беларусаў было б карысна быць пад адной юрысдыкцыяй. Мне здаецца, што монс. Слосканс мог бы быць візытатарам для ўсіх”»92.
Праз шэсьць месяцаў з Рыму яшчэ не прыйшло адказу на ліст беларускіх сьвятароў. 25 сакавіка 1952 году ў Лювэне адбылася ўрачыстасьць – пасьвячэньне новага беларускага студэнцкага дому. Каб выканаць пасьвячэньне, адмыслова прыехаў з Рыму кардынал Тысэран. Прысутныя на ўрачыстасьці айцы Сіповіч, Гарошка i Чарняўскі пастанавілі скарыстаць з нагоды i зноў паспрабаваць зрушыць справу з апостальскім візытатарам. Вось што піша айцец Сіповіч у лісьце за 31 сакавіка айцу Татарыновічу: «Пасьля ўрачыстасьцяў мы, сьвятары, пастанавілі спаткацца з Я. Э. Балеславам i Я. Эм. Тысэранам. Гэтак i зрабілі, каб выясьніць найважнейшую справу – Апост. Візытатара для беларусаў. Я. Э. Балеслаў сказаў наступнае: быў ён выкліканы да Бэльгійскай нунцыятуры (мусіць, “да Ватыканскай нунцыятуры ў Бэльгіі”. – А.Н.) i там яму паказалі грамату з Рыму, у якой Рым пытаўся, ці ён згодзіцца быць Візытатарам Апост. для беларусаў двох абрадаў? Гэтае пытаньне, – як выясьніў сам Б-п, – было простай фармальнасьцю, бо на падобныя прапановы згадзіцца трэба. Б-п быў у нунцыятуры дн. 9 студзеня г. г., i ад таго часу да сяньня ён нічога яшчэ не атрымаў. У чым жа тут справа? Ён гутарыў з Кард., i той сказаў, што патрэбна ня толькі згоды Ўсходняй Кангрэгацыі, але такжа i Кансыстарыяльнай, бо Б-п Балеслаў назначаецца і для лаціньнікаў. Усходняя Кангрэгацыя паслала адпаведны ліст у Кансыстарыяльную, але яшчэ няма адказу. Назаўтра пашлі мы (выбач, у той самы дзень пасьля абеду) да Я. Эм. Ён пацьвердзіў усё тое, што сказаў Бп Балеслаў, дадаючы, што перад сваім выездам з Рыму ён паслаў другі ліст у Кансыстарыяльную Кангрэгацыю, але ня меў яшчэ адказу. Значыць, справа пашла далёка, але яшчэ ня скончаная, i я вельмі баюся, каб яна дзе не ўвязла».








All the contents on this site are copyrighted ©.