2 лютага ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца свята Ахвяравання Пана, якое традыцыйна
называюць яшчэ святам Маці Божай Грамнічнай, або Грамніцамі. У гэты дзень у літургіі
ўспамінаецца прынясенне Дзіцятка Езуса ў святыню для выканання абраду ахвяравання,
прадпісанага законамі Старога Запавету (гл. Лк 2, 22-39). Такім чынам, ужо ў самым
пачатку зямнога жыцця Збаўцы Бог сведчыць, што Езус прыйшоў у свет не парушыць закон,
а выканаць яго (пар. Мц 5, 17). Гэтае свята, вядомае яшчэ з хрысціянскай старажытнасці,
заўсёды мела падвойны характар, бо яно адначасова з’яўляецца і святам Пана, і адным
з найбольш папулярных марыйных святаў. Ва ўсходняй традыцыі яно называецца «Стрэчаннем»,
бо ў дзень, калі Марыя з Юзафам прынеслі Дзіцятка Езуса ў святыню, Месія ўпершыню
сустракаецца са сваім народам. Згодна з апавяданнем евангелістаў, першымі людзьмі,
якія сустрэлі Пана, пазнаўшы ў маленькім Дзіцятку самога Хрыста, былі прарок Сімяон
і старая ўдава па імені Ганна, якая няспынна прабывала ў святыні. У свята Ахвяравання
Пана ва ўсіх касцёлах Беларусі праходзяць святочныя набажэнствы. На пачатку святой
Імшы адбываюцца працэсіі са свечкамі, падчас якіх спяваецца песня Сімяона: «Цяпер
па слову Твайму, Пане, адпускаеш слугу Твайго ў супакоі. Бо вочы мае ўбачылі Тваё
збаўленне, якое Ты падрыхтаваў перад абліччам усіх народаў. Святло на асвятленне паганаў
і славу народа Твайго, Ізраэля». Свечка — сімвал Хрыста, які прынёс святло
вечнай Праўды ўсім народам. А на Грамніцы свечка таксама сімвалізуе Марыю, пакорную
слугу Пана, поўную ласкі, у душы якой заўсёды гарэла святло веры, надзеі і любові.
Яна была першай, якая паверыла, і таму Бог бязмежна ўзвысіў Яе. Але прынесшы Дзіцятка
Езуса ў святыню, з вуснаў Сімяона Марыя пачула пагрозлівае прароцтва пра тое, што
«меч пройдзе праз Яе душу» (пар. Лк 2, 34). Прарок прадказаў Марыі вялікую
таямніцу Яе жыцця — удзел у адкупляльнай справе Яе Боскага Сына. Гэтае прароцтва спраўдзілася
тады, калі Марыя стаяла пад крыжам Хрыста, і ў сваёй душы падзяляла Яго цярпенне за
збаўленне свету. Асвячаныя ў гэты дзень свечкі называюць «Грамнічнымі», бо іх
запальваюць у час навальніцаў, якія суправаджаюцца моцным ветрам, маланкамі і грымотамі,
каб апека Маці Божай выратавала ад небяспекі стыхіі. Запаленую грамнічную свечку таксама
даюць у рукі паміраючаму, каб Найсвяцейшая Панна Марыя прывяла яго душу ў неба.